Пачынаючы з канца Другой сусветнай вайны было каля ста буйных узброеных канфліктаў, якія падпадаюць пад вызначэнне вайны. Усе яны ў асноўным адбываліся ў Азіі і Афрыцы. Статыстыка паказвае, што рэдка калі ў гэтых войнах вайскоўцы вялі вайну толькі з вайскоўцамі. Пераважна баявыя дзеянні закраналі таксама мясцовае насельніцтва. Аднак усе гэтыя войны скончыліся паразай дзяржавы-агрэсара. Адсюль вынікае дзіўная і адначасова парадаксальная выснова: чым сучаснейшыя і магутнейшыя войскі акупантаў, тым больш яны схільныя разбурацца пад ціскам уласнай вагі.

Чаму ўзнікаюць вайны?

Прычыны пачатку вайны розныя. Можаце зайсці на сайт Quora, увесці ў пошуку «what causes the war» (што цягне за сабой вайну) — і вы ўбачыце самыя дзіўныя падставы, сярод якіх адрэзанае вуха, страус эму або вядомая футбольная вайна паміж Сальвадорам і Гандурасам.

Калі гэтыя прычыны абагульніць, то, з пункту гледжання навукоўцаў, ёсць два супрацьлеглыя погляды:

— Чалавечая прырода сама па сабе з'яўляецца добрай, таму вайна — гэта нешта пазачалавечае, то-бок яна спароджаная знешнімі абставінамі. Часцей за ўсё гэтымі абставінамі з'яўляецца маёмасць. Як толькі з'яўляецца тое, за што можна змагацца, — гэтага не пазбегнуць (паводле Жана-Жака Русо).

— Другі тэзіс, блізкі да біблейскага, кажа аб тым, што чалавечая прырода з'яўляецца згоршанай. Здольнасць да гвалту закладзеная ў людзях, а таму каб пазбегнуць вайны, нам трэба рабіць сабе знешнія перашкоды, каб стрымліваць гэтую чалавечую прыроду (паводле Томаса Гобса).

Чым больш грамадства развівалася — тым больш дзіўныя рабіліся прычыны для варажнечы

Універсальнай формулай войнаў да найноўшых часоў XIX стагоддзя было атрыманне кантролю над пэўнай тэрыторыяй, каб збіраць з яе рэнту (даход ад уласнасці) і дзяліць паміж сабой. У асноўным войны былі лакальнымі і вельмі дарагімі, а таму ваявалі толькі тыя, хто меў вялікія сродкі, каб назапашваць зброю і ўтрымліваць войска.

Ужо ў XIX стагоддзі адбываецца каласальная змена. Людзі перастаюць ваяваць за матэрыяльныя каштоўнасці, на змену ім прыходзяць ідэі. Такой змене спрыяла Французская рэвалюцыя, пасля якой зацвердзілася іншае бачанне вайны. З тых часоў усе мелі права і нават абавязак абараняць Радзіму. Так вайно сталі масавымі і вяліся на падставе пэўных рэвалюцыйных ідэй.

На жаль, як паказвае гісторыя, вайна непазбежная. Таму актуальным дагэтуль застаецца правіла, якое сфармавалі старажытныя рымляне: «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны». Мы павінны разумець, што свет з'яўляецца вельмі хісткім і ніколі не будзе аўтаматычным.

Існуюць сумленныя войны?

Канцэпцыя сумленнай вайны ўзнікае ў хрысціянскай думцы. Першым гэтую ідэю падае Святы Аўгусцін.

Існуе некалькі крытэрыяў сумленнай вайны:

— Вайна з мэтай абароны

— Вайна — апошні магчымы сродак, калі вычарпаныя іншыя

— Вядзенне баявых дзеянняў павінна быць абвешчана адкрыта

— Ахвяры, якія плануюцца на вайне, павінны быць суадноснымі з яе вынікамі. Сумленная вайна выключае гуманітарную катастрофу

— Выразны падзел на вайсковых і цывільных. Пакуты апошніх павінны быць максімальна абмежаваныя

— Суперніка, пацярпелага паражэнне, не знішчаюць і не зневажаюць яго годнасць.

На жаль, у гісторыі няма прыкладаў, дзе б гэтыя крытэрыі ўдала рэалізоўваліся. Таму існуе меркаванне, што сумленная вайна — гэта ідэальны тып вайны. Аднак лепшым лічаць бок, які можа гэтыя крытэрыі максімальна выканаць.

Калі глядзець на сучасную вайну Расіі супраць Украіны, то расійскі наступ не адпавядае ні аднаму з пералічаных пунктаў.

Ці з'яўляюцца дзеянні Расеі актам генацыду ўкраінскага народа?

Пуцінская агрэсія ва Украіне падпадае пад канцэпцыю генацыду, бо ён імкнецца знішчыць украінскую дзяржаву. Відавочна, што Пуцін не ставіць сваёй мэтай знішчыць усіх украінцаў, таму што гэта немагчыма — ды і, у рэшце рэшт, не трэба. Ён імкнецца ператварыць украінцаў з нацыі ў этнічную групу, забраўшы ў іх культурныя правы, а разам з тым права мець уласную дзяржаву. Бо лічыць, што Украіны як такой не існуе, а рускія і ўкраінцы з'яўляюцца адной нацыяй. Уласна гэта Пуцін спрабуе даказаць ваеннымі сродкамі, што ўжо мае прыкметы генацыднага характару.

Роля цывільнага насельніцтва ў вайне

Пачынаючы з канца Другой сусветнай вайны войны ў асноўным вяліся не толькі з вайскоўцамі, але і з мясцовым насельніцтвам. Аднак усе яны скончыліся паразай дзяржавы-агрэсара.

«Самым свежым» прыкладам з'яўляюцца талібы ў Афганістане — немагчыма падначаліць насельніцтва, якое матываванае.

Што тычыцца сучаснасці, то ўсе кажуць пра тое, што ў горшым выпадку Пуцін можа выйграць вайну ва Украіне, але тады ён усё роўна прайграе з-за таго, што не мае магчымасцяў для акупацыі.

У сучаснай гісторыі няма ніводнага выпадку, які б сведчыў пра ўдала рэалізаваную акупацыю. Таму роля цывільнага насельніцтва ў сучасных войнах важная, бо тады людзі перастаюць быць проста аб'ектам.

У той момант, калі насельніцтва становіцца суб'ектам, ужо не мае значэння, якія тэхналогіі супраць іх ужываюць. Такі пераход насельніцтва ад аб'екта да суб'екта прасочваем ва Украіне. Цяпер у нас змагаецца ўсё насельніцтва, а не толькі войска — такое грамадства немагчыма перамагчы.

Саюзнікі ў вайне

У пытанні перамогі ці паразы гуляе ролю не столькі патэнцыял самога грамадства (хоць ён таксама важны), як прызнанне яго легітымнасці ў свеце. Бяда украінцаў у ХХ стагоддзі заключалася ў адной прычыне — дрэннай геапалітыцы. Абставіны ставілі нас так, што мы заўсёды траплялі ў «лагер» прайграўшага вайну.

Таму галоўнай з прычын паразаў ўкраінскага руху ў ХХ ст. была геапалітычная ізаляцыя, якая працягвалася да распаду Савецкага Саюза. У 1991 годзе, калі распадаўся Саюз, ва Украіну прыязджала Маргарэт Тэтчэр, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі, і прэзідэнт ЗША Джордж Буш (старэйшы). Абодва паўтаралі, што Украіна не павінна аддзяляцца ад Савецкага Саюза. Умоўна кажучы, незалежнай Украіны тады не хацелі.

Змена адбылася ў апошнія гады дзякуючы Будапешцкаму мемарандуму — як бы мы яго ні крытыкавалі, але ён вывеў Украіну з міжнароднай ізаляцыі. Аднак, бясспрэчна, самая вялікая змена адбылася ў 2022 годзе, калі ўкраінцы нарэшце атрымалі геапалітычнага саюзніка — Заходнюю Еўропу.

Мы можам дыскутаваць пра тое, наколькі гэты саюзнік нам дапамагае, але мы павінны таксама разумець, што змяніўся ход гульні. Украіна цяпер абараняецца супраць Расіі і ўжо не знаходзіцца ў ізаляцыі, як у ХХ стагоддзі. Наш вораг у ізаляцыі — і гэта надзвычай радыкальная змена. Таму лічу, што мы маем зараз унікальны момант.

Многія эксперты сцвярджаюць, што калі ідзе гаворка пра Захад, то яго няма як адзінага цэлага, яно раздроблена. Менавіта на гэта і разлічваў Пуцін. Калі ён пачынаў вайну ва Украіне яшчэ ў 2014 годзе, то лічыў, што ўсё пройдзе па сцэнарыі вайны ў Грузіі. Бо тады Захад яго агрэсію супраць Грузіі маўкліва праглынуў. Таму, ідучы вайной на Украіну, Пуцін гэтак жа разлічваў, што ўкраінцы не будуць мець падтрымкі. Але ў выпадку вайны супраць Украіны з'явілася вось Вашынгтон — Брусель і Лондан.

Тры найбуйнейшыя актары свету сёння выступаюць у адзін голас — у нашу падтрымку. Мы ўпершыню атрымалі шанец ад сусветных лідараў. І нягледзячы на тое, што ў нас катастрофа, павінны ўжо цяпер каваць з гэтага магчымасць, якой можна будзе скарыстацца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру