Cабака з Украіны на румынскім вакзале. Фота: АР, Андрэа Аляксандру

Cабака з Украіны на румынскім вакзале. Фота: АР, Андрэа Аляксандру

«Імкнуся сабак-сяброў не раздзяляць, садзіць у машыну разам»

Людміле Юрашка 38 гадоў. У мірны час яна працавала выкладчыцай нямецкай мовы, а таксама была валанцёркай у прыватным прытулку для жывёл «Казка» ў Кіеве. Калі пачалася вайна, Людміла стала эвакуяваць жывёл. 

«У прытулку ў нас былі 103 каты і 112 сабак. Катоў вывезлі ўсіх, сабак — 65. Людзі, якія там сачылі за жывёламі, сказалі, што забяспечваць іх ва ўмовах вайны не змогуць. Я іх за гэта не асуджаю, выдатна разумею, што цяпер найперш думаюць пра сем'і.

Але я ўзялася вывозіць гадаванцаў. У іх паніка і страх. Хтосьці пачынае біцца аб дзверы вальера, хтосьці перастае есці, у іншых бывае нястраўнасць. Так яны рэагуюць на ўсё, што адбываецца», — кажа жанчына. 

У Кіеве і Кіеўскай вобласці цяпер больш за ўсё праблем з дастаўкай корму для жывёл. Цэны выраслі ў некалькі разоў.

«Тэлефаную пастаўшчыку, а ён кажа, што ўсё зачынена, ніхто не прывозіць корм. Каштуе ён вельмі дорага — прыкладна ў тры разы больш, чым у мірны час. Таму абавязкова трэба эвакуяваць жывёл, яны без ежы не змогуць», — перажывае Людміла. 

Фота тут і далей з архіву валанцёраў

Фота тут і далей з архіву валанцёраў

Знайсці кіроўцу з машынай, які б ва ўмовах вайны пагадзіўся везці жывёл да Львова, вельмі складана. Людміла заходзіць на сайт з аб’явамі і маніторыць, хто гатовы перасоўвацца па Украіне. 

«Нас з жывёламі нават прапускаюць у каменданцкую гадзіну, — дзеліцца яна. — Раней з эвакуацыяй дапамагалі ўсе: ад байцоў тэрытарыяльнай абароны і памежнікаў да звычайных людзей. Цяпер вялікія машыны занятыя на патрэбы войска. А кампаніі бяруць вельмі вялікія грошы. Я асабіста ўклала некалькі тысяч даляраў для таго, каб вывезці жывёл. Плюс я ад пачатку шукаю машыны, у якіх поўны бак, таму што ў Кіеве цяпер не запраўляюць.

Вязу жывёл да Львова, а там ужо прасцей: дапамагаюць мясцовыя валанцёры, прытулкі. Кормім нашых катоў і сабак, гуляем з імі, даём час для адпачынку. Потым едзем да Польшчы, там нас чакаюць іншыя валанцёры. Яны выклікаюць ветэрынара, які аглядае ўсіх. Прымаюць, дарэчы, без дакументаў, каму патрэбныя прышчэпкі — робяць. Наш шлях да Польшчы з перапынкамі заняў каля чатырох дзён».

Усе падапечныя Людмілы цэлыя. Але яна ведае прыклады, калі ўратаваць жывёл не атрымлівалася. 

«У горадзе Барадзянка, што ў Кіеўскай вобласці, супрацоўнікі спрабавалі зайсці ў прытулак, каб накарміць жывёл, але ў гэты момант менавіта па прытулку сталі страляць, выбілі вокны. І туды цяпер ніхто не можа патрапіць, таму што тэрыторыя пад акупантамі і яны не пускаюць. Больш за дзвесце сабак зачыненыя без ежы і вады ўжо некалькі дзён. Валанцёры прасілі гуманітарны калідор, але яго не даюць.

У горадзе Макараў, які таксама ў Кіеўскай вобласці, палова прытулку згарэла пасля абстрэлу. І акупанты не прапусцілі пажарных. Валанцёры былі вымушаныя адкрыць вальеры і выпусціць усіх жывёл. Цяпер каля 800 сабак бегае проста ў полі.

Ведаю, што ў прытулку, які побач з аэрапортам у Гастомелі, ёсць загінулыя. Там былі страшныя баі і некалькі сабак проста не перажылі ноч. Не вытрымалі ўсіх гэтых гукаў.

У мяне ў прытулку жывёлы пацярпелі больш маральна. Многія сабакі і каты сталі адмаўляцца ад ежы і вады, пачалося знясіленне, але пакуль мы ўсіх ратуем». 

За ўвесь гэты час Людміла ні разу не задумвалася, чаму застаецца са сваімі жывёламі да канца. І нават не ставіла пытанне, ці можа яна з’ехаць без іх. 

«Яны бяздомныя, старыя, некаторыя інваліды. Як я магу іх кінуць? У іх жа нікога няма, акрамя мяне. Калі я з'еду, то яны загінуць пакутлівай смерцю. Ад голаду, напрыклад.

Наадварот сябе грызу, што я адразу не ўсіх забрала. Было толькі тры вялікія машыны. Ім, вядома, цесна, але толькі так магу іх вывозіць. А яшчэ вельмі цяжка выбіраць, каго ўзяць у першую чаргу, каго — у другую. Імкнуся сабак-сяброў не раздзяляць, садзіць у машыну разам. Радуе, што многія сем'і і ў Польшчы, і ў Германіі пачынаюць браць нашых жывёл». 

«Як працавалі раней пры любой уладзе, так і цяпер спраўляемся»

Калі пачалася вайна, у данецкім прытулку «Піф» знаходзілася 800 жывёл. Яго заснавальніца Вікторыя Васільева, бухгалтар у мінулым, ужо 17 гадоў ратуе бяздомышаў. Працягвае гэта рабіць і цяпер.

«Пакуль не было татальнага закрыцця межаў, мы вывозілі жывёл у Германію і Фінляндыю, але з 2014 года ёсць магчымасць рабіць гэта толькі ў Расію. Як правіла, мы адпраўляем катоў і сабак адразу ў сем'і. Варыянт з прытулку — у іншы не разглядаем», — кажа яна.

На мінулым тыдні Вікторыя аддала ў добрыя рукі 30 сабак. Іх спачатку адвезлі ў Растоў, а пасля — у Санкт-Пецярбург.

«Вывезці цэлы прытулак нерэальна, але робім, што можам. Нам яшчэ ў гэтай сітуацыі пашанцавала: да нас ніякіх бомб не прылятала. Мы знаходзімся ў цэнтры, стрэлы не моцна чутныя, але жывёлы ўсё адно палохаюцца», — кажа жанчына.

Апошнім часам у горадзе праблемы з транспартам, і супрацоўнікі, і валанцёры ідуць у прытулак пешшу.

«Як вы можаце ратаваць жывёл, калі дапамога патрэбная людзям?» — прылятаюць часам папрокі ім. 

«На такое я адказваю, што я не забараняю камусьці дапамагаць людзям. Проста мы канкрэтна клапоцімся пра жывёл. Калі ласка, збірайце грошы людзям на лячэнне», — стараецца не прымаць блізка да сэрца такія каментарыі Вікторыя. 

Эвакуяваць жывёл з Данецка дапамагаюць міжнародныя арганізацыі, валанцёры і аднадумцы з усяго свету. 

«Як працавалі раней пры любой уладзе, так і цяпер спраўляемся. Не было выпадкаў, калі нам дапамагалі з бюджэту. У нас шмат нашых людзей па ўсім свеце, дзякуючы ім атрымліваецца збіраць грошы. У нас місія — ратаваць жывёл, мы для гэтага створаныя. Мы выбралі такі шлях. Не разумею ўжо, як інакш», — кажа Вікторыя. 

«Дзяцей жа ў такой сітуацыі не кідаюць, чаму жывёл трэба?» 

20-гадовая Настасся Ціхай да вайны працавала ветэрынарам. Цяпер яна эвакуюе сваіх жывёл з горада Ірпень, што ў Кіеўскай вобласці. 

«На момант вайны ў мяне было 19 сабак. Атрымалася вывезці 14, потым яшчэ дваіх. На жаль, астатнія згубіліся, я іх працягваю шукаць.

Яшчэ было пяць катоў, хамяк, хамелеон і чарапаха. Спраўляцца з усімі было вельмі цяжка, але потым сабакі нібыта зразумелі, чаго я ад іх хачу, і сталі слухацца. У Ірпені цяпер праходзяць сур'ёзныя баявыя дзеянні, мост разбураны. Тры кіламетры мы з сабакамі ішлі тры гадзіны», — кажа яна. 

Жывёл дзяўчына вывезла да Кіева.

«Некаторыя застаюцца жыць са мной у прыватным доме, іншых мы можам адправіць за мяжу. Калі еду назад у Ірпень і бачу па дарозе сабаку ці ката, таксама бяру».

Не ўсе блізкія дзяўчыны разумеюць яе выбар. Але яна застаецца са сваімі жывёламі да канца. 

«Яны для мяне родныя, блізкія, як дзеці. Дзяцей жа ў такой сітуацыі не кідаюць, чаму жывёл трэба? Бацькі больш-менш мяне падтрымліваюць, а вось бабуля з дзядулем — не. Раней мой муж не вельмі падзяляў мае погляды, але дапамагаў, рабіў гэта дзеля мяне. Цяпер ён вельмі прасякнуўся гэтай тэмай, разам са мной вёў жывёл», — расказвае Настасся.

«У наш прытулак патрапіла 12 новых катоў — гаспадары не захацелі іх браць з сабой»

Дзесяць гадоў таму Настасся Марцыпан змяніла грамадзянства з расійскага на ўкраінскае і пераехала ў горад Мікалаеў. Тады ж яна пачала займаецца валанцёрствам. Цяпер яна ратуе жывёл, эвакуяваць якіх пакуль немагчыма, у прытулку «Погляд». У ім жывуць 78 катоў і тры сабакі.

«Прытулак — гэта заўсёды складана. Але 24 лютага мы прачнуліся ад бамбёжак і жыццё падзялілася на «да» і «пасля». І проста «складана» змянілася на «як бы выжыць».

Прытулак пад пагрозай голаду. За наш горад ідуць баі, нас то бамбяць, то абстрэльваюць. Мы разумеем, што ёсць вялізная пагроза блакады, гэта жахліва для людзей, што ўжо казаць пра жывёл», — дзеліцца дзяўчына. 

Многія людзі з’ехалі з горада. Але сама Настасся эвакуявацца не збіраецца. 

«Па-першае, мы дома. Я ніяк не магу зразумець, чаму з-за капрызу аднаго дзіўнага чалавека, чыё прозвішча гідка называць, людзі павінны кідаць свае дамы і сваё жыццё, станавіцца бежанцамі.

Па-другое, а куды вывезці столькі хворых катоў? Куды іх падзець там? З Украіны выехалі мільёны людзей, некаторыя кінулі сваіх жывёл. Імі займаюцца валанцёры па ўсёй краіне. У наш прытулак трапілі 12 новых катоў, чые гаспадары не захацелі іх браць з сабой.

Расказваю вам гэта, седзячы ў падвале. Чуваць, як бахае. Вые сірэна. Няма электрычнасці, і ўвесь час знікае сувязь. Горад трымаецца, мы верым у лепшае, але цяпер кожны дзень мы сустракаем з усмешкай, таму што жывыя». 

«Знаёмы корм, утульная пераноска, лекі. Ветэрынар тлумачыць, як дапамагчы жывёлам у стрэсавых сітуацыях»

«Жахлівая і натхняючая гісторыя дзяўчыны з сабакамі-інвалідамі з вядомага фота» 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1