Ці трэба расказваць дзецям пра вайну?

У дарослага ёсць развітая прыфрантальная кара ў галаўным мозгу, якая дазваляе спраўляцца з эмоцыямі, страхамі, выбіраць інфармацыю і знаходзіць ёй рацыянальнае тлумачэнне. Усяго гэтага няма ў дзіця. Гэта значыць, ён жыве эмоцыямі, неасэнсаванымі катэгорыямі. Дарослыя і дзеці знаходзяцца цяпер у сітуацыі, дзе базавыя рэчы парушаны. Нам патрэбны нейкія прывязкі да рэальнасці, каб вярнуць магчымасць кіраваць сваімі эмоцыямі.

Менавіта размова, дапамога ў арыенціроўцы ў сітуацыі аказваюцца вельмі важнымі для дзіця. Яго нельга пакінуць са словамі «ўсё добра», калі вельмі моцна трывожацца бацькі. Ён разумее, што вы яго падманваеце, а калі гэта так, то даверу да вас не будзе.

Дзеці выглядваюць з акна вагона аварыйна-эвакуацыйнага цягніка. Кіеўскі вакзал, 3 сакавіка 2022 г. Фоты: АР, Андрэй Дубчак

Дзеці выглядваюць з акна вагона аварыйна-эвакуацыйнага цягніка. Кіеўскі вакзал, 3 сакавіка 2022 г. Фоты: АР, Андрэй Дубчак

Менавіта таму казаць пра тое, што адбываецца, абавязкова трэба. У цэлым функцыя дарослага для дзіця — гэта фарміраванне бяспекі і перадача мадэлі паводзін, адносін, рэакцый. Бяспека зараз моцна парушана, а такім чынам і функцыянаванне асобы таксама. Паўтаруся, гэта тычыцца як людзей, якія знаходзяцца ў месцах баявых дзеянняў, так і тых, хто па-за, у суседніх краінах.

Як расказваць дзецям пра вайну?

Калі вы пачынаеце гутарку, важна разумець ступень цікавасці дзіця, быць адчувальным да тых пытанняў, якія яно задае, да эмацыйных рэакцый, якія дэманструе.

Адказвайце толькі на тыя пытанні, якія яно задае. Перад размовай арганізуйце прастору і ўласны стан. Вам трэба быць спакойным, а гутарка не павінна быць на хаду, у абмежаваным часе.

Дзіця можа даць эмацыйны адказ. Адпаведна, яму спатрэбіцца час, каб супакоіцца. Калі дзіця задае пытанне пра вайну па дарозе ў школу, можна адказаць, што гэтая тэма сур'ёзная і мы вернемся да яе ўвечары. Растлумачыць, што гэта патрабуе часу.

Прадумайце фразы, якія эмацыйна будуць падтрымліваць і якія не адмаўляюць жаху таго, што адбываецца. Змест самой гутаркі залежыць ад узросту дзіця. Важна памятаць, што мысленне да юнацкага ўзросту альбо чорнае, альбо белае. Гэта значыць, што яны ўспрымаюць усё як «добра» ці «дрэнна».

Развагі аб геапалітычных рэчах магчымыя толькі з дзецьмі пасля падлеткавага ўзросту. З такімі, дарэчы, вельмі проста: вы можаце шукаць разам розныя пункты гледжання і аргументаваць, што вам бліжэй і чаму. Малым трэба расказваць пра тое, што адбываецца ўнутры. Напрыклад, можна сказаць, што ўсе сварацца, а калі гэта робяць дарослыя, маштаб і складанасць большыя. Так узнікае паміж імі вайна. Растлумачыць, што ў такіх умовах усім астатнім людзям на планеце трэба дапамагчы ім дамовіцца.

Пакінутыя чамадан і дзіцячы вазок украінскіх уцекачоў на памежным пераходзе з Польшчай, 2 сакавіка 2022 года. Фота: AP

Пакінутыя чамадан і дзіцячы вазок украінскіх уцекачоў на памежным пераходзе з Польшчай, 2 сакавіка 2022 года. Фота: AP

Важна паведаміць, што дарослыя робяць усё магчымае, каб сітуацыя стала бяспечнай, пераканаць, што вы зможаце яго абараніць.

Гэта не датычыць тых дзяцей, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў. Яны павінны засвоіць простую інфармацыю пра сябе: імя, прозвішча, адрасы, што рабіць, калі гучыць паветраная трывога. Яшчэ адно правіла пры размове: не адказваць на пытанне шырэй, чым задало дзіця.

Калі яно пытаецца, хто дрэнны, то мы адказваем хто, але не ўдаемся ў нейкую тэорыю.

Што рабіць, калі дзіця перажывае, але не кажа пра гэта?

Важна безацэначна і неіранічна прымаць усё, што казала дзіця да гэтага. Тады будзе фармавацца да вас давер. Трэба выкарыстоўваць фразы: «я разумею, што табе трывожна», «я побач, буду цябе абараняць», «ты можаш расказаць мне, мы разам падумаем, што трэба зрабіць». Важна прыняць яго эмоцыі, расказаць яму, што вы таксама турбуецеся, але ведаеце, што рабіць.

Як правіла, само пачуццё бяспекі мы перажываем праз цела: абдыміце дзіця, пабудуйце з ім які-небудзь маленькі домік з коўдры і там пагаварыце. Такім чынам, вы вернеце яго ў бяспеку, вернеце кантроль над сітуацыяй.

Калі казаць пра падлетка, то для яго ў сітуацыі стрэсу будзе важна выпусціць адрэналін. Гэта значыць здзейсніць фізічную нагрузку. Гэта дапаможа. 

Дзіця пытае, як дапамагчы. Што адказаць?

Падлетак можа заняцца «інфармацыйнай гігіенай», каб у вас не было бясконцага скролінгу падзеяў. Напрыклад, вылучыць увечары гадзіну, калі вы будзеце з ім раскладваць навіны на добрыя і адмоўныя.

З маленькім дзіцем можна пагуляць. Гульні дапамогуць яму справіцца са страхам. Толькі не навязвайце іх, а далучайцеся.

Гэта можа быць што заўгодна. Нават добра будзе звязаць такую гульню с падзеямі, якія адбываюцца.

Члены скаўцкай арганізацыі «Пласт» плятуць маскіровачныя сеткі ў Івана-Франкоўску, 28 лютага 2022 г. Фота: Кашуба Тарас / УНІАН

Члены скаўцкай арганізацыі «Пласт» плятуць маскіровачныя сеткі ў Івана-Франкоўску, 28 лютага 2022 г. Фота: Кашуба Тарас / УНІАН

Бацькі абмяркоўваюць вайну, а дзіця слухае. Ці можна так рабіць?

Мы не можам жыць у свеце без сацыяльных кантактаў і інфармацыі. Яна ўсё роўна будзе прарывацца. Калі бацькі паміж сабой абмяркоўваюць загінулых, параненых, у дзяцей актуалізуецца страх смерці. У такім выпадку яны пераносяць ўсё на бацькоў з пытаннем: «Што я буду рабіць, калі іх не будзе?». І тут зноў падрываецца пачуццё бяспекі. Напрыклад, маленькія дзеці імкнуцца часта кантраляваць сітуацыю: правяраюць, дзе знаходзіцца маці, ці ёсць да яе доступ. Пры актуалізацыі страху смерці гэты кантроль страчваецца.

Увогуле на смерць мы глядзім праз прызму культурнай міфалогіі, у якой жыве сям'я. Напрыклад, гэта можа быць вера, хрысціянства. Калі заходзіць размова з дзіцем аб смерці, то можна сказаць яму, што цяпер гэтым людзям добра, яны ў новым свеце, у Бога. Гэта здымае некаторую канфліктнасць.

Калі такое тлумачэнне не разглядаецца, то варта пераканаць, што смерць наступіць не хутка, адцягнуць увагу ад гэтых разважанняў.

Што рабіць, калі ў дзіця пачалася паніка?

Дазволіць яму гэта і памяншаць інтэнсіўнасць адказу. Можна прапанаваць выканаць нейкія дзеянні. Паказаць ці знайсці разам месцы, дзе дзіця можа схавацца. Перавесці гэта на вербальны ўзровень: папрасіць расказаць, чаго баіцца. Калі яно няздольнае на гэта ўсё, то мы абдымаем, даем ўпэўненасць, што мы яго абараняем. Таксама можна праз час адцягнуць увагу на кнігу ці фільм, якія звязаныя з дзіцячымі перажываннямі вайны. Напрыклад, «Хронікі Нарніі».

Можна прапанаваць памаляваць. Не палохайцеся, калі дзіця адлюструе нешта страшнае. Трэба дазваляць яму рабіць гэта. Маляванне дапаможа выплюхнуць назапашаны страх, стрэс.

Варта спытаць у дзіця, як яму дапамагчы, хоча ён пабыць адзін ці не. Калі гэта зона баявых дзеянняў, то з ім трэба прагаварыць, што ён робіць, бярэ, як сябе паводзіць. Напісаць разам паперкі з кантактамі, дадзенымі.

Як вайна ўвогуле можа паўплываць на дзяцей ў будучыні?

Украіна блізкая, суседняя краіна, таму, хутчэй за ўсё, у тых катэгорый, якіх яна неяк тычыцца, будзе траўматычны досвед, звязаны са стратай пачуцця бяспекі.

Мы памятаем, што некалі цэлае пакаленне гуляла ў двары ў вайну. Гэта адбывалася таму, што яе некалі перажылі нашыя бацькі. Магчыма, і гэтае пакаленне будзе «адыгрываць» вайну.

Зразумела, што дзеці, якія знаходзіліся ў зоне баявых дзеянняў, будуць уразлівыя. У будучыні ім спатрэбіцца дапамога ў пераадоленні гэтага досведу. Цяпер галоўная задача псіхалагічнай супольнасці — знізіць уплыў траўматычнага вопыту дарослага на дзіця. Калі ў Беларусі не будуць разгортвацца ваенныя дзеянні, то глабальных нейкіх псіхалагічных праблем у дзяцей-беларусаў не з'явіцца. Вядома, пры ўмове, што іх родныя не пацярпелі ў гэтым канфлікце. 

«Толькі дзеянне ратуе». Спыталі ў вядомых беларусаў, як перажыць гэтыя часы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0