Раён у Кіеве, пацярпелы ад вайны. Фота: АР

«Наша Ніва»: Як змянілася жыццё гараджан у параўнанні з першымі днямі вайны?

Аляксандр Прашута: Напачатку ўварвання самым велізарным цяжарам была неакрэсленасць. Усе, зразумела, чыталі навіны напярэдадні ўварвання, разумелі, што пагроза ёсць. Аднак адзінкі насамрэч верылі ў рэальны пачатак баявых дзеянняў. Таму калі наступ расейцаў пачаўся, ніхто не разумеў, куды бегчы, як дзейнічаць ды на што спадзявацца.

Неакрэсленасць тычылася літаральна ўсяго: з'язджаць з горада альбо заставацца, дзе жыць і як сябе паводзіць, калі ўсё ж адмаўляешся ад уцёкаў. Псіхалагічна гэта ціснула мацней за ўсё. Да таго ж, непасрэдна на жыхароў Кіева ў першыя дні паўплываў падыход расейскіх вайскоўцаў ушчыльную да горада — танкі ішлі па Абалоні, вяліся баі на адной з цэнтральных магістраляў, праспекце Перамогі. Панікай я б гэта не назваў, але трывожнасць, так, зашкальвала…

Зараз самае складанае — вытрымаць баланс паміж жаданнем вярнуцца да нармалёвага быцця і тым, каб не забывацца, што ідуць баявыя дзеянні. Таму што ў параўнанні з Харкавам, Марыупалем, Сумамі ў сталіцы, па сутнасці, вайны няма. Ёсць асобныя разбурэнні, аднак горад жыве: з цяплом, святлом, гарачай вадой у 95 адсотках будынкаў. Людзі разумеюць, што неяк трэба наладжваць побыт, зарабляць грошы — і разважаюць ужо гэтымі катэгорыямі. І важна ў гэтым не згубіць пільнасць, бо некалькі разоў на дзень усё роўна гучаць сігналы паветранай трывогі.

«НН»: Ці абмінуў горад прадуктовы крызіс?

АП: Праблемы з харчаваннем кіеўляне востра пачалі адчуваць дзесьці праз тыдзень пасля пачатку вайны. На той момант буйныя крамы ды супермаркеты ўжо распрадалі тыя запасы, што меліся на складах, а новую прадукцыю завезці было немагчыма. Аднак пакрысе лагістыку аднаўлялі ці перабудоўвалі — і на сёння больш-менш сітуацыя стабілізавалася. Пачалі на рэгулярнай аснове працаваць крамы з вадой, хай сабе кошты на яе падскочылі. Аднавілі продаж мясныя лаўкі — тых, хто адчыніўся, лёгка заўважыць па велізарных чэргах перад уваходамі. Ну і хлеб як з'яўляўся на паліцах шторанак, так ёсць і зараз — зразумела, што на яго попыт самы актыўны.

Таму бытавыя змены ў плане харчавання лепей за ўсё апісаць жартам — Кіеў вярнуўся ў савецкі час.

Аляксандр Прашута. Фота: Іnstagram/alex_proshuta

Ты не можаш зараз зайсці ў АТБ альбо «Сільпо» ды набыць тое, што пажадаеш. Трэба добра так пабегаць з мясной крамы ў малочную, з малочнай у булачную, адтуль на рынак гародніны, каб нешта прыдбаць…

І вось што яшчэ цікава — з прыватных назіранняў, напрыклад, па Траешчыне, дзе жыву. За ўвесь гэты час не бачыў ніводнай працуючай цырульні. І толькі дзень-два таму наноў запрацаваў пункт, дзе б жанчыны маглі зрабіць манікюр. Па горадзе, хутчэй за ўсе, штосьці яшчэ функцыянуе. Але трэба шукаць — як і крамы з побытавай хіміяй ці таварамі для жывёл.

«НН»: Якія складанасці існуюць з камунікацыямі?

АП: Дзесьці дня з пятага вайны і пасля тыдні два рухацца па Кіеве было складана з-за велізарнай колькасці блокпастоў і праверкі дакументаў на кожным з іх. Да таго ж пэўны час існавала забарона на перасоўванне па мастах — працавалі толькі Паўночны ды Дарніцкі. Таму пераправа з аднаго берага на іншы выглядала квэстам. Гэта, дарэчы, рабіла амаль немагчымым эвакуацыю жанчын ды дзяцей з левага берага цягніком — шлях на вакзал адразаўся. Так, транспарт ездзіў, але толькі да мастоў, нашпігаваных рознымі ўмацаваннямі. Зараз, падаецца, абмежаванняў стала меней.

«НН»: Што цябе ўразіла за час вайны менавіта ў Кіеве?

АП: Здзівіла тое, як яднаюцца людзі, раней цалкам чужыя адно аднаму. Суседзі перазнаёміліся не тое, што кватэрамі, а ўжо дамамі ды кварталамі, дапамагаюць адно аднаму: даглядаюць хатніх гадаванцаў, прывозяць медыкаменты, клапоцяцца пра састарэлых.

Уражвае і адаптыўнасць: звыклы патэрн жыцця разваліўся, аднак народ прыняў новыя ўмовы і шукае выйсце з крызісаў побытавых ці псіхалагічных.

Аднак у гэтага медаля ёсць і адваротны бок. Ведаеш, страшна бачыць, як стаіць даўжэзная чарга па малако альбо масла, гучыць у гэты час паветраная трывога, але ніхто не разыходзіцца — «ну паляціць ракета, тады і падумаем». Адчуванне небяспекі нібы атрафіравалася, і гэта ўжо нездаровы сімптом.

«НН»: Давай зафіналім размову пытаннем, якое турбуе кожнага майго суайчынніка: ці змянілася ў кіеўлян стаўленне да беларусаў?

АП: Трэба адрозніваць прыватны ўзровень адносін і дзяржаўны. Асабістае стаўленне да сяброў з Беларусі ў мяне ці то калег, з якімі працую, даволі пазітыўнае. Бо мы ведаем гэтых людзей, іх гісторыю, іх палітычную пазіцыю. Тое ж можна казаць і пра больш шырокае кола ўкраінцаў, дасведчаных у падзяленні вашага грамадства на «ябацек» і свядомых беларусаў.

Аднак у цэлым, у больш нацыянальным украінскім досведзе, змены, канешне, адбыліся вельмі сур'ёзныя. І, на жаль, у негатыўны бок. Бо з тэрыторыі Беларусі ў наш бок ляцяць ракеты, прэзідэнт краіны-суседкі праводзіць асабістыя сустрэчы з галоўным ворагам Украіны, падыгрывае яму ў рыторыцы ў той час, калі па ўсёй нашай краіне гінуць дзеці.

Таму як бы ні хацелася сепарыраваць Лукашэнку ад астатняй нацыі, зрабіць гэта немагчыма. Можаце самі вывучыць рыторыку твітараў, каментароў на парталах — тут сёння ўспрымаюць беларусаў як паслугачоў тэрарыстаў.

Украінцы не адчуваюць і не бачаць рэальнага супраціву з вашага боку, і таму мяняюць стаўленне да беларусаў. Гэта ўжо не мірныя браты, што раней нікуды не лезлі, а злачынцы.

Так, ніхто не забыў пра 2020-ы, пра спробы рэвалюцыі, пра масавы ад'езд людзей. Але тое ў мінулым. Зараз Беларусь — гэта хай сабе ўскосны, але ўдзельнік канфлікту, прычым удзельнік не на баку Украіны. І я, шчыра кажучы, не ведаю, што найбліжэйшым часам павінна адбыцца ці быць зроблена з вашага боку, каб расклад змяніўся.

«Цвёрда вырашыў, што застаюся ў Кіеве, бо закаханы ў гэты горад і ў атмасферу свабоды». Як мінскі менеджар пайшоў у тэрытарыяльную абарону

Жыццё ў акупаваных украінскіх гарадах: расійскія салдаты забіваюць мірных грамадзян, марадзёры шукаюць прадукты

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру