Расійскія баявыя машыны, знішчаныя ўкраінскімі беспілотнікамі. Фота: Міністэрства абароны Украіны.

Расійскія войскі нясуць каласальныя для вайны ХХІ стагоддзя страты. Расійская армія статыстыкі не публікуе, але, мяркуючы па ўсім, за тры тыдні вайны ва Украіне расейцы страцілі больш людзей забітымі, чым амерыканцы за 20 гадоў у Іраку і Афганістане разам узятых. Эксперты звяртаюць увагу на тое, што пытанне не толькі ў баявым духу. Некаторыя з відаў узбраення ва ўкраінцаў — лепшыя, чым у Расіі. Гэта, у прыватнасці, беспілотнікі. Неўзабаве з ЗША паставяць сто дронаў-камікадзэ Switchblade. Ці могуць беспілотныя лятаючыя апараты пераламіць ход гэтага канфлікту на карысць Украіны?

Паводле афіцыйных звестак Крамля, на гэты момант расейцы збілі 160 украінскіх беспілотнікаў. Украінцы ж кажуць, што збілі толькі 11 расейскіх машын гэтага тыпу.

Вядома, трэба ставіцца крытычна да дадзеных з абодвух бакоў, але такая дыспрапорцыя яскрава сведчыць аб тым, што ўкраінцы выкарыстоўваюць беспілотнікі ў баях значна часцей за расійскія войскі. Гэта прызнаюць ваенныя эксперты, якія назіраюць за вайной.

Украінскія сілы наносяць расейцам значныя страты, асабліва з дапамогай беспілотнікаў «Байрактар», пра якія ва Украіне ўжо пачалі складаць песні. Дакладна не вядома, колькі ва Украіне такіх беспілотнікаў і якія страты яны наносяць. Аднак выглядае, што дроны знішчылі ўжо дзясяткі расійскіх танкаў і іншай бронетэхнікі.

Усяго, па ацэнках заходніх аналітыкаў на аснове наяўных відэа, фота і дадзеных спадарожнікаў, украінцы знішчылі каля 230 браніраваных машын праціўніка. Гэта найбольшыя страты бранятэхнікі за такі кароткі час ад моманту вайны ў Іраку ў 1991 годзе.

Генерал Мечыслаў Бенек, былы намеснік кіраўніка стратэгічнага камандавання НАТА, лічыць, што беспілотнікі таксама стаяць за іншымі поспехамі ўкраінцаў.

— Чаму ў гэтай вайне так часта гінуць расійскія камандзіры? Адным з тлумачэнняў можа быць выкарыстанне дронаў. Яны могуць выяўляць месцы высокага электрамагнітнага выпраменьвання. А гэта можа азначаць, што ў гэтым месцы знаходзяцца шматлікія сродкі сувязі, якімі карыстаюцца камандзіры, — расказвае генерал Бенек.

Генерал Мечыслаў Бенек.

На сёння Расія страціла ў вайне як мінімум чатырох генералаў. Украінцы — ніводнага.

Чаму Расія не выкарыстоўвае беспілотнікі ў гэтым канфлікце так шырока, як украінцы? Адказ можа быць просты — магчыма, проста ў іх беспілотных апаратаў не так шмат.

— У апошнія гады расійская армія інвеставала ў элітныя падраздзяленні, такія як дэсант і спецназ. Трохі ў ядзерны арсенал, трохі ў паветрана-касмічныя сілы і флот, — кажа генерал.

Аднак вялікіх укладанняў у беспілотнікі не было. Як і ўвогуле не было вялікага пераўзбраення сухапутных і паветраных сіл у Расіі. Войскі Расіі спецыялізаваліся на «спецаперацыях» і былі перакананыя, што такім канфліктам будзе і вайна ва Украіне. Аднак яны не падазравалі, што канфлікт перарасце ў канвенцыйную вайну, у якой беспілотнікі вельмі дарэчныя.

— Расійская стратэгія прадугледжвала ў асноўным атакі атрадаў спецназа і паветраныя дэсанты. Так было, напрыклад, у Сірыі, — падкрэслівае генерал.

Магчыма, няўвага расіян да беспілотнікаў таксама можа быць звязана з тым, што Расея мела поўную перавагу ў паветры над Украінай, — таксама звяртае ўвагу Мечыслаў Бенек. — Аднак беспілотнікі, безумоўна, праблема для расейцаў. Збіць іх няпроста. — Дроны звычайна дзейнічаюць на сярэдніх вышынях, таму тэарэтычна іх маглі б збіваць расійскія верталёты. Аднак гэта рызыкоўна. На такіх вышынях верталёты падвяргаюцца агню ўкраінцаў. Таму, напэўна, расейцы проста баяцца туды лятаць, — тлумачыць генерал.

Зусім іншай была стратэгія ўкраінцаў. Улады гэтай краіны з моманту акупацыі Крыма рыхтаваліся да магчымай маштабнай вайны. Таму яны не пабаяліся інвеставаць у сучаснае абсталяванне і вывучалі досвед нядаўніх сусветных канфліктаў, у якіх усё часцей выкарыстоўваліся беспілотнікі.

— Першай вайной, у якой дроны выкарыстоўваліся ў баявых дзеяннях у вельмі вялікіх маштабах, быў армяна-азербайджанскі канфлікт, вайна ў Нагорным Карабаху ў 2020 годзе.

Бачыце, украінцы зрабілі правільныя высновы і атрымалі ліцэнзію на вытворчасць байрактараў. Гэта цяпер акупляецца на полі бою, — кажа генерал Бенек.

Але ці можа шырокае выкарыстанне беспілотнікаў вырашыць лёс канфлікту? Неўзабаве ва Украіну з ЗША павінны паступіць аж 100 камплектаў сучасных беспілотнікаў Switchblade. Яны вядомыя як «дроны-камікадзэ», таму што яны могуць паражаць цэль непасрэдна. Расея ж не мае доступу да такой тэхнікі.

Санкцыі не дазволяць Маскве купіць сучасныя заходнія беспілотнікі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер Крэмль хоча набыць кітайскія беспілотнікі. Пекін, аднак, адмаўляе, што такія запыты былі. Цяжка сказаць, ці рашыцца Кітай у выніку на такія пастаўкі.

Эксперты не могуць сказаць адназначна ці могуць сучасныя беспілотнікі выйграць вайну. Аднак яны амаль напэўна паўплываюць на яе вынік. Асабліва калі ў выніку атак украінцы такімі ж тэмпамі працягнуць знішчаць расейскую тэхніку і генералаў.

Тым больш, што расейцы пакуль шырока не выкарыстоўваюць сваю авіяцыю — чаго таксама не разумеюць эксперты.

— Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, то ў Расіі некалькі тысяч вайсковых самалётаў. Чаму ў варварскіх атаках на Украіну пакуль задзейнічаныя толькі некалькі соцень? Тут цяжка знайсці адназначны адказ. Магчыма, значная частка арсенала ВПС Расеі проста няспраўная. Відавочна, што ў Расіі таксама мінімум высокадакладных боепрыпасаў, таму і пачаліся тэрарыстычныя бамбёжкі гарадоў, — дадае генерал.

Генерал Бенек падкрэслівае, аднак, што дроны самі па сабе ў войнах не перамагаюць і не будуць перамагаць яшчэ доўга. Вельмі важна правільна іх упісваць у агульную сістэму сілаў.

— Сучаснае поле бою — гэта спалучэнне мноства баявых сістэм, аператыўнага майстэрства і ўмелай тактыкі падчас баявых дзеянняў. Беспілотнікі зʼяўляюцца часткай гэтай сістэмы і выкарыстоўваюцца для разведкі, вызначэння цэляў і кіравання артылерыйскім агнём, — дадае генерал.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру