Жонка Андрэя Скурко Паўліна каля Валадаркі

Канечне, дзень быў не з прыемных. Перспектыва ператварыць разгадванне «ўордлі» ў штовячэрні сямейны рытуал адсунулася на няпэўны тэрмін. Што ж, будзем набліжаць яго як зможам.

Сёння, у апошні дзень нашых экзатычных спатканняў, я, канечне, неадрыўна глядзела на Андрэя. А ён на мяне. Калі зачыталі яго тэрмін, я пастаралася саркастычна закаціць вочы. Не вельмі выйшла — усё ж для сарказму трэба больш расслабіцца. На спатканні ў сіза пастараюся лепш.

Паколькі раней журналістам давалі ад 1,5 да 2,5 гадоў, я ад пачатку пастанавіла сабе арыентавацца на такія тэрміны. І дзяржава не падвяла — ацаніла ўплыў і сілу «Нашай нівы» па найвышэйшай шкале.

Я сёння зусім не плакала, і ўвогуле пакуль што надзіва спакойная. Слёзы выступілі толькі аднойчы — сядала ў таксоўку ехаць у суд, трохі спазняючыся — ледзь паспела перадаць малога бацькам, а малы плача «мамацка, Тамась з табой паедзе!»… І вось сядаю і думаю: Божа, я так спяшаюся, каб яны мне сказалі, наколькі забіраюць у мяне мужа!..

Але сёння быў дзень гіперпадтрымкі, і пачаў яго кіроўца таксі — нечакана мяне пазнаў:) «Ой, ды гэта вы з «Нашай нівы»! Я ж учора чытаў пра вас! Як прыемна пазнаёміцца!» Праз паўгадзіны мы развіталіся сапраўднымі сябрамі — у самым прамым сэнсе, усвядоміўшы еднасць душ і інтарэсаў.

А ўжо пасля прысуду з завадскога суда на Валадарку нас з сяброўкамі вёз малады хлопец (я ўзяла ў суд перадачу, каб потым яе адвезці). Усю дарогу маўчаў, а ў канцы кажа па-беларуску: «Грошай не патрэбна».

З абодвума таксістамі развіталіся па пратаколе:)

Забаўна, што ўсю дарогу ад суда да Валадаркі проста за нашай машынай ехаў мікрааўтобус з Андрэем і Ягорам:) Яны, канечне, нічога не бачылі, але я на спатканні ўсё раскажу і не здзіўлюся, калі нешта такое мой заяц адчуваў.

Многія ведаюць, абвінавачванне ў нас кур’ёзнае — недаплата камуналкі. Суд цягнуўся 2,5 тыдня. У залцы са сценамі пяшчотнага бэзавага колеру дапытвалі паўтара дзясятка сведкаў, і ці не па гадзіне кожнага. Некаторыя з іх — што налічвалі ўрон — ніяк не маглі абгрунтаваць свае лічбы, тады было забаўна. Часам было нудна, часам смешна, былі і прыгожыя моманты.

Наша адвакат учора гаварыла ці не гадзіну, і не пакінула ад абвінавачвання каменя на камені (я б уключыла гэтую прамову ў будучыя хрэстаматыі).

Не ведаю, хто на якім этапе расслабіўся, схалтурыў — але абвінавачванне не прадставіла ніводнага доказу змовы, за якую Андрэя і Ягора асудзілі на 2,5 года (затое ў даход дзяржавы ў іх канфіскавалі тэлефоны як «арудзіе совершенія преступленія»).

Як мне падалося, суддзю довады адваката мала цікавілі. Але для абвінавачаных гэта многа значыць — адчуванне, што за цябе змагаюцца з усіх сіл. Змагацца з усіх сіл, не апускаць рук — адзінае, што нам засталося.

Перад прысудам быў момант. Неяк усе адышлі, і каля зачыненых дзвярэй у чаканні, што іх расчыняць, апынуліся мы ўдваіх з пракурорам Дзятлам. Я была рада бачыць усіх, хто прыйшоў падтрымаць, усім усміхалася, пераводзіла погляд ад твару да твару і раптам натыкнулася поглядам на яго. У першы момант задумалася, хто гэта, такое знаёмае аблічча, а тады заўважыла пагоны і дапяла:)

Мы стаялі адны ў калідорчыку, метра паўтара між намі, і я глядзела на яго з усмешкай, і ён на мяне. І я гляджу і думаю. Такі малады хлапчына, маладзейшы за мяне. Мілы румянец на круглых шчоках. Думаю, мы ў студэнцтве хадзілі ў адны кавярні, адны сталоўкі… Такое прыгожае прозвішча, але з якім у школе яўна было няпроста. Напэўна, ёсць мама. Напэўна, ёсць дзяўчына. Ці нехта, хто падабаецца. У мяне з гэтым ужо ўсё склалася — ёсць каханне, ёсць ад яго дзіця. Таму я і тут.

Ці так ты, хлопчык з румянцам, уяўляў працу мары? Думаю ўсё гэта і ўсё гляджу ў вочы. У нейкі момант усмешка яго спадае, погляд шклянее, вочы апускаюцца долу. Так цікава, што думаў ён…

Мусіць, пракурор пра гэты эпізод скора забыў. (Хаця прыемна, калі не.) Мне ж той момант урэзаўся адчуваннем трыумфу. Трэба яшчэ падумаць, як ясней яго акрэсліць.

А пра суддзю я ўжо пісала. У гэтыя дні ўсё думалася: я, у якой муж сядзіць, выглядаю нейкай больш шчаслівай чым яна, у якой, напэўна ж, ніхто не сядзіць. …Калі суддзя выходзіла з залі — у мантыі, з тамамі спраў — я заўважыла ў яе на тэлефоне футарал з пандай.

Андрэй у турме падцягнуўся, але пашарэў-пабляднеў, і зубы зжаўцелі — відаць, што ў камеры кураць. Зубы адбяліць — справа аднаго дня. Вярнуць фарбы твару — аднаго тыдня. Адзінае, за што перажываю, — каб калонія не пагоршыла яго дыябет: баюся, там не будзе ні дыеты, ні хоць якой гародніны. А пасылкі можна дасылаць толькі раз на паўгода.

Тэрмін Андрэя і Ягора павінен выйсці ў жніўні 2023 года. Гэту дату я ўсур’ёз увогуле не разглядаю. Можа, хто скажа, што я дурны аптыміст («у канцлагеры найбольш раздражнялі беспадстаўныя аптымісты», пісаў Віктар Франкл). Але ў дадзеным выпадку лічу сябе рэалісткай. Гляджу, як распадаецца чорная матэрыя навокал, і ўпэўнена, што мы возьмемся за сямейнае разгадванне «ўордлі» куды раней, чым прызначылі высокія органы.

А сваёй, нашай сямейнай задачай на гэты час бачу толькі захаванне ўсіхных здароўяў. 8 месяцаў таму мяне турбавала яшчэ тое, каб захаваць пэўны наш сямейны свет, сямейную сувязь, блізкасць. Але цяпер задача адпала — пасля гэтых 8 месяцаў блізкасць наша моцная як ніколі.

Ну і яшчэ пра што думаю. Акрамя ўсякай фігні і болю, «наш гераічны перыяд», як называе яго Андрэй у лістах, падарыў мне нечаканае. Я ведала, які фантастычны ў мяне муж, але пра сябе не ведала. А тут гляджу ў люстэрка і бачу такую прыгожую, такую магутную, проста раскошную маладую жанчыну:)

…А Тамаш пастаянна расказвае мне, як мы з татам на сіненькай машынцы паедзем у «заапайк». І сённяшні дзень пачаў з гэтага. «Тамась сядзе ў крэсла, тата ўставіць ключ, машына завядзецца… Мамачка, там будзе слён?» Малыш! Колькі заапаркаў мы з табой і татам аб’едзем! У Мінску будуць вярблюды і малпачкі. У Коўне — жырафы (і цёця будзе гаварыць ім ласкавыя літоўскія словы ды карміць з вядра). У Луцку ты пабачыш вясёлы атрад янотаў.

А дзеля слана абавязкова даедзем да Мікалаева. Там мы яшчэ, канечне, падыдзем да помніка героям, і наш таленавіты тата прыдумае, як правільна табе, маленькі, расказаць, для каго мы прынеслі кветкі. Мы з Андрэем кланяемся вам, сябры. Вы змагаецеся за сябе, але выходзіць, што і за нас. І ўсе прысуды меншаюць на фоне таго, што вы для ўсіх нас выборваеце.

«Прысуд рэдактарам НН вынесены ў дні, калі гісторыя паскорылася» — каментар Рэдакцыі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру