Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.

Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Яны трапілі пад каток рэпрэсій за сваю журналісцкую дзейнасць.

Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашы калегі пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі. 

Справу вядуць пракурор Мікалай Дзяцел і суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Для пасяджэння была абраная маленькая зала. У першы дзень суда 28 лютага пусцілі толькі 12 чалавек, з іх 6 сваякоў. Прыйшлі таксама замежныя дыпламаты. 

«Першы дзень быў дастаткова фармальным. Паслухалі паказанні пазоўніка з «Мінскводаканала», які тлумачыў, як менавіта была нанесеная шкода, але шмат чаго ён не ведаў, блытаўся. То нават сказалі, каб прыслалі таго, хто можа патлумачыць усё, — расказвала «Радыё Свабода» Паўліна Скурко, жонка Андрэя. —

Хлопцы сімпатычныя: Андрэй надзеў байку з Мікалаем Радзівілам «Чорным», Ягор — майку з надпісам «Радзіма». Суддзя нават палохала іх адміністрацыйнай адказнасцю за перамаўленне між сабой. Вясёлыя яны нават, я б сказала».

Юрыст «Мінсквадаканала» блытаўся, калі адвакаты задавалі яму пытанні. Па версіі следства, «злачынны» перыяд цягнуўся з мая 2017 года да чэрвеня 2021-га, але шкоду нашаніўцам налічылі дадаткова за ліпень і жнівень 2021-га, калі нашы калегі былі пад вартай. Да моманту завядзення крымінальнай справы прэтэнзій не было.

Другі дзень, 2 сакавіка, пачаўся з жартаў ад нашых хлопцаў.

«У зале прысутнічаюць прадстаўнікі СМІ?» — спытала сакратар «суда».

Ягор: «Так».

Андрэй: «У клетцы».

Усе ўсміхнуліся, уключна з работнікамі суда.

У залу суда гэтым разам прапусцілі толькі 7 чалавек, а не 12, «у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй».

На трэці дзень, 3 сакавіка, працягнулі апытваць сведак. Адной з іх была пашпартыстка. Ёй задалі пытанне, ці не з’яўляюцца абвінавачаныя ёй сваякамі. Яна стала пільна ўглядацца ў твары хлопцаў, яны засмяяліся, нехта ў зале таксама засмяяўся. Суддзя ўсіх прысутных за гэта выгнала, фактычна зрабіўшы пасяджэнне закрытым.

4 сакавіка вывучалі матэрыялы справы. Але не ўсе з іх на пасяджэнні змаглі разгледзець — некаторыя дыскі не запускаліся.

Нашаніўцы не пагадзіліся з прад'яўленым абвінавачваннем.

Ягор Марціновіч распавёў, што адказваў за працу журналістаў і не ўнікаў у адміністрацыйныя пытанні.

«Я займаўся рэдактарскай працай, я атрымліваў свой заробак і па вялікім рахунку мне было ўсё адно, хто па якім тарыфе і як аплачвае тую ці іншую кватэру», — сказаў Ягор Марціновіч, яго цытуе Zerkalo.io. 

Ён падкрэсліў, што ніколі не трымаў у руках жыроўкі па прадпрыемстве.

«У абвінавачванні сцвярджаецца, што ў памяшканні па адрасе вуліца Кальварыйская 16/4 знаходзіўся офіс прадпрыемства «энэнбай», заснавальнікам якога я з’яўляюся. Гэта не так. Калі я рэгістраваў арганізацыю ў маі 2020 года, я адразу ўказаў у якасці юрыдычнага адраса сваю кватэру, адпаведна, там і знаходзілася маё месца працы. Паколькі УП было зарэгістраванае ў жылой кватэры, то і камунальныя паслугі я аплачваў па большых тарыфах. У «энэнбай» у розны час працавала два-тры чалавекі. Апроч мяне, бухгалтар Вольга Раковіч, якая працавала ў сваёй арганізацыі, «Гільдыі бухгалтараў», і менеджары па рэкламе, якія працавалі з дома, без адрыву ад свайго асноўнага месца працы. Офіса «энэнбай» на Кальварыйскай адназначна не магло быць», — казаў на пасяджэнні Ягор Марціновіч.

Ён адзначыў, што не мог прыняць рашэнне аб рэгістрацыі або нерэгістрацыі юрыдычнай асобы ў кватэры на Кальварыйскай, бо не быў яе ўладальнікам.

«Я не мог пераводзіць кватэру ў нежылы фонд, хоць, наколькі я зразумеў з паказанняў сведак, гэта было і немагчыма. Усё гэта маглі рабіць толькі ўласнікі кватэры, а не я. Нават калі б мне было вядома аб магчымай незаконнай дзейнасці, ад мяне гэтая сітуацыя ніяк не залежала. Адзінае, што я мог зрабіць, — кампенсаваць нанесеную шкоду, нават не спрачаючыся пра карэктнасць, справядлівасць і праўдзівасць падлікаў. Віны ў папярэдняй змове я прызнаць не магу, бо яе не было. Але калі паўстала неабходнасць заплаціць шкоду, я пагадзіўся гэта зрабіць. Гэта ўсё, што я магу сказаць па гэтай сітуацыі».

Андрэй Скурко выказаўся ў судзе пра безгрунтоўнасць прад'яўленых абвінавачванняў:

«Я лічу, што не нанёс маёмасную шкоду прадпрыемствам «Мінскэнерга» і «Мінсквадаканал». Аплата па тарыфах, пазначаных у абвінавачванні, юрыдычна не магла ажыццяўляцца, бо кватэра не была выведзеная з жылога фонду. Больш за тое, юрыдычна вывесці яе з жылога фонду было немагчыма, грунтуючыся на дзейным заканадаўстве. Кватэра знаходзіцца на пятым паверсе, адпаведна, немагчыма было дабудаваць у яе асобны ўваход. Пры гэтым розніца тарыфаў залежыць менавіта ад статусу памяшкання — жылое ці нежылое, а не ад таго, хто яго эксплуатуе — фізічная ці юрыдычная асоба».

Пракурор у судзе заявіў, што віна фігурантаў пацвярджаецца паказаннямі сведак, выпіскамі па аплаце камунальных паслуг, білінгам і тэлефоннымі размовамі, зарэгістраванымі ў офісе, фота і відэа з рэдакцыі.

Прысуд агучаць сёння ў 14:30.

Нашаніўцаў затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той дзень за кратамі аказаліся чацвёра: Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько і бухгалтарка Вольга Раковіч. Дваіх апошніх праз 10 дзён адпусцілі. У дачыненні Вольгі Раковіч праз пэўны час крымінальны пераслед спынілі.

Пры затрыманні Ягора Марціновіча білі па галаве, у СК да яго выклікалі хуткую. У кастрычніку стала вядома, што ў галоўнага рэдактара пагоршыліся ўмовы ўтрымання. У яго камеры было 19 чалавек, сама камера — у падвальным памяшканні, без акна, толькі з невялікім праёмам пад столлю, — вось і ўся вентыляцыя. Сітуацыю ўскладняў сезон рэспіраторных захворванняў.

З-за кратаў Ягор Марціновіч дасылае лісты з успамінамі пра падарожжы (ён аб’ехаў амаль усе раёны Беларусі) і словы падтрымкі беларусам, а Андрэй Скурко — цудоўныя дзіцячыя вершы і філасофскія развагі. У СІЗА яна правялі свае дні народзін.

Вы можаце падтрымаць нашаніўцаў лістамі.

СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, 220030, г. Мінск

Марціновічу Ягору Аляксандравічу,

Скурко Андрэю Генадзевічу.

«Пры дыктатуры калі ты найлепшы, па табе будуць біць». Калегі расказваюць пра Ягора Марціновіча, сёння ў яго дзень народзінаў

«Гэта ўсё мінецца, а мы застанёмся». Сёння дзень нараджэння Андрэя Скурко. Пачытайце, што піша ён у апошніх лістах, і раней невядомыя факты пра яго

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру