Уладальнік буйной сталічнай фірмы, якая займаецца пошукам аўто з ЗША, прызнаўся, што на момант пачатку вайны ў яго кампаніі было больш за трыццаць кліентаў, якія былі гатовыя да куплі аўто.

«Гэта былі людзі, якія ўжо заключылі дагавор і ўнеслі плату за нашы паслугі. Пасля пачатку вайны ўсё прыпынілася. На бягучы момант толькі пяць з іх працягваюць пошук. Астатнія сышлі на бестэрміновую паўзу. Што тычыцца новых заказаў, то іх за гэты перыяд не з'явілася».

Бізнэсовец пацвярджае, што цяпер немагчыма браць удзел у таргах на амерыканскіх аўкцыёнах з акаўнтаў, зарэгістраваных у Беларусі ці Расіі. Аднак гэта не з'яўляецца вялікай праблемай.

«Ёсць магчымасць гуляць, напрыклад, з амерыканскага акаўнта, таму такія абмежаванні па вялікім рахунку не ўплываюць на працу. Разлічыцца за машыны таксама пакуль магчыма, але рабіць гэта даводзіцца праз Грузію. З-за санкцый мы вымушаныя былі працаваць па такой схеме яшчэ за некалькі месяцаў да пачатку вайны».

Па словах суразмоўцы, на бягучы перыяд яго асноўная праца — вядзенне тых кліентаў, якія паспелі купіць аўтамабіль да пачатку вайны.

«Ад моманту пакупкі ў ЗША да дастаўкі ў Мінск у сярэднім праходзіць 2—3 месяцы. Таму пакуль паток аўтамабіляў, які ідзе да нас са Штатаў такі самы, як і ў мірны час. Але ўжо недзе праз месяц-паўтара ён значна знізіцца. А яшчэ праз месяц практычна спыніцца, паколькі новых пакупак няма.

Выходзіць, што тыя, хто засяродзіўся на дастаўцы аўто з Клайпеды, пакуль працуюць у ранейшым рэжыме. Для іх верагодная страта заробку трохі адтэрмінавалася. Яшчэ крыху пазней усе негатыўныя наступствы адчуюць на сабе СТА, якія спецыялізаваліся на рамонце аварыйных аўто з ЗША. Ім працы хопіць яшчэ пару месяцаў. У гэтым ланцужку мы першыя, хто фактычна страціў працу праз вайну».

Суразмоўца таксама адзначыў, што на фоне падзей, якія адбываюцца, цэны на амерыканскіх аўкцыёнах знізіліся прыкладна на 20—30%. Але і гэта з'яўляецца слабым стымулам для патэнцыйных кліентаў.

«Людзі асцерагаюцца нявызначанасці, ніхто не ведае, што адбудзецца, пакуль машына прыйдзе ў Беларусь. Акрамя таго, важна адзначыць, што немалую долю заказчыкаў складалі расіяне, якія размытнівалі аўто праз Беларусь і забіралі іх сабе», — распавёў бізнэсовец.

Падобная сітуацыя і ў тых, хто спецыялізуецца на аўтамабілях з Еўропы.

Супрацоўнік адной з такіх кампаній пацвердзіў, што новых кліентаў за апошнія дваццаць дзён не з'явілася, а бягучыя амаль аднагалосна вырашылі ўстрымацца ад пакупкі.

«У нас бестэрміновы дагавор на аказанне паслуг па пошуку аўто ў Еўропе, таму за выключэннем некалькіх чалавек, усе спынілі пошук. Пакуль мы ў асноўным працуем над тым, каб давесці кліентаў, якія раней паспелі купіць аўтамабіль. Калі нічога не зменіцца, то недзе праз месяц мы можам цалкам застацца без працы».

«Тэхніка, якія купляецца ў Еўропе на аўкцыёнах, прыходзяць да нас цягам аднаго-паўтара месяцаў. Машыны з аўкцыёнаў — гэта прыкладна палова ад таго, што мы куплялі. Той транспарт, які быў набыты на афлайн-пляцоўках у Еўропе ўжо дастаўлены ў Беларусь. Новых пакупак пакуль не было. Перавозчыкі, якія вазілі машыны з краін Заходняй Еўропы, ужо адчулі на сабе скарачэнне патоку аўтамабіляў», — кажа спецыяліст.

Са слоў суразмоўцы, нягледзячы на санкцыі, усё яшчэ ёсць магчымасць разлічыцца за аўтамабілі, набытыя ў Еўропе.

«Тэхнабанк пакуль прымае такія плацяжы, у той час як многія іншыя адразу паведамляюць, што не маюць магчымасці правесці плацёж. Калі і гэтая магчымасць знікне, то ўсё адно можна будзе купляць аўтамабілі за наяўныя. Такі спосаб разліку за аўто ў ЕС і раней быў даволі папулярным. У нейкім сэнсе гэта дае надзею, што хоць нейкі паток аўто з Еўропы можа застацца. Верагодна, у такіх умовах ахвотней за ўсё будуць цікавіцца аўтамабілямі, якія можна купіць з ліку таго, што ёсць у наяўнасці ў еўрапескіх прадаўцоў. Гэта нашмат хутчэй, а таму і бяспечней, чым купля праз еўрапейскі ці амерыканскі аўкцыён», — мяркуе спецыяліст. 

Пры гэтым суразмоўца адзначае, што ў любым выпадку, аўтамабільны бізнэс, як і шэраг іншых, чакаюць вельмі складаныя часы. 

«Дзякуючы льготнаму тарыфу, праз нашу краіну ўвозілі шмат машын, якія адразу ехалі ў Расію. Па маіх назіраннях, гэта не менш за 30 адсодкаў ад агульнай колькасці такіх машын. Натуральна, што ў бліжэйшым часе такога ўжо не будзе».

Чытайце таксама:
«Даляр лічым па 6 рублёў, а еўра па 6,5». Што адбываецца на рынку аўтазапчастак

У мінчука хочуць канфіскаваць аўто за парушэнне, здзейсненае яшчэ да таго, як ён яго купіў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру