«Ніякіх атак на Беларусь не здзяйснялася. 61-я знішчальная авіяцыйная база выконвае планавыя палёты. У рамках іх правядзення падчас выканання палётнага задання самалёт Су-30СМ пераадолеў звышгукавую хуткасць, што і стварыла гукавы ўдар (суб'ектыўна ён успрымаецца як гром ці гук ад выбуху). Да таго ж ваенныя вучэнні і зборы праходзяць і на палігонах», — растлумачылі ў 61-й ЗАБ.

Магутныя выбухі позна вечарам 16 сакавіка былі чутныя ў Баранавічах, Лунінцы, Століне, Слуцку, іншых гарадах.

Тлумачэнне вайскоўцаў выклікае пытанні.

Па-першае, гукавы ўдар адчуваўся з зоне з вялікім радыусам. Ці мог то быць адзін самалёт?

Па-другое, раней «планавыя палёты з пераадоленнем гукавога бар'ера» ўначы не праводзіліся.

Па-трэцяе, паралельна з тым, што здарылася, былі нанесеныя ракетныя ўдары па горадзе Сарны блізка ад беларуска-ўкраінскай мяжы, насупраць лініі Столін — Баранавічы, на якой былі чуваць тыя гукі.

Па-чацвёртае, украінцы заявілі пра падбіццё двух расійскіх самалётаў у суседняй Кіеўскай вобласці.

Па-пятае, сёння ўначы прайшлі моцныя бамбёжкі паўночнаўкраінскага горада Чарнігаў, у выніку якіх загінулі 53 жыхары.

Украіна сцвярджала, што расійская авіяцыя вылятае на ўкраінскія аб'екты ў тым ліку з беларускіх аэрадромаў, а ракетныя ўдары наносяцца ў тым ліку з размешчаных у Беларусі комплексаў «Іскандэр».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0