Наш суразмоўца кажа, што вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся пра адпраўку гуманітарнай дапамогі ўкраінцам.

«Ва Украіне не быў амаль тры гады, з тых часоў, як пачаліся кавідныя абмежаванні. А тут бац — мяжа закрытая. І нават не звонку, а знутры! Не Украіна ўвяла візавы рэжым, а рэжым апусціў жалезную заслону.

За дзень да паездкі сустрэў знаёмую, якая скардзілася, што яе бацькі ператварыліся ў тэлезомбі. Усё настолькі дрэнна, што яна пасварылася з мамай і больш не размаўляе з ёй. Ну я чуў, што ў Расіі паўкраіны замбакоў, але ў РБ, я думаў, народ чытае «цялегу»…

На мяжу мы прыехалі з двума машынамі. З намі былі сваякі жыхароў Новых Ярылавічаў, якія везлі ім перадачку. А мы з імі заадно перадалі поўны бус дапамогі і іншым жыхарам вёскі. На мяжы перад намі не было ніводнай машыны. Таму прайшлі яе ўсяго за тры гадзіны. Нас абшукалі тры разы і два разы дапыталі кожнага. Гэта былі беларускія памежнікі. Усе на строме. З калашамі і ў свінцовых броніках

…Асабіст пасля допыту запісаў мой тэлефон… А мае думкі былі аб тым, што гэта ж менавіта гэтыя памежнікі і адкрылі вароты і ўпусцілі ва Украіну войскі з літарай V. Менавіта вось гэтыя людзі. Сур'ёзныя такія… напружаныя…

Перадача дапамогі адбывалася на нейтральнай паласе. Жыхары Новых Ярыловіч прыехалі сюды на маленькім грузавічку. Пакуль перагружаліся, распавялі, што тыдзень правялі без святла, што цяпер ужо са святлом, але двое сутак без сувязі. Што ў Новых Ярылавічах жыве 565 чалавек, што людзі арганізавалі камісію і размяркуюць «нішцякі» на ўсіх тых, хто мае патрэбу. Яшчэ распавялі, што на ўкраінскім памежным посце нікога няма, а сам пост увесь раскруцілі на металалом…

З боку Украіны пад'ехаў бусік, з якога вылезлі два дзядзькі і спыталі, ці можна нешта ў нас купіць. — Не. Гэта не для продажу. Гэта гамяльчане сабралі проста так. А вы адкуль?

— З Рэпак.

— А нам сказалі, што мост узарваны і ў Рэпкі немагчыма праехаць.

— Мост узарваны, але па лесе ёсць дарога. Праз Рэпкі прайшла калона з танкаў штук 200, спынілася за вёскай і страляюць у бок Чарнігава, а далей прасунуцца не могуць, таму што УСУ даюць адпор.

— А колькі ў Рэпках чалавек жыве?

— 8000 чалавек. У мяне свая крама. Яна пустая. Усе паліцы пустыя. Мы адрэзаныя з усіх бакоў.

Тут у размову ўмяшаўся нейкі дзядзька гадоў 55, спрабуючы пасмяяцца са сказанага. Слова за слова, дзед пачаў даказваць, што «ў вашых інтэрнэтах толькі фэйкі» і што ў Марыупальскім радзільным доме толькі тэрарысты засядалі.

Дзед аказаўся з Гомеля, але як ён туды трапіў, я не зразумеў — можа, пешшу прынёс перадачку камусьці. Жыхары Рэпак распавялі дзеду гісторыю як на днях у вёску прыехаў танк, ездзіў шукаў нейкага хлопца. А калі знайшлі яго, расстралялі прама ў яго двары.

Дзед і гэтаму не хацеў верыць:

— Хто расстраляў? Рускія?

— Не, б**, немцы

Дзед не сунімаўся:

— Ты хоць украінскі танк ад рускага адрозніш?

— А што яго адрозніваць? Яны ж усё пазначаныя літарамі лацінскага алфавіту і на рускім танку сядзіць бурат. Я што, бурата ад украінца не адрозню?

Дзед махнуў рукой і адвярнуўся. Аргументы ў яго скончыліся…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0