«Белмедпрэпараты» — найбуйнейшае фармацэўтычнае прадпрыемства краіны. Zerkalo.io патэлефанавала туды як прыватная асоба, каб даведацца больш падрабязна пра праблемы з пастаўкамі лекаў. На прадпрыемстве пацвердзілі, што шэраг медыкаментаў са спісу ніжэй сапраўды пакуль не будзе вырабляцца. Праўда, прычыны розныя: дзесьці цэх спыніў вытворчасць да ліквідацыі заўваг, для некаторых лекаў (у прыватнасці, карвалолу) няма рэактываў для правядзення аналізу якасці, хоць сам прэпарат выраблены.

Па словах супрацоўніка прадпрыемства, на такое становішча спраў у тым ліку паўплывалі санкцыі. Наўпрост яны не закранаюць фармацэўтыку, але датычацца дапаможнай сыравіны, флаконаў, коркаў і гэтак далей — частка ўсяго гэтага завозілася з Германіі, ЗША і Украіны. Але сітуацыя не крытычная, запэўнілі на «Белмедпрэпаратах».

— У аптэках і на складах ёсць прэпараты не на месяц, а з запасам — на тры-чатыры. Гэта значыць, у нуль нічога не сышло. У нас яшчэ ёсць складскія запасы, сыравіна, таму будзем працягваць вырабляць. Могуць быць пытанні да будучых паставак, але пакуль няма такога, каб не было нейкіх лекаў. Да таго ж ёсць аналагі, на адзін прэпарат у нас некалькі айчынных вытворцаў. Таму, думаю, не павінна быць пытанняў.

— Але выбар можа скараціцца?

— Так, будзе меней, не так, як раней. Але, я думаю, гэта ўсё роўна на першыя некалькі месяцаў, потым усё наладзіцца.

Сярод пералічаных у дакуменце лекавых сродкаў ёсць як тыя, без якіх можна абысціся, накшталт аскарбінавай кіслаты, так і прэпараты, неабходныя для лячэння розных захворванняў.

Па просьбе Zerkalo.io доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг (ён пажадаў захаваць ананімнасць) прааналізаваў гэты спіс.

— У гэтым спісе ёсць «мясцовыя анестэтыкі» навакаін і лідакаін (першы прэпарат не плануецца да пастаўкі ў першым паўгоддзі 2022 года, другі плануюць выпусціць у сакавіку і рэалізаваць у трэцяй дэкадзе чэрвеня). У маёй практыцы яны неабходныя, прымяняюцца пры мясцовым абязбольванні і правядзенні рэгіянарных блакад. Гэта самыя простыя мясцовыя анестэтыкі —ёсць і іншыя, але яны даражэйшыя і імпартныя. Яшчэ вельмі важны прэпарат клапідагрэл (яго пастаўкі ў сакавіку будуць частковымі), калі яго не будзе, то пацыенты з вострым інфарктам міякарда не атрымаюць належную медыцынскую дапамогу.

Суразмоўца рэзюмуе, што ў многіх прэпаратаў са спісу ёсць аналагі, але некаторыя, накшталт клапідагрэлу, замяніць нельга — ён ужываецца ў адпаведнасці з пратаколамі Міністэрства аховы здароўя. Да таго ж доктар дадае, што ў яго бальніцы ўжо сказалі эканоміць лекі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0