Фота: 1387.by

Фота: 1387.by

Мікіце Бялевічу 21 год. Нарадзіўся і вырас ён у Бабруйску. Цяпер жыве ў Мінску.

Летась Мікіта стаў вядучым беларускамоўнага TikTok-канала «Годная музыка». У роліках хлопец расказваў пра цікавосткі ў сферы музыкі, раіў, што паслухаць. 

Восенню ён разам з шоумэнам Мікітам Найдзёнавым і Лізаветай Ветравай пачаў весці трэвэл-блог «Бусь Беларусь» на YouTube. У ім беларускамоўныя блогеры расказвалі пра вандроўкі па краіне, «якой хочацца даць буську». Яны аб'ехалі Лепель, Полацк, Ушачы, Гервяты, Гальшаны, Смаргонь, Бабруйск. У роліках расказваецца не толькі пра архітэктуру і гісторыю месцаў, але і пра сучасны каларыт.

«Я не лічу, што займаюся нечым суперцікавым. Але мне падабаецца той факт, што мне 21 год і, не маючы вышэйшай адукацыі, я цалкам самадастатковы чалавек. Бо не толькі ствараю блог, але здымаю відэа, сам здымаюся, прадзюсую, рэжысую. Пакуль яшчэ традыцыйны сцэнарый маладых людзей такі: скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт, з’ехаў ад бацькоў. І пачынаеш існаваць адзін, самастойна. Жывеш у інтэрнаце, з аднакурснікамі — і гэта вельмі важны элемент сацыялізацыі. У гэтым сэнсе любы ўнівер грае вялікую ролю. Але для таго, каб займацца любімай справай, жыць у кайф, неабавязкова мець корачку», — казаў Мікіта ў інтэрв’ю «1387.by»

Таксама хлопец адзначаў, што хоча застацца ў Беларусі і працягваць ствараць кантэнт на карысць людзей і беларускай культуры.

«Нядаўна сфармуляваў для сябе ўласную місію ў медыяпрасторы — я вучу беларусаў ганарыцца сабой. Ёсць такая завядзёнка: каб мясцовым выканаўцам стаць папулярнымі дома, спярша трэба дамагчыся славы за мяжой. У асноўным, у Расіі. Мы пачынаем ганарыцца Каржом, калі яму апладзіруе Масква. І з «Бі-2» гэтак жа, і з «ЛСП», ды з іншымі. Мая задача — паказаць, колькі крутога ёсць у Беларусі, колькі ўсяго класнага робяць беларусы і беларускі. Давайце ганарыцца тым, што мы самі ствараем!» — казаў блогер «1387.by».

У Мінску затрымалі TikTok-блогера Мікіту Бялевіча

Гісторыка Алеся Белага асудзілі на 15 сутак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0