Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

Актыўныя баявыя дзеянні на Данбасе праходзілі ў 2014 — 2015 гадах. Пачаліся яны са спробы расійскіх сіл захапіць Данбас следам за Крымам. Пачынаючы з 2015-га і да 24 лютага 2022-га кантактная лінія практычна не змянялася. Адпаведна, у ВСУ, якія паводле расійскай прапаганды адказныя за «генацыд», не было доступу да тэрыторыі кантраляванай ДНР.

2016 год

У дакладзе ўпаўнаважанага ДНР па правах чалавека прысутнічаюць такія звесткі: з 1 студзеня па 1 снежня 2016 года ў ДНР загінула 314 чалавек, з якіх 303 мужчыны, 11 жанчын, загінула трое дзяцей. У дакладзе не адзначана, колькі з загінулых мужчын былі вайскоўцамі, а колькі — цывільным насельніцтвам. Але сама прапорцыя мужчын і жанчын сведчыць, што гаворка была пераважна пра сутыкненні на фронце.

У тым жа дакладзе адзначаецца: «Колькасць загінулых істотна скарацілася, гэта звязана са зніжэннем эскалацыі канфлікту, а таксама дамоўленасцямі аб спыненні агню, прадугледжанымі комплексам мер па выкананні Мінскіх пагадненняў».

Упаўнаважаная ДНР па правах чалавека Дар'я Марозава.

2017 год

На працягу 2017 года колькасць загінулых вайскоўцаў склала 222 чалавекі, мірных грамадзян — нібыта 32 чалавекі. Сярод загінулых — 13 жанчын і двое дзяцей. Ізноў жа доля, жанчын і дзяцей указвае на тое, што баі ішлі на фронце.

«Колькасць жыхароў Данецкай Народнай Рэспублікі, якія загінулі ў выніку ўзброенай агрэсіі з боку Украіны ў 2017 годзе зменшылася на 94», — адзначаецца ў дакладзе.

2018 год

Па стане на 1 снежня 2018 года загінулі 135 вайскоўцаў і 19 цывільных. Сярод загінулых 10 жанчын і 5 дзяцей.

2019 год

За 2019 год загінула 160 чалавек — 154 мужчыны і 6 жанчын. Сярод загінулых 151 — гэта вайскоўцы, 9 — цывільныя асобы.

У дакуменце адзначаецца, што з ліпеня 2019 было дасягнута стабільнае перамір’е.

2020 год

У дакладзе за 2020 год адзначана: «За перыяд з 1 студзеня па 1 снежня 2020 года на тэрыторыі Данецкай Народнай Рэспублікі ў выніку ўзброенай агрэсіі з боку Украіны загінула 39 вайскоўцаў рэспублікі і 5 грамадзянскіх асоб. Такім чынам, 2020 год вызначыўся самым нізкім паказчыкам смяротнасці за ўвесь перыяд узброенага канфлікту. Падобны прагрэс стаў шмат у чым магчымы дзякуючы ўступленню ў сілу з 27 ліпеня 2020 дадатковых мер рэжыму бестэрміновага спынення агню паміж ДНР і дзяржавай Украіна».

Як відна, агульная колькасць загінулых мела тэндэнцыю да змяншэння год ад году, а большая іх частка — гэта менавіта вайскоўцы, а не цывільнае насельніцтва. Гэта сітуацыя пры ўсёй трагічнасці не мае нічога супольнага з генацыдам, а раздзіманне гэтай тэмы неабходнае Расіі выключна для апраўдання агрэсіі супраць Украіны.

Але не трэба забываць, што корань праблемы на Данбасе — спроба Расіі адарваць гэтую тэрыторыю ад суверэннай Украіны. Нагадаем, што сама Расія падаўляла спробу Чачні аддзяліцца з нашмат большай жорсткасцю. Грозны пасля чачэнскай вайны быў проста сцёрты з зямлі. Данецк і Луганск жа ўяўляюць сабой нармальна функцыянуючыя гарады.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру