Папярэдняе размеркаванне праходзіла ў канцы студзеня, канчатковае будзе ў красавіку.

Дзяўчына, якая цяпер праходзіць практыку ў дзяржаўнай структуры, расказвае, што на кафедрах па-рознаму рыхтавалі маладых людзей да папярэдняга размеркавання. 

«На нашай нагадалі за некалькі дзён пра яго [размеркаванне], былі выпадкі, калі загадзя казалі, што калі не будзе заявак, то мы адправім вас працаваць у вёску. Гэта значыць, што пажадана размеркаванне знайсці сабе самому і ўзяць заяўку ад СМІ. Усё прайшло хаатычна. Выклікалі нас па сярэднім бале, па групах. У аўдыторыі сядзела дэкан, яе намеснік, усе загадчыкі кафедр.

Шмат хто з маіх аднагрупнікаў ідзе ў Белтэлерадыёкампанію, на СТБ, у БелТА. Некалькі — у «Дом прэсы», на радыё, у часопіс «Маладосць». Чула, што патрэбныя людзі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», «Настаўніцкую газету», але не ведаю, ці пайшоў туды нехта.

З намі яшчэ размяркоўваліся магістранты, шмат хто з іх быў без заявак», — кажа студэнтка.

Па словах дзяўчыны, у яе групе няма людзей, якія б хацелі працаваць у дзяржаўных СМІ. 

«Калі людзям трэба атрымаць вышэйшую адукацыю, то на гэты момант з размеркаваннем давядзецца змірыцца. Альбо яшчэ варыянт — першапачаткова паступаць на платнае аддзяленне. Многія цяпер забіраюць дакументы, некаторыя хочуць гэта зрабіць. Але ёсць выключэнні, некалькі чалавек на курсе, якія хочуць працаваць у дзяржаўных структурах», — кажа дзяўчына.

Яшчэ адзін студэнт, які прыйшоў на папярэдняе размеркаванне без заўкі, расказвае, што, калі ёсць дамоўленасць з дзяржаўным СМІ, то ў камісіі няма ніякіх пытанняў.

«Усе ведалі, куды пусціць могуць, а куды не. На аднаго чалавека сыходзіла дзве-пяць хвілін. Расказваеш свае варыянты, іх каментуюць і адпускаюць. У асноўным у мяне з группы шлі ў Белтэлерадыёкампанію, на тэлеканал «Мір». У калідоры нават размоў не чуў пра прыватныя СМІ. Здаецца, ніхто не спрабаваў, навучаныя жыццём. Назаву такую тэндэнцыю цікавую. Вось працуе ўжо студэнт у дзяржаўным СМІ, потым кіраўніцтва даведваецца, што погляды супрацоўніка не супадаюць з іх поглядамі, і звальняюць.

Ёсць выпадкі, калі хацелі даць заўку, але чалавек не прайшоў ідэалагічную праверку. У маёй групе пакідалі не мінскіх на практыку ў сталіцы пры ўмове, што мы абавязкова пойдзем на рэферэндум», — кажа хлопец.

Па словах студэнта, які вучыцца на гэтым жа курсе, у яго групе была лёгкая паніка. Першапачаткова іх папярэдзілі, што будуць размяркоўваць у дзяржаўныя структуры і па профілі. 

«То-бок, пайсці ў Дом культуры арганізатарам не атрымаецца. У маёй групе заявак было няшмат, ніхто не ведаў, што рабіць пры такіх умовах, у якіх мы цяпер усе жывем. Нас, бюджэтнікаў, размеркавалі па сярэднім бале. У каго вышэйшы, той заходзіў першы.

Я сам не з Мінска, заяўкі ў мяне не было. Дэкан адразу спытала, адкуль я, і пачала пералічваць рэгіянальныя СМІ, якія ёсць у маім раёне. Я быў там крыху больш за хвіліну. Мы засякалі потым па таймеры, хто хутчэй выйдзе.

Адна дзяўчына была некалькі секунд, у яе была заяўка на тэлеканал «Беларусь 2». Яна робіць забаўляльны кантэнт. У яе такая пазіцыя, што іншых пляцовак няма, і гэта адзінае, чым яна можа займацца. На радыё «Мір» ішла яшчэ адна знаёмая. Я да гэтага працаваў на радыё, але ў заяўцы мне адмовілі з-за «прафнепрыдатнасці», не адпавядаю палітыцы партыі.

Ведаю, што адзін чалавек хацеў пайсці прэс-сакратаром у Купалаўскі тэатр, заяўкі не было. Камісія адказала, што той паедзе на размеркаванне ў свой горад, калі не будзе ніякай заяўкі з Мінска», — дзеліцца студэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1