«Канвойныя крычалі на нас: «Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых забівалі на Данбасе?»

Дзяніс (імя змененае ў мэтах бяспекі) 27 лютага прагаласаваў на сваім участку і вырашыў прагуляцца са знаёмымі па праспекце Незалежнасці. У жанчын на сумачках былі маленькія жоўта-блакітныя стужкі.

«Не ведаю, ці гэта было прычынай затрыманьня. Я шчыра не збіраўся на акцыю, бо ўжо быў на «сутках» і не хацеў зноў туды. Але каля нас спыніўся мікрааўтобус, выскачылі супрацоўнікі АМАП, і нас павезлі спачатку ў Цэнтральны, адтуль у Партызанскі РУУС. На мяне склалі пратакол. Нібыта я крычаў «Не — вайне» і «Не — канстытуцыйнаму рэферэндуму». На судзе выступаў «штатны сведка» — міліцыянт з Партызанскага РУУС, які чуў нібыта, што я крычаў. Ён сведчыў на мноства людзей», — расказаў Дзяніс.

Ён атрымаў 15 сутак.

«Пакаранне» адбываў у Жодзіна. «Прымалі нас там даволі жорстка — білі, але не скажу, што моцна. Неяк слаба. Больш каб прыстрашыць. Размаўлялі яны мацюкамі. Крычалі на нас рознае. У тым ліку і «Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых людзей забівалі на Данбасе?». У камеры на чатырох нас было 16 чалавек — роўна ў чатыры разы больш. Камера была 12 квадратных метраў. Значыць, на чалавека не было і метра. Натуральна, ані перадач, ані падушак, бялізны, матрацаў. Не было нават туалетнай паперы. Ваду пілі з-пад крана», — кажа жыхар Мінска.

«Паклалі тварам у падлогу, бегалі і тапталіся па нас»

4 сакавіка адзначаецца Дзень беларускай міліцыі. Не прапусцілі свята і канвойныя.

«Яны святкавалі так: сярод ночы выцягвалі людзей з камер — тых, якія ці абураліся раней, ці скардзіліся, ці проста ім не падабаліся, адводзілі ў душ і білі там. Да нас уварваліся ноччу, паклалі тварамі ў падлогу, бегалі па нас, тапталіся, білі. Але было адчуванне, што рабілі гэта не на ўсю моц, а так, быццам адпрацоўвалі ўказанне зверху. Крычалі, абражалі… Такое адчуванне было, што гэта нейкая калгасная бойка», — кажа Дзяніс.

Ён распавядае, што людзі ў камеры адрознівалася ад тых, з кім ён сядзеў у 2020 годзе за ўдзел у акцыях.

«Каля траціны былі выпадковыя людзі. Тыя, хто выходзіў з тралейбуса, ішоў у кіно, трапіў выпадкова ў месца «зачысткі». Яны далёкія ад палітыкі. Сваё затрыманне ацэньвалі як няшчасны выпадак. Пасля сутак, сказалі, што будуць больш пільнымі ці з'едуць з краіны. Былі ў нас людзі, якіх мы называлі «фатографамі». Гэта тыя, хто сфатаграфаваў бюлетэнь, а старшыня камісіі, пачуўшы, што тэлефон шчоўкнуў, — выклікаў міліцыю. Была група тых, каго ўзялі яшчэ да рэферэндуму. Гэта работнікі паліграфічных фірмаў — на іх перад рэферэндумам была аблава, шукалі тых, хто можа рабіць улёткі. Была група, каго ўзялі за кветкі ля ўкраінскай амбасады. Былі тыя, каго ўзялі сем’ямі — муж з жонкай, браты, маці і сын», — падзяліўся Дзяніс.

У яго склалася ўражанне, што з трох групаў канвойных, якія кожныя тры дні змяняліся, толькі адна група была надта жорсткай: не давалі сядзець на ложках, абражалі, білі.

«Астатнія былі, здаецца, адэкватнымі. Дазвалялі нават адкрыць акно, давалі паперу. Першая група, самая жорсткая, была ў масках. Дзве астатнія — без масак, яны паводзілі сябе нармальна», — кажа мужчына.

«Канвойныя білі людзей з асабістай непрыязі»

Віктар (імя змененае) прыйшоў 27 лютага галасаваць на ўчастак у мінскай школе. На бюлетэні ён пакінуў надпіс, але рабіў гэта не дэманстратыўна.

«Можа быць, у камісіі хто заўважыў, не ведаю. Але да мяне падышлі двое ў цывільным і павезлі мяне «пагутарыць». У РУУС склалі ліпавы пратакол, што я крычаў — нават не там, дзе мяне затрымалі, — «Жыве Беларусь», «Слава Украіне» і «Не — вайне». Першую ноч я правёў на Акрэсціна ў камеры, дзе на 6 месцаў было 14 чалавек. Прычым там было шмат смецця і клапы. На другую ноч, пасля суда, нас запіхнулі ў камеру сорак чалавек! Там правялі ноч — і нас павезлі на Жодзіна», — кажа Віктар.

Ён атрымаў 15 сутак. У камеры ў Жодзіна, разлічанай на 8 чалавек, сядзелі 32.

«Ні матрацаў, нічога. Жалезныя нары, халодная падлога з пліткі. Стаялі, сядзелі, спалі па чарзе. Туалетную паперу далі адзін раз. Другі раз у якасьці яе далі газету «СБ. Беларусь сегодня». Канвойныя былі ў балаклавах. Калі ім нехта не падабаўся, выводзілі ноччу і білі. Ім не падабаліся тыя, хто абураўся, не падабаліся тыя, хто меў пафарбаваныя валасы ці быў спартоўцам, ці выхаваным чалавекам. Яны і маральна здзекаваліся, і білі. Прымушалі прысядаць, скакаць. Неяк нас павялі ў душ — 60 чалавек на 4 кабінкі, з кавалачкам мыла. Вада была халаднаватая. Мы там таўкліся, а канвойны адчыніў душ і заліў нас газам. Ён нічога не тлумачыў. Можа быць, мы шумелі, і яму не спадабалася. У людзей пякло ў вачах, яны кашлялі, некаторыя атрымалі апёкі», — расказаў Віктар.

Ён лічыць, што ў міліцыянтаў ужо развілася нейкая класавая нянавісць да затрыманых.

«Сябе яны лічаць прывілеяванай кастай. Лічаць, што ім усё дазволена. Яны б’юць людзей праз асабістую непрыязь, гэта такі «беспредел». Нам было цяжка, бо мы не ведалі ніякіх навін. Але разумелі: калі б на вайне адбылося нешта такое, што іх парадавала б, то яны б абавязкова данеслі гэта нам, каб паздзекавацца. Яны стараюцца зламаць чалавека, прынізіць — для іх гэта задавальненне. Але мы ўсміхаліся, падтрымлівалі адзін аднаго, а яны моцна на гэта злаваліся», — расказаў мінчук.

Ён дадаў, што пасля адбыцця «сутак» людзі не далічыліся сваіх рэчаў. Хто вопраткі, хто — ноўтбука. Іх не было ў апісанні рэчаў, іх проста скідвалі ў пакеты. Потым людзі ўжо сваіх рэчаў не вярнулі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру