Жонка Андрэя Скурко Паўліна каля Валадаркі.

Мы былі з ім удваіх. Ніхто больш на спатканні не запісаўся. Там было восем кабінак для перамоў, і мы з ім адныя на ўвесь гэты калідор — гэта таксама накладала пэўны адбітак. Было вельмі спакойна, вельмі весела.

Андрэй асцярожна пацікавіўся, як калегі, як выданне. Напэўна, ж там слухаюць праз гэтую трубку. Я сказала, усё добра. Ён кіўнуў з палёгкай.

Ён быў такі спакойны, такі вясёлы. Казаў, расстроіўся трохі, калі пачуў, колькі пракурор запатрабаваў. А пасля ўжо быў спакойны.

Казаў, так добра папрацаваў перад прысудам і ў судзе. Ён па памяці перакладаў Айбаліта. У яго Айбаліт будзе называцца «Доктар Будзьздароў». «Добры доктар Будзьздароў лечыць зайцаў і кароў». Таксама алфавіт ён прыдумаў вершаваны, спадзяецца, можа, атрымаецца выдаць маленькай кніжачкай.

Вельмі дзякаваў кожнаму, хто быў на судзе. Гаварыў, што кожнага прыемна было бачыць.

Распавёў, што чытае зараз другі том «Вайны і міру» — «не без цікавасці».

Кампанія ў іх там добрая, ёсць людзі, «з якімі і ў будучыні будзе прыемна камунікаваць».

Я сказала, што перажываю, як там у калоніі з яго дыябетам, як з харчаваннем там будзе. Ну, нібыта яму расказваюць, што харчаванне там лепшае, чым у СІЗА, і масла кожны дзень, і малочныя прадукты, і нібыта нейкае частковае вызваленне ад работ, але яму работа, наадварот, цікавейшая.

Ён перакананы і прасіў бацькам давесці, што 2,5 гады — гэта такі максімум. Ён не думае, што 2,5 гады прыйдзецца сядзець. Хаця ў калонію, ён называе «на лагер», паехаць прыйдзецца.

Пагаварылі пра палітыку. Я ўжо гэта пакінула на канец, калі раптам нам праз палітыку сувязь адключылі б. Кажу, ведаеш, чатырох генералаў расійскіх забілі ва Украіне, а ўкраінскіх ‒ ніводнага. Прэм’ер-міністры прыязджалі ва Украіну Польшчы, Чэхіі і Славеніі, а ён кажа, што ведае. Я пытаю, адкуль? Ён адказаў, што чытае бягучы радок па тэлебачанні ў камеры, там многа цікавага можна прачытаць. Я так зразумела, што яны там у курсе таго, што адбываецца ва Украіне.

Я спытала, як ён адзначыў дзень нараджэння, у яго быў 12 сакавіка. Адказаў, што папілі чаю з пасцілою і зефірам, што я перадала, потым быў яшчэ нечы дзень нараджэння, паставілі торт нейкі турэмны з каржоў з прапіткай, атрымліваецца нібыта смачна.

Ён сказаў, што раней думаў, што вось дажыў да 40 гадоў ‒ усё пабачыў, усё ўжо было, далей такое жыццё па накатанай. А вось цяпер такія нечаканыя прыгоды, такое новае спазнаеш ‒ і пра свет і пра сябе і пра людзей.

Я пытаю, ты і дагэтуль думаеш, так, як у пачатку, што гэта самыя цікавыя прыгоды ў тваім жыцці? Ён кажа, ну ў прынцыпе, так.

Паўліна Скурко: Прамова адваката на судзе над Андрэем і Ягорам будзе ўключаная ў хрэстаматыі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру