Фота: Аляксандр Ермачэнка, Reuters / Scanpix / LETA

Першыя здымкі і відэа, якія паказваюць расійскую вайсковую тэхніку з незразумелай маркіроўкай на борце, з'явіліся ў сацсетках за некалькі тыдняў да пачатку вайны. Часцей за ўсё сустракалася лацінская літара Z — у квадраце або без яго; але таксама была заўважаная і V. Хутчэй за ўсё, літары выкарыстоўваліся як тактычная маркіроўка, якая дазваляе адрозніваць тэхніку з розных вайсковых акруг Расіі — аднак праз некалькі дзён Z і V (асабліва Z) сталі амаль афіцыйнай сімволікай «спецаперацыі». Хто менавіта прыдумаў зрабіць Z адным з ключавых элементаў расійскай прапаганды, дакладна невядома. Арганізатары акцый і нібыта стыхійных флэшмобаў з рэгіёнаў, якім даручылі адлюстраваць усеагульную народную падтрымку ўварвання, не разумеюць, што яна азначае. «Медуза» адшукала чалавека, які сцвярджае, што гэтая ідэя належыць яму і яго аднадумцам, а дзяржаўная прапаганда проста ўзяла яе на ўзбраенне.

Суразмоўцы «Медузы» ў рэгіёнах, дзе праходзілі акцыі з Z, не ведаюць, хто менавіта прыдумаў выкарыстоўваць тое, што ваенныя эксперты лічаць тактычнай маркіроўкай ваеннай тэхнікі, у якасці сімволікі «спецаперацыі».

Некалькі суразмоўцаў «Медузы», блізкіх да ўнутрыпалітычнага блоку Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, запэўнілі, што ніякага дачынення да крэатыву «аперацыі Z» блок не мае. Двое з іх назвалі крыніцай ідэі піяр-блок Міністэрства абароны на чале з дарадцам міністра Сяргея Шайгу Андрэем Ільніцкім. З гэтай версіяй згодная крыніца «Медузы» сярод арганізатараў томскіх аўтапрабегаў: гэта, на ягоную думку, «праца піяршчыкаў, якія ствараюць вобраз і імідж арміі».

Піяр-блок Міністэрства абароны пры гэтым працаваў сумесна з RT і яго галоўным рэдактарам Маргарытай Сіманьян, кажа крыніца «Медузы», блізкая да АП: дызайнеры тэлеканала прыдумалі сімволіку, а міністр Сяргей Шайгу яе ўхваліў.

«Сіманьян шмат у чым ўзяла ініцыятыву на сябе. З сімволікай азнаёмілі і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Па словах аднаго з суразмоўцаў, яна яму спадабалася», — кажа гэтая крыніца «Медузы».

Дызайнеры тэлеканала RT, якім кіруе Маргарыта Сіманьян, сапраўды распрацавалі ўласную айдэнтыку «аперацыі Z». Тавары з літарай Z (стылізаванай пад груба намаляваную белай фарбай на борце бронемашыны) прадаюцца ў анлайн-краме RT c 26 лютага.

Сіманьян прачытала паведамленне карэспандэнта «Медузы» з пытаннем аб яе магчымым дачыненні да гэтай кампаніі, але замест адказу размясціла ў сваіх сацсетках скрыншот запыту з каментарыем:«Крыніцы Медузы» рэгулярна даюць мне нечаканыя падставы ганарыцца сабой. І спачуваць Медузе» (арфаграфія захаваная; супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый у Расіі часта публікуюць пытанні незалежных журналістаў у сацсетках — замест таго, каб адказаць на запыт). Дарадца міністра абароны Андрэй Ільніцкі не адрэагаваў на пытанні «Медузы».

У той жа час адна з крыніц выдання, блізкіх да кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга, лічыць, што сярод аўтараў ідэі быў бізнэсмен Яўген Прыгожын. Аднак суразмоўцы, блізкія да АП, гэта адмаўляюць.

«На прасоўванне тварэння «кухара» і яго ідэй, а значыць і яго самога, ніхто не будзе кідаць увесь свой рэсурс. Усе б'юцца за сябе. А даць «кухару» прыватызаваць сімвалы будучай перамогі … ніхто б гэтага не дазволіў. Ужо б свае з гаўном змяшалі гэтую Z», — запэўнівае суразмоўца «Медузы», блізкі да ўнутрыпалітычнага блока АП. Ён не выключае (удакладняючы, што гэта здагадка, а не веданне), што нейкія словы пра «аперацыю Z» мог кінуць прэзідэнт Пуцін, а яго асяроддзе «адразу завіляла хвастом і стала думаць, як гэта аформіць і прасунуць».

Іншы суразмоўца «Медузы», блізкі да АП, упэўнены, што Прыгожын да кампаніі па «аперацыі Z» «своечасова прымазаўся».

Самае ранняе выкарыстанне сімволікі Z у анлайн-флэшмобе ў падтрымку расійскай арміі, якое атрымалася выявіць у «Медузы», адносіцца да перыяду яшчэ да афіцыйнага пачатку вайны.

Пра гэта журналістам распавёў паліттэхнолаг Ігар Мангушаў, аўтар телеграм-канала «Запіскі авантурыста» (цяпер яго назва таксама пішацца праз Z) і «адстаўны капітан ЛНР», як ён прадставіўся ў размове.

Імя Мангушава з'яўлялася ва ўцечцы аб дзейнасці «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» — той самай пецярбургскай «фабрыкі троляў», якую звязваюць з Яўгенам Прыгожыным.

У гутарцы з «Медузай» Ігар Мангушаў заявіў, што ідэя гэтага флэшмобу прыйшла яму і яго «паплечнікам»; ён называе іх «людзьмі крэатыўных прафесій, якія ў 2014 годзе і пазней з-за шэрагу абставінаў узялі ў рукі зброю».

У якасці пацверджання сваіх слоў Мангушаў паказаў «Медузе» скрыншоты перапіскі ў Тэлеграме, удзельнікі якой прапануюць паставіць на аватары сваіх каналаў лагатып з літарай Z — «менавіта белай фарбай, нанесенай нібыта пэндзлем, трохі нядбайна, але ва ўсіх аднолькавую».

Такі малюнак сапраўды пачаў з'яўляцца ў групе телеграм-каналаў, звязаных агульнай тэматыкай падтрымкі «народных рэспублік» на ўсходзе Украіны, у раёне 20-21 лютага; гэта значыць, напярэдадні ўварвання.

Менавіта там, мяркуе Мангушаў, іх убачыў «хтосьці з людзей, якія маюць дачыненне да дзяржпрапаганды, і сказаў: «О, крутая тэма, бярэм у працу».

Але настойваць на прызнанні за ім і яго паплечнікамі «аўтарскага права» ён не збіраецца: «Мы зрабілі важную і карысную справу, і мы задаволеныя, што яна пайшла ў народ. У нас з-за шэрагу прычын няма дзяржаўных рэсурсаў, каб гэта зрабіць сапраўды масавым. Мы не можам, як RT, надрукаваць мільён футболак і прадаваць іх».

Аднак Ігар Мангушаў негатыўна ставіцца да метадаў, якімі дзяржава навязвае Z як афіцыйную сімволіку «спецаперацыі».

Ён кажа, што яго задавальняе таталітарная эстэтыка акцый са студэнтамі ва ўніформе з Z, якія сінхронна ўскідваюць руку са сціснутым кулаком — але калі б ўкараненне гэтай ідэі даверылі яму, настойвае ён, ён бы зрабіў так, каб усе ставілі Z сабе на аватарку і футболкі цалкам добраахвотна.

«Проста, каб маштабаваць гэты вопыт, гэта павінна ісці ад душы. Але наша дзяржава, на жаль, не ўмее, каб нешта ішло ад душы», — заключае Мангушаў.

«Усяго за тыдзень літара Z стала сімвалам новага расійскага таталітарызму». Што значыць Z, якую называюць новай свастыкай?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру