Гарыць расійская тэхніка ў аэрапорце Херсона. Фота з дрона: Генштаб Украіны.

Гарыць расійская тэхніка ў аэрапорце Херсона. Фота з дрона: Генштаб Украіны.

Расійскія войскі за апошнія суткі не прасунуліся ні на адным з кірункаў. У той жа час украінская армія контратакавала пад Кіевам, дзе цэлы дзень упартыя перастрэлкі ішлі ў раёнах Ірпеня, Бучы і Гастомеля. Відэазапісы паказваюць таксама наступствы паспяховага ўдару па аэрапорце Херсона, дзе была сканцэнтраваная расійская тэхніка. Там было знішчана некалькі дзясяткаў верталётаў і машын.

Акрамя таго, украінцы вызвалілі з палону мэра Мелітопаля. Украінскія ўлады апублікавалі відэа радаснай размовы прэзідэнта Зяленскага з ім.

У той жа час расійскія войскі працягвалі бамбіць гарады. Ракетныя ўдары былі нанесеныя па Харкаве, Кіеве, Вінніцы, наваколлях Адэсы. Самы страшны прыйшоўся па Марыупалі. Там бомба ці ракета вялікай магутнасці трапіла ў гарадскі тэатр, які служыў бомбасховішчам сотням мірных жыхароў. Будынак рухнуў, заваліў уваходы ў бамбасховішча. Магчыма, там адбылася самая жахлівая трагедыя гэтай вайны.

Што гэтаму папярэднічала

Мэр Кіева у аўторак заявіў, што ўводзіць каменданцкую гадзіну на 36 гадзін і што сталіца сутыкнулася з «цяжкім і небяспечным момантам». У аўторак цяжкія абстрэлы і перастрэлкі зноў скаланалі горад.

У ваколіцах Кіева загінулі двое журналістаў, якія працавалі на Fox News, яшчэ адзін карэспандэнт быў паранены ў выніку абстрэлу іх машыны каля расійскіх пазіцый. Аператар Fox News П'ер Закжэўскі і кансультант Аляксандра Куўшынава вялі рэпартажы разам з карэспандэнтам па замежных справах Бенджамінам Холам, калі іх аўтамабіль трапіў пад абстрэл. Хол быў шпіталізаваны, выратаваць яго калегаў не ўдалося.

Расійскія войскі ўначы выпусцілі дзве ракеты па аэрапорце ў Дняпры, якія знішчылі ўзлётна-пасадачную паласу і пашкодзілі тэрмінал.

У панядзелак позна ўвечары праз абстрэл Харкава пашкоджаны склад і жылыя дамы ў Халаднагорскім раёне.

Ракета знішчыла будынак ў цэнтры Кіева, які належаў прадпрыемству ВПК, і выбіла вокны з будынкаў у радыусе аднаго квартала. Таксама пацярпелі два жылыя дамы, адзін з іх загарэўся.

Не менш за двое жыхароў загінулі, а дзясяткі былі дастаўленыя ў суседнюю бальніцу ў выніку атручвання дымам. Улады сцвярджаюць, што на прадпрыемстве ВПК ніхто не загінуў.

Замежная дыпламатыя ў дапамогу Украіне

Белы дом заявіў у аўторак, што прэзідэнт Байдэн накіруецца ў Брусель 24 сакавіка для сустрэч з лідарамі саюзнікаў. Захад імкнецца ўзмацніць ціск на Маскву і пры гэтым пазбегнуць прамога ваеннага канфлікту паміж краінамі НАТА і Расіяй.

Амерыканскі прэзідэнт Байдэн падпісаў у аўторак законапраект аб дзяржаўных выдатках, які ўключае 13,6 мільярдаў долараў на зброю, а таксама гуманітарную і эканамічную дапамогу для Украіны. У сераду, калі прэзідэнт Зяленскі выступіў перад Кангрэсам ЗША, прэзідэнт Байдэн абвесціў аб перадачы Украіне цягам тыдня зброі больш як на 1 мільярд долараў.

У аўторак дэлегацыя лідэраў Цэнтральнай Еўропы ўпершыню наведала Кіеў — усе з краін НАТА, — і паабяцала Украіне максімальна шырокую падтрымку. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і віцэ-прэм'ер Яраслаў Качыньскі, прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіяла і прэм'ер-міністр Славеніі Янэз Янша сустрэліся з прэзідэнтам Зяленскім і прэм'ер-міністрам Шмыгалем у якасці прадстаўнікоў Еўрапейскай рады. Дэлегацыя прыбыла ў Кіеў на цягніку.

«Я ўпэўнены, што з такімі сябрамі, з такімі краінамі, з такімі суседзямі і партнёрамі мы сапраўды зможам перамагчы», — сказаў Зяленскі журналістам пасля сустрэчы. Ён дадаў, што гутаркі былі прысвечаны гарантыям бяспекі Украіны, узмацненню санкцый супраць Расіі, а таксама перспектывам сяброўства Украіны ў Еўрасаюзе.

У прамове перад Кангрэсам ЗША ў сераду, як і перад парламентам Канады ў аўторак Зяленскі эмацыйна прасіў павялічыць ваенную падтрымку і дапамагчы ўвесці беспалётную зону над яго краінай, каб спыніць расійскія бамбёжкі. Ён паведаміў канадскім заканадаўцам, што 97 дзяцей загінулі з таго часу, як расейскія вайскоўцы пачалі авіяўдары па Ўкраіне.

«Калі ласка, закрыйце неба», — паўтараў ён. «Вам усім трэба зрабіць больш, каб спыніць Расію, абараніць Украіну і абараніць Еўропу. Яны ўсё знішчаюць». 

НАТА працягвае адхіляць запыты аб стварэнні беспалётнай зоны і тлумачыць гэта тым, што такім чынам Захад рызыкуе ўцягнуцца ў вайну з Расіяй.

Абмен санкцыямі

Еўрасаюз і Вялікабрытанія дамовіліся аб асобных пакетах новых санкцый і абмежаванняў, накіраваных на Расію. За дзень да гэтага ЗША дадалі спіс службовых асоб Мінабароны Расіі ў свой уласны спіс мэтаў, паколькі ўсе трое імкнуцца ўзмацніць ціск на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Масква ў аўторак увяла санкцыі супраць Байдэна і некалькіх вышэйшых чыноўнікаў ЗША, у тым ліку дзяржсакратара Энтані Блінкена, міністра абароны Лойда Осціна, дырэктара Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення Уільяма Бернса і прэс-сакратара Белага дома Джэн Псакі, накіраваныя на абмежаванне іх паездак у Расію. Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла, што абмежаванні сталі адказам на «беспрэцэдэнтныя санкцыі», якія перашкаджаюць расійскім чыноўнікам уязджаць у ЗША.

Псакі заявіла ў аўторак, што расійскія санкцыі не будуць мець вялікага ўплыву на тых, супраць каго яны накіраваныя. «Ніхто з нас не плануе турыстычныя паездкі ў Расію, і ніхто з нас не мае банкаўскіх рахункаў, да якіх мы не зможам атрымаць доступ», — сказала яна.

Тым часам інтэнсіфікаваліся перамовы між Расіяй і Украінай.

Памочнік Крамля Уладзімір Мядзінскі, які ўзначальвае расійскую дэлегацыю на перамовах, заявіў, што перамовы з украінскім бокам будуць працягвацца «кожны дзень, сем дзён на тыдзень» у рэжыме відэаканферэнцыі.

У СМІ з'явіліся і дэталі магчымага кампрамісу. Здаецца, Масква ідзе на ўсё новыя саступкі, пасля таго як яе наступ захлынуўся.

Становішча на фронце

За тры тыдні вайны Расія захапіла значную тэрыторыю на поўдні Украіны, але не здолела ўзяць ані Кіеў, ані Харкаў, ані Сумы, ані Чарнігаў, ані стратэгічна важны порт Мікалаеў. Сутыкнуўшыся з упартым супрацівам, яна перайшла да бамбёжак жылых раёнаў і грамадзянскай інфраструктуры, каб зламаць дух украінцаў. Колькасць загінулых у выніку ракетнага абстрэлу горада Роўна на захадзе краіны ў панядзелак вырасла да 19.

Узбраенне, пастаўленае Украіне ЗША і іх еўрапейскімі саюзнікамі, асабліва супрацьтанкавае і зенітнае, адыграла важную ролю ў стрыманні прасоўвання расійскіх сухапутных войскаў, якія панеслі вялікія страты на поўначы, калі спрабавалі акружыць Кіеў.

У аўторак прэзідэнт Зяленскі заклікаў расійскія войскі скласці зброю. «Калі вы здаяцеся нашым сілам, мы будзем ставіцца да вас так, як павінны ставіцца да людзей. Як людзі, прыстойна. У вашай арміі да вас у пэўным сэнсе так не ставіліся», — сказаў ён. Ён падзякаваў тым расіянам, якія пратэстуюць супраць вайны.

Міністэрства абароны Расіі ў аўторак заявіла, што яе войскі захапілі «апорны пункт нацыяналістаў і замежных наймітаў» на поўнач ад Кіева, здабыўшы 10 ракетных комплексаў Javelin і іншую зброю, пастаўленую заходнімі краінамі ва Ўкраіну.

Гуманітарная катастрофа

Улады Украіны папярэджваюць, што страты сярод мірнага насельніцтва рэзка растуць там, дзе баі пераносяцца з прыгарадаў у цэнтры гарадоў.

Напрыклад, мірныя жыхары горада Ізюм у Харкаўскай вобласці знаходзяцца ў пастцы без вады і ежы, таму што расійскія войскі кантралююць дарогу, якая вядзе на поўнач да Харкава, і абстрэльваюць дарогу, якая ідзе на поўдзень. 

Паводле даных ААН, колькасць уцекачоў з Украіны, якія выехалі ў краіны Еўрасаюза і Малдову, складае на сёння прыкладна тры мільёны чалавек. У Беларусь выехалі каля 600 чалавек.

«Колькі ўжо можна плакаць?» Беларускія валанцёркі, якія дапамагаюць украінцам, распавялі свае гісторыі

Куды знікае беларуская мука?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0