Я знаходжуся ў сяброў, хаваюся. Паволі пачынаю ўсведамляць, што маё жыццё змянілася назаўжды, да старога жыцця я вярнуцца не магу (уздыхае). Прымаю заспакаяльныя. Вельмі хвалююся за сваіх дзяцей — 17-гадовага сына і 11-гадовую дачку. Абое яны ў Маскве, але не са мной, яны ў бяспецы.

Мы ўсе застанемся ў Расіі. Мы не прымем прапанову прэзідэнта Францыі пра палітычны прытулак: я патрыётка, мой сын — яшчэ большы патрыёт, мы нікуды не хочам зʼязджаць.

Для сямʼі мая акцыя — цяжкі ўдар. Мама ўсё яшчэ знаходзіцца ў стане шоку, яна стомленая. Сын папракнуў мяне за тое, што я разбурыла жыццё ўсіх членаў сямʼі, але ў яго і так няпросты ўзрост. Мы працягваем размаўляць адзін з адным, але гэта проста складана фізічна выносіць, я знаходжуся паміж двух агнёў і не адчуваю вялікай падтрымкі з боку сямʼі.

Мне страшна, нават вельмі страшна. Я толькі чалавек. Адбыцца можа ўсё што заўгодна, напрыклад, аўтакатастрофа.

Але я не шкадую, што назвала вайну вайной, я ўжо перайшла рысу, за якой няма шляху назад. Застаецца толькі казаць прама і адкрыта.

Пакуль супраць мяне не заведзеная крымінальная справа, праходзіць праверка. Хаця я чула, што гэтага [узбуджэння крымінальнай справы] патрабуюць прадстаўнікі ўлады. Пакуль мяне прыгаварылі да штрафу ў 30 тысяч рублёў, але калі б у мяне не было дзяцей, я, як і многія іншыя, адбывала б 15 сутак.

Раней я не вельмі цікавілася палітыкай, не хадзіла на пратэсты, але незадаволенасць станам рэчаў збіралася гадамі — гайкі паступова закручваліся ўсё мацней. Спачатку мы не маглі выбіраць губернатараў, потым 2014, ДНР і ЛНР, атручванне Навальнага, рэпрэсіі супраць незалежных СМІ. Але ўсё перавярнула вайна, якой ніхто не чакаў.

Я нарадзілася ў Адэсе, але ў восем гадоў пераехала ў Расію. Мой бацька памёр у гэтым горадзе, там яго магіла. У мяне засталіся сваякі ва Украіне, але мы мала кантактуем. Мой пратэст — гэта пацыфісцкая акцыя: у інтарэсах Расіі і ў інтарэсах свету як мага хутчэй скончыць вайну. На Захадзе шмат хто не разумее, што расіяне таксама супраць гэтай вайны.

Я чытала, што мая акцыя была фэйкам, мантажом, але вось жа я — сапраўдны чалавек (смяецца). Многія калегі могуць пацвердзіць, што гэтая акцыя сапраўды адбылася. Усё гэта было толькі маёй ідэяй, я ведаю, што сказаў [прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый] Пяскоў, цяпер я вораг нумар адзін. Ведаеце, я была ў такой лютасці, што нават не падумала пра наступствы свайго ўчынку. Я ўсведамляю іх толькі цяпер — з кожным днём усё больш і больш.

Адбылося ўсё вось як. На Першым канале мы працуем па тыднёвых зменах. Да панядзелка ў мяне былі выхадныя, я ўсё падрыхтавала, купіла ватман і маркеры, на кухні намалявала плакат і запісала відэаролік. Не абмеркавала свае планы ні з сямʼёй, ні з калегамі. У панядзелак я, як звычайна, выйшла на працу, вывучыла размяшчэнне камер і выбрала месца, дзе магу ўстаць з плакатам. Самым вялікім страхам было, што мяне ніхто не ўбачыць па тэлевізары, што ўсё будзе дарма.

Я ўварвалася ў студыю — міма паліцыянта, які не паспеў адрэагаваць. Затым паказала плакат, вярнулася на сваё працоўнае месца і стала чакаць. Да мяне прыйшлі начальнікі, усе яны пыталіся адно і тое ж: «Няўжо гэта былі вы?» Ніхто не хацеў у гэта верыць. Толькі пасля зʼявілася паліцыя.

Трэба сказаць, размаўлялі са мной даволі прыязна: начальства хацела, каб я звольнілася. Будучы на эмоцыях, я гэтага не зрабіла, але сёння падам заяву.

А паліцыянты ветліва размаўлялі са мной пра палітычную сітуацыю ў Расіі. Допыт вёў намеснік кіраўніка аддзела па барацьбе з экстрэмізмам, яму ўвесь час тэлефанавалі яго начальнікі.

Ніхто не верыў, што я сама вырашылася на пратэст: усе пыталіся, як я звязаная з Захадам, хто мяне навучыў.

На Першым канале я працавала ў міжнародных навінах, была на сувязі з міжнароднымі агенцтвамі, чытала іх стужкі, запісвала інтэрвʼю з палітыкамі і экспертамі, прадзюсавала сюжэты. Я бачыла іншую рэальнасць, але разумела, што кожная краіна абараняе свае інтарэсы, а мы знаходзімся ў інфармацыйнай вайне. Аднак паступова праца ператварылася ў вялікі цяжар.

Большасць працаўнікоў дзяржканалаў цудоўна разумеюць, што адбываецца, яны зусім не перакананыя прапагандысты. Унутры іх увесь час ідзе барацьба паміж працай і маральнымі арыенцірамі. Ім трэба неяк карміць семʼі, а іншай працы цяпер не знайсці. Але мне радасна чытаць пра тое, што многія цяпер звальняюцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру