Заўвага: імёны суразмоўцаў змененыя па іх просьбе. 

«Цяпер думаю: лепш бы я ляцеў дорага, але наўпрост»

Маршрут: Мінск — Масква — Нальчык — Уладзікаўказ — Казбегі — Тбілісі 

Аляксей апасаўся, што з Беларусі немагчыма будзе выехаць з-за патэнцыйных ваенных дзеянняў на яе тэрыторыі. Таму вырашыў, што яму будзе спакайней за мяжой — тым больш, што думкі пра пераезд ужо былі. 

«Напэўна, я б з’ехаў кудысьці у Еўропу яшчэ раней, калі б два гады таму не пачаўся каранавірус. Потым усё стала складаней. У палітычным плане 2020-ы скончыўся не так, як хацелася б, але я не бачыў нейкай пагрозы для сябе ці сваіх блізкіх, каб тэрмінова з’язджаць, — тлумачыць Аляксей. — Я працую ў IT, але мая кампанія не дапамагала з рэлакацыяй. Топ-менеджмент увогуле выступіў з заявай, маўляў, працягваем спакойна працаваць, нікому нічога не пагражае. Не хачу асуджаць, але для мяне гэта выглядае дзіўна. Я вырашыў звольніцца, бо ўсё адно мой час на праекце, дзе я працаваў, падыходзіў да канца. Якраз у мяне ўжо быў офер ад іншай кампаніі, якая наадварот з рэлакацыяй дапамагала — напрыклад, давала пад’ёмныя». 

Спачатку Аляксей задумаўся пра Польшчу, але візу па праграме «Poland. Business Harbour» рабіць было доўга, а выехаць за межы Беларусі хацелася як мага хутчэй. Выбраў Грузію: малады чалавек чуў, што там нізкія падаткі, не патрэбная віза, ды і ўвогуле краіна добрая. Некалькі знаёмых Аляксея таксама збіраліся ў Грузію, таму стала лягчэй: калі не ён адзін едзе, напэўна, усё атрымаецца.

«На прамы рэйс квіткі было знайсці нерэальна, а калі яны і знаходзіліся, то былі вельмі дарагія. Наш варыянт першапачаткова выглядаў так: «Мінск — Масква — Уладзікаўказ — Тбілісі». Маршрут павінен быў укласціся ў суткі. Але ўсё пайшло не па плане», — кажа суразмоўца.

Аляксей і яго тры сябры даехалі на цягніку да Масквы. Далей быў самалёт Масква — Уладзікаўказ. Яго браніравалі ўжо пасля набыцця квіткоў на цягнік. 

«Маніторыў гэтыя квіткі дні тры да гэтага — яны былі па 30 еўра з чалавека без багажу. Калі зайшлі на сайт «Победы» купляць іх у ноч з 1 на 2 сакавіка, квіткі былі ўжо за 800 еўра на чацвярых. Мы вырашылі ляцець не ва Уладзікаўказ, а да Нальчыка, таму што ён усё адно побач, а квіткі былі па 45 еўра на чалавека. Далей ехалі на «Яндэкс.Таксі» да Уладзікаўказа. Там засталіся ў гатэлі, бо было ўжо позна».

Пакуль Аляксей з сябрамі быў ва Уладзікаўказе, зачыніўся КПП «Верхні Ларс» на мяжы Расіі і Грузіі, праз які яны планавалі ехаць раніцай — была ці то пагроза лавіны, ці то яна ўжо сышла. Прыйшлося заставацца ў гатэлі яшчэ на адну ноч — гэта і час, і грошы.

«Тады мы адразу купілі яшчэ дзве ночы, таму што ў той момант нічога не было зразумела. Але ў выніку мяжу адчынілі праз дзень, і мы паехалі. План быў дабрацца да Тбілісі на вялікай машыне на сем чалавек. Але зноў было ўжо позна, і мы засталіся ў вёсцы Казбегі. Правялі ноч у гатэлі, а ўжо на наступны дзень паехалі да Тбілісі на машыне, якую прапанавалі мясцовыя». 

Грошай у выніку Аляксей патраціў не так шмат, нават калі ўлічваць, што ён браніраваў нумар у тбілісскім гатэлі загадзя і таму згубіў грошы з-за пастаянных спазненняў. Вось які «прайс за рэлакацыю» атрымаўся ў маладога чалавека:

  • цягнік Мінск — Масква — 74 еўра;
  • самалёт Масква — Нальчык — 45 еўра;
  • таксі Нальчык — Уладзікаўказ — 8 еўра з чалавека;
  • гатэль ва Уладзікаўказе — 20 еўра з чалавека;
  • маршрутка праз мяжу — 38 еўра (з улікам чаявых);
  • гатэль у Казбегі — 16 еўра з чалавека;
  • машына да Тбілісі — 16 еўра з чалавека.

Агулам гэта 217 еўра. Фінансавая эканомія адбілася на часе падарожжа: з Беларусі малады чалавек выехаў позна ўвечары 2 сакавіка, а засяліўся ў гатэль у Тбілісі ў другой палове дня 6 сакавіка. Хоць планаваў быць на месцы яшчэ вечарам 3-га.

Тбілісі

«Тым, хто толькі хоча з’ехаць, але яшчэ ў Беларусі, раю шукаць не толькі папулярныя маршруты і гарады для жылля. Цяпер усе дзейнічаюць прыкладна аднолькава: купляюць адны і тыя ж рэйсы, потым шукаюць жыллё ў адным і тым жа раёне. З-за такога попыту цэны растуць хутка і старыя парады ўжо не працуюць. Шчыра кажучы, цяпер я гляджу на свой маршрут і думаю, што лепш бы я ляцеў дорога, але наўпрост. Але хто ж ведаў, што ўсё так зацягнецца? Таму свой маршрут рэкамендаваць не магу, кажуць, у сакавіку там часта снегапады.

Увогуле, галоўная парада — мець план Б на ўсялякі выпадак, таму што не так можа пайсці літаральна ўсё. Што тычыцца пошуку жылля ў Грузіі, Аляксей раіць не чакаць і паднімаць бюджэт на 50 даляраў кожны раз, калі чуеце, што кватэра ўжо знятая.

«Так вы хутчэй дойдзеце да рэальнай цаны, — адзначае суразмоўца. — 2 сакавіка я быў наіўны і хацеў зняць кватэру за 300 даляраў, а калі тэлефанаваў арэндадаўцам 8-га чысла, наш бюджэт на дваіх быў ужо 800 — 1000 даляраў, каб знайсці хоць нешта прыстойнае. Быў смешны выпадак: знайшлі кватэру за 800 даляраў, якая была не занятая, таму што яе зняў расіянін, не гледзячы ўжывую, і аплаціў сваёй карткай, але аплата не прайшла. Гэта да таго, што цяпер некаторыя бяруць жыллё нават без прагляду. У выніку мы здымаем за 850, але не ў тым раёне, які ўсе хваляць». 

Яшчэ адно падарожжа ў Грузію: дзве перасадкі ў аэрапортах, і шэсць гадзін у маршрутцы

Маршрут: Мiнск — Масква — Ніжні Ноўгарад — Ерэван — Тбілісi.

Тарас вырашыў з’ехаць менавіта цяпер з-за моцнай трывогі. 

«Вельмі цяжка знаходзіцца і працаваць у такім асяроддзі, асабліва калі ўсе вакол цябе ў такім жа стане. Я і раней думаў пра тое, каб з’ехаць, але неяк… прызвычаіўся, ці што. Думаў і павучыцца недзе за мяжой. Здаецца, уся гэтая нерашучасць была следствам няўпэўненасці ў сваіх прафесійных здольнасцях. Цяпер і выбару асабліва няма: стала зразумела, што рана ці позна я буду некуды з’язджаць, хаця асэнсоўваць гэта сумна».

Нягледзячы на тое, што Тарас працуе ў IT-індустрыі, кампанія яму не дапамагала з пераездам. Малады чалавек разглядаў два варыянты — Турцыю і Грузію. У апошняй ужо быў сябар, які дапамог з жыллём на першы час, іншыя знаёмыя планавалі з’ехаць менавіта туды. Так шалі схіліліся ў бок Грузіі.

Купіць прамы квіток «Мінск — Тбілісі» не атрымалася. Пакуль наш суразмоўца ўсё вырашыў, яны скончыліся. Была магчымасць узяць месца ў самалёце на канец сакавіка, але Тарас адзначае: патрэба ў бяспецы адчувалася проста неадкладная. 

Тбілісі

«Знайсці ўсе квіткі дапамагла сяброўка, сам я вельмі слабы ў планаванні маршрутаў. Але ў выніку план знайшоўся хутка. З-за свайго невялікага досведу падарожжаў я ўспрыняў яго нармальна. Атрымаліся дзве перасадкі ў аэрапортах: у Маскве — да Ніжняга Ноўгарада, а адтуль — да Ерэвана. Пасля я знайшоў маршрутку да Тбілісі і паехаў на ёй. Дарога заняла гадзін шэсць».

Агулам Тарас правёў у дарозе больш за двое сутак. 

«Што тычыцца грошай, то ўсё адно падарожжа аказалася нятанным — каля 420 даляраў. Калі плануеце такі ж пераезд, я б раіў добра прадумаць «легенду падарожжа», каб пераканаўча адказваць на пытанні памежнікаў (напрыклад, што вы робіце ў тым жа Ніжнім Ноўгарадзе), і ўвогуле пачытаць, як размаўляць з прадстаўнікамі ўлады». 

Таксама Тарас рэкамендуе прыглядацца да жылля ў Батумі ці Кутаісі, таму што ў Тбілісі цяпер знайсці нешта складана.

«Два квіткі абышліся ў 2000 даляраў»

Маршрут: Мінск — Масква — Ташкент

Станіслаў кажа, што з пачаткам вайны ва Украіне плюсы ў выглядзе сяброў, сям’і, кватэры і ўсяго іншага ўжо перасталі перакрываць небяспеку. 

«Вядома, што з маім заробкам (я айцішнік) можна вельмі прыстойна жыць у Беларусі, а пераезд — гэта нервовае і складанае мерапрыемства. Але і я, і мая жонка — ваеннаабавязаныя, таму для нас ёсць прамая пагроза жыццю ў выпадку мабілізацыі і ваеннага становішча,

— апісвае сітуацыю мужчына. — У працэсе пераезду шмат дапамагала мая кампанія, у першую чаргу інфармацыйна».

Ва Узбекістане ёсць свой IT-парк, які дапамагае цяпер і з трансферам да гатэля, і з афармленнем дакументаў.

«Чаму Узбекістан? Ні ў мяне, ні ў жонкі шэнгенскай візы не было, а нават калі афармляцца з дапамогай кампаніі, гэта зойме час. Таму выбар аўтаматычна звёўся да Грузіі, Арменіі і Узбекістана. Ташкент абралі таму, што, па-першае, гэта менш папулярны напрамак, а таму знайсці жыллё лягчэй, а па-другое, тут спакайней. У Арменіі канфлікт з Азербайджанам, які, дарэчы, зноў абвастрыўся, а два рэгіёны Грузіі ўвогуле акупаваныя Расіяй, — дадае суразмоўца. — Не хацелася б ляцець з адной зоны баявых дзеянняў у іншую».

Калі Станіслаў браў квіткі, найбліжэйшы рэйс у Ташкент са свабоднымі месцамі быў толькі 14 сакавіка. Сям’я палічыла, што чакаць столькі часу ў сітуацыі, якая мяняецца вельмі хутка, не варта. Лепш заплаціць больш, але ляцець з перасадкай.

Ташкент. Фота: «Вікіпедыя»

«Цяпер ўжо бачна: можна было ляцець і 14-га, але на пачатку сакавіка я не мог гэтага ведаць. Ужо з 8 сакавіка, напрыклад, «Аэрафлот» спыніў палёты ва Узбекістан, — прыводзіць прыклад мужчына. — Агулам мы ляцелі гадзін дзевяць, з улікам трох на перасадцы ў Маскве. Яшчэ нейкі час заняло праходжанне мяжы на месцы і дарога да гатэля».

Станіслаў кажа, што падарожжа абышлося яго сям’і дорага — каля 3000 даляраў. Але суразмоўца адзначае: можна ляцець значна танней: квіткі на прамыя рэйсы Мінск — Ташкент можна знайсці за 200 даляраў. 

«З-за таго, што квіткі набываліся літаральна сёння на паслязаўтра, два квіткі абышліся ў 2000 даляраў. Яшчэ каля 500 пайшло на тыдзень жыцця ў гатэлі, яшчэ 500 — на першы месяц арэнды кватэры. Астатняе было па дробязі — мясцовыя сім-карты, паслугі па афармленні дакументаў, камісія рыэлтару, інтэрнэт на знятай кватэры. Вось жыллё знайсці танней у вас атрымаецца наўрад ці, бо цэны тут падняліся да нябёсаў».

Мужчына мяркуе, што яго параду трэба ўспрымаць праз прызму свайго досведу, бо ён праграміст з добрым заробкам і зберажэннямі ў валюце, без дзяцей, хатніх жывёл і кватэры ў крэдыт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру