Від з-пад замка ў Астрогу, вотчыны князёў Астрожскіх і адбітку іх эстэтычных уяўленняў. Фота Алеся Кудрыцкага.

З Кіева на захад: па паўночнай Украіне, паралельна беларускай мяжы, праехаў Алесь Кудрыцкі. Дарога на Луцк з Кіева ідзе роўна следам за сонцам. Калі глядзець на мапу, то атрымліваецца гарызантальная лінія справа налева, у бок Польшчы. Яшчэ гэты шлях можна параўнаць з люстраным адбіткам Прыпяці — едзеш паралельна рацэ, толькі па ўкраінскай тэрыторыі і супраць цячэння.

Першая траціна шляху ідзе па Кіеўшчыне, якая нагадвае паўднёвае Беларускае Палессе ля Мазыра. Але бліжэй да Жытоміра пачынаюцца пагоркі, парослыя лясамі, — і наваколле робіцца крыху больш падобным да цэнтральна-паўночнай Беларусі. 

Восень, і пагоркі проста залітыя жоўта-бурштынава-залатымі фарбамі. Іх разразаюць чырвоныя-чырвоныя палосы, нібыта хтосьці напляскаў фарбай — наколькі магу меркаваць на хуткасці здаля, гэта канадскі дуб, які ўвосень робіцца не залаціста-жоўтым, а глыбока чырвоным, амаль гранатавым. І ён мае лісцікі не скругленыя, як наш звыклы дуб, але з завостранымі кончыкамі, а таксама замест звычайных, падобных да выцягнутай кроплі жалудоў родзіць кругленькія пузатыя цэбрыкі з шырокай шляпкай-берэтам.

Шалёна прыгожыя гэтыя чырвоныя палосы сярод жоўтых пагоркаў, асабліва на сонцы. 

Усё жывое

Закінутых вёсак, прынамсі ля большых дарог, не бачна. Усё вельмі жывое, драўляных хатак зусім няма (я бачыў толькі адну ашаляваную, як у нас — яна цалкам выбівалася з краявіду), а ўсё спрэс каменныя ці цагляныя дамы, атынкаваныя ці проста з тыповай украінскай рудой цэглы.

Кладка часта складаная, імітуе на кутах і над вокнамі ўзоры, якія ў Беларусі звычайна робяць драўлянымі ліштвамі. На адной з цагляных хат у вёсцы выкладзена цэглай лічба 1936. Тры гады пасля Галадамору…

Большыя вёскі нагадваюць вялікія мястэчкі, раскінутыя па пагорках, — усё дамы, дамы, двух-трохпавярховыя, многія вельмі добрыя, дыхтоўныя, сучасныя. У мяне падазрэнне, што вялікую частку іх збудавалі сабе «зарабітчане», якія працуюць гадамі за мяжой, шлюць грошы дадому і будуюць сабе сядзібы, дзе мараць калісьці пажыць, як напрацуюцца і заробяць, колькі трэба. Але і мясцовая сельская гаспадарка дае добры даход, вёскі робяць уражанне заможнасці нават у змрочны восеньскі час. 

Там, дзе ўкраінцы жывуць у прыватных дамах, трымаецца парадак. Недзе болей, недзе меней, але ў прынцыпе ўсё дагледжана — у тым ліку ўздоўж дарогі, на якую выходзяць сядзібы. Сметнікаў няма, усё чыста.

А вось там, дзе вёска вырастае да такіх памераў, што людзі пачынаюць перасяляцца ў кватэры, хоць бы і ў малапавярховых будынках, карціна зусім іншая. Тут ужо нярэдкія бруд і занядбанне.

У адной такой вёсцы — нягледзячы на тое, што ў ёй, як магу меркаваць, стаіць вялізны цукровы завод і пабудаваны фенаменальна вялізны сабор ва ўкраінскім стылі з мадэрнізаванымі купаламі ў стылі казацкага барока, — ходнікаў няма зусім, а замест іх нейкая каша з чорнага скрышанага асфальту і чарназёму. У нас бы гэты цукровы завод першае, што зрабіў, дык паклаў ходнікі ды пафарбаваў беленькай фарбай парапеты, каб было бачна начальству, якое пралятае па шашы з мігалкамі. Тут, аднак, гэта нікога не хвалюе. Грузавікі забіраюць той цукар, паркуючыся ўздоўж трасы проста пасярод вёскі, ды нішчаць коламі ходнікі, па якіх тупаюць, замешваючы нагамі бруд, дзеці ў школу.

Дубовае войска

Траса ўваходзіць у вялізны дубовы гай, які здаецца бясконцым. Нават дзіву даешся, як змагло нарасці столькі дубоў! Цэлае дубовае войска. Дарога ідзе ўгару сярод гэтага залатога лесу, паварочвае, і раптам паабапал — дубовы кірмаш. На высокіх дубцах развешаныя, нібы святочныя ўпрыгожанні, венікі з дуба.

І колькі ж іх — дзясяткі, а мо і сотні! Тут, пасярод гаю, відаць, стаіць вёска, а яе жыхары займаюцца тым, што вяжуць венікі з дуба ды прадаюць іх каля трасы. Едзеш, а траса абвешаная з усіх бакоў бясконцымі вязкамі тых венікаў, абкручаных у пластыкавыя пакеты, якія матляюцца на ветры — відаць, каб не пыліліся ад машын.

Каларыт украінскай эстэтыкі на прыпынках. Фота Алеся Кудрыцкага.

Мірнае суіснаванне помнікаў

Як і ў нас, тут бачна, што ты заехаў у іншую вобласць, па тых вялізных бетонных знаках уздоўж дарогі з назвай рэгіёна. Але я заўважыў, што ва Украіне вобласці — гэта ўсё-такі не проста чыста адміністрацыйныя ўтварэнні, як у Беларусі. Яны і сапраўды неяк адрозніваюцца адна ад адной. У іх трошкі розныя парадкі, свая міфалогія. 

Напрыклад, Ровенская вобласць прамаркіраваная як «паўстанцкі край». І сапраўды, тут перыядычна на падворках сустракаюцца салідныя флагштокі з чорна-чырвонымі «бандэраўскімі» сцягамі. Часцяком пад імі трапляюцца крыжы, мемарыялы памяці тых, хто загінуў у гэтых мясцінах, змагаючыся за незалежнасць. Пры гэтым помнікі савецкім салдатам таксама дагледжаныя, шчодра памаляваныя белай ці бронзавай фарбай. Але то помнікі героям вайны, а не Леніны з Калінінамі — такіх нідзе па дарозе не трапляецца.

Луцк. Панарама горада з боку ракі Стыр. Гістарычная частка горада ляжыць у выгіне ракі, нібы на вялікім паўвостраве. Фота: DEPOSITPHOTOS.COM, BY BIKTOP.

Логіка крывізны

На ўездзе ў Луцк радыё ловіць Першы канал Польскага радыё, па якім ідзе радыёспектакль. На ўездзе ў горад шыльда на ўкраінскай і польскай мовах «Вітаємо у Луцьку/Witamy w Łucku». У восеньскім змроку навігатар вядзе па шырокай дарозе сярод прыватных сядзібаў, але потым шлях зноў губляецца ў цемры і тумане. Толькі пасля разумееш, што ехаў вуліцай па высокім, парослым дрэвамі беразе шпаркай ракі Стыр, паўтараючы яе выгін. На перакрыжаванні справа застаецца мадэрновы цэнтр горада, а злева цябе сустракае Стары горад — соннае мястэчка, слаба асвечанае цёплымі жоўтымі ліхтарамі. Але ж якое знаёмае! Як тут не ўсміхнуцца і не паехаць павольней.

Стары горад у Луцку нагадвае Наваградак, Ваўкавыск ці любы стары цэнтр мястэчка, які складаўся яшчэ за часамі ВКЛ. Такія самыя мураваныя камянічкі з маленькімі крамамі. Тая самая логіка вуліц, якія перасякаюцца не пад простымі кутамі, а судакранаюцца, як бы паўколамі, і абавязкова на перасячэнні трох вуліц утвараюць плошчу няправільнай, трохкутнай формы. А ў цэнтры гэтай павуцінкі мусіць быць — абавязкова! — замак. Калі ўзгадаць, то часта плошчы ў старых гарадах, асабліва маленькіх, няроўныя, думаю, гэта таму, што яны арганічна склаліся на перасячэнні старых шляхоў, якія ніхто не планаваў з генпланам, проста людзі будаваліся і ездзілі, як ім зручней. Так і тут, у Луцку. Вось і трохкутная маленькая ўтульная плошча, якая трошкі нагадвае крыху занядбанае Траецкае прадмесце, а на ёй — мікраскапічны скверык з дрэвамі ды парай садовых услонаў.

Луцк і Наваградак, Луцк і Быхаў

Як гэта ўсё было родна і знаёма! Асабліва ў такім цёплым жоўтым вечаровым святле. Асабліва моцна адчуваецца кантраст з Кіевам — мегаполісам, сучасным Канстанцінопалем, горадам гарадоў. А стары Луцк — маленькі магдэбургскі гарадок. 

З цемры і туману выплывае кубічны гмах, пазірае сваімі вокнамі-байніцамі і круглымі вакенцамі-дзірачкамі, і побач вежа з рэнесансавым дэкорам. Прапорцыі проста дасканалыя! Вялікая сінагога. Адразу прыгадваюцца абарончыя сінагогі-сёстры ў Беларусі, асабліва ў Быхаве. Дзе Быхаў, а дзе Луцк? Але ж які аднолькавы, знаёмы стыль!

Раніцай робіцца зразумела, што сінагога рэстаўруецца, а да яе дабудаваны корпус спартзалы таварыства «Дынама». Гучыць даволі трэшова, але на самай справе прыбудова вельмі густоўная, цалкам у стылі сінагогі. Трошкі далей, калі прайсціся ўніз па падворку, трапляеш на пясчанае ўзбярэжжа Стыра. Гэта такая невялікая, але хуткаплынная рака, па якой плывуць жоўтыя лісцейкі з навакольных дрэваў. Паводле карты, яна бяжыць у бок беларускай мяжы, дзе злучаецца з ракой Простыр, потым упадае ў Прыпяць, дабягае да Пінска. Быў бы іншы час, то можна было б сесці ў човен проста ля сінагогі і, праз радзіму, па Прыпяці і Дняпры, вярнуцца да месца старту вандроўкі ў Кіеў.

Шакуючы замак

Для чалавека, звыклага бачыць напаўразбураныя муры часоў ВКЛ, сустрэча з Луцкім замкам можа зрабіцца сапраўдным шокам. На выездзе са Старога горада на шырокім перакрыжаванні адкрываецца панарама на тытанічны замак з трыма вежамі з зубчастым дэкорам. Унізе мітусяцца людзі, нагрувашчаныя маленькія буданы і кіёскі, крамкі — віруе вялікі рынак. А над усім гэтым вісіць у паветры замак. Чыстае Сярэднявечча!

Менавіта ў Луцку сабраў еўрапейскіх манархаў Вітаўт наш Вялікі. Фота Алеся Кудрыцкага.

Цяжка адарваць вачэй ад замка. Бадай, падобна выглядаў наш замак у Наваградку. Хто б мог падумаць, што я пабачу ягонага «родзіча» ў Луцку, ды яшчэ і ў такім цэласным аўтэнтычным выглядзе. 

Жолуд, старэйшы за дрэва 

Гістарычная частка горада ляжыць у выгіне ракі Стыр, нібы на вялікім паўвостраве. Вікіпедыя не дае яснай карціны паходжання гэтай назвы, але чалавеку, які валодае нямецкай мовай, яна лёгка счытваецца як «Бык» (Stier). Хто ведае, можа, гэта і сапраўды спадчына германамоўных готаў, якія праз Берасцейшчыну і Валынь ішлі ў свой час у Крым, у Прычарнамор’е? І сапраўды, невялікая, але вельмі энергічная рака абхапіла горад у паўкола, нібы пасадзіла на лоб паміж рагоў.

Нечаканая рэч, якую разумееш пра Луцк, — гэта на самай справе тры гарады з розных эпох. Калі ў Беларусі гарады перабудоўвалі паверх разбуранага, то тут, здаецца, кожныя новыя ўлады будавалі не замест старога, а побач. Гэта ператварыла Луцк у штосьці накшталт машыны часу, дзе можна пешкі зрабіць экскурсію, якая будзе пераносіць вас з адной эпохі ў іншую. Прычым гэта не нейкія аскепкі, а сапраўды тры паўнавартасныя асобныя гарады.

Фота Алеся Кудрыцкага.

Візуальна можна параўнаць Луцк з галінай дуба. Ад роўнай шырокай галіны праспекта Волі, адбудаванага за апошнімі саветамі, адыходзіць больш гнуткая вуліца Лесі Украінкі — гэта міжваенны горад у стылі польскага функцыяналізму, а з яго, як вялікі жолуд, звісае Стары горад часоў Вялікага Княства, у цэнтры якога — замак. І вось у гэты буйны жолуд упіраецца сваім ілбом «бык» Стыр. Параўнанне, канечне, кульгавае, бо жолуд старэйшы за дрэва, на якім ён трымаецца.

Паварочваеш у завулак — і раптам ён адкрываецца на востры шпіль кірхі, ці на сабор, ці на вежу замка. Фота Алеся Кудрыцкага.

Дворыкі, аплеценыя вінаградам

Сярэднявечны горад — гэта як павуцінка, па якой трэба караскацца ў самы цэнтр. Ён моцна адрозніваецца, напрыклад, ад тыповай забудовы гарадоў за часамі апошніх стагоддзяў царскай Расіі, дзе вуліцы праводзілі паралельна, утвараючы квадраты-кварталы.

Блукаць па Старым горадзе ў Луцку — сапраўдная асалода для інтуіцыі. Невысокі, з разнастайнымі дамкамі, прапахлы вугальным дымам з комінаў. Паварочваеш у завулак — і раптам ён адкрываецца на востры шпіль кірхі, ці на сабор, ці на вежу замка. Што ні паварот, то нейкі сюрпрыз. 

Пры гэтым Старое места не турыстычнае, не рафінаванае, а нават крыху бязлюднае і прывіднае. На вуліцах, якія кружляюць каля замка, жывуць людзі, а вось крамаў ці рэстарацыяў вобмаль. Тут ціха, чуваць і крокі людзей, і птушкі, і як вецер дзьме — нібы ў вёсцы. Здаецца, жыццё перамясцілася ў іншую частку горада (што, як пазней разумееш, так і ёсць).

На адным з будынкаў вісіць шыльда: тут у дзяцінстве жыла Леся Украінка, калі была дзяўчынкай, а вокны кватэры выходзілі на бакавы фасад каласальнага езуіцкага калегіума. Калі чалавек расце ў такой атмасферы, у ім міжволі развіваецца пачуцце прыгожага.

Пад мурам калегіума — рознакаляровыя дзверы буданчыкаў-склепікаў, якімі карыстаюцца людзі з дома насупраць. Тут нешта сярэдняе паміж вёскай і горадам: ля пад’езда людзі зрабілі сабе маленькія дворыкі, аплеценыя вінаградам, паставілі ўслоны. У адной з двухпавярховых кватэрных камяніцаў адчыненыя дзверы пад’езда — можна зазірнуць і для цікавасці падняцца па сцёртых сходах, якія такія старыя, што не проста рыпяць, а стогнуць пад нагамі.

Каля катэдры Апосталаў Пятра і Паўла атмасфера вельмі падобная да Нясвіжа каля Фары. Насупраць яго каласальная арка-каланада. Вельмі ўсё ўрачыста і з вялікім маштабам. Недзе ў інтэрнэце бачыў, што першапачаткова касцёл быў падобны да нашых абарончых храмаў, накшталт таго, што ў Мураванцы. Ну а цяпер гэта такая рэнесансная будова, нібыта проста з Рыма. 

Побач з былым кляштарам брыгітак — помнік чатыром тысячам вязняў турмы, якіх энкавэдзісты расстралялі ў першыя дні вайны. Зняволеных не паспявалі вывезці і спехам знішчылі. 

Яблыня Вітаўта 

Замак цэласны і жывы. Нават не зразумела, што тут было адрэстаўраванае, а што аўтэнтычнае. Цікава глядзець, якая розная кладка ў мурах. Відаць, везлі цэглу ад розных пастаўшчыкоў — нехта халтурыў (тыя-іншыя слаі кладкі моцна выветрыліся), а іншыя пастаўлялі высакаякасную цэглу, якой за стагоддзі не зрабілася нічога. Часам трапляюцца палосы жоўтыя, часам карычневыя, а некаторыя чырвоныя, з-за чаго муры выглядаюць як слоены пірог.

У двары таксама ўсё жыва: расце трава, брукаваныя дарожкі, усё так зроблена без залішніх прыдумак і ашчадна, але затое вельмі натуральнае. Можна ўзняцца на драўляныя балюстрады і агледзець горад з вышыні. Усе драўляныя элементы змайстраваныя грунтоўна, але не станкамі, а, відаць, рубленыя ўручную, не ідэальна, а таму таксама выглядаюць вельмі натуральна. 

Фота Алеся Кудрыцкага.

Як ні дзіўна, а і дагэтуль замак застаецца адным з самых высокіх збудаванняў у Луцку. А калі зірнуць у бок кірмашу з яго хаатычнымі намётамі і бляшанымі кіёскамі, то лёгка ўявіць сабе, што пад мурамі стаіць табарам варожае войска, на якое можна глядзець скрозь байніцы. Тыя — сапраўдны твор інжынернай думкі. Калі стаяць ад іх на пэўнай адлегласці, то бачная толькі шчылінка. А падыдзеш бліжэй — так, каб можна было прасунуць у іх стрэльбу, — то адкрываецца вельмі зручны агляд уніз. Максімальны кут для абстрэлу з твайго боку і мінімальны — для нападнікаў знізу.

Фота Алеся Кудрыцкага.

З драўлянай балюстрады, адкуль адкрываецца шыкоўны від на тры вежы, са здзіўленнем заўважаеш, што проста на замкавым падворку растуць яблыні. 

І так жыва ўяўляецца, як тут ідзе Вітаўт, зрывае сабе жоўтую папяроўку ды са смакам кусае. Як прыгожа мусіць быць у замку ўвесну, калі яблыні зацвітуць! Нездарма Луцк, як пішуць, быў любімай Вітаўтавай рэзідэнцыяй.

Тут усё такое цёплае і больш паўднёвае, не тое, што строгая, зацягнутая туманамі Вільня. Калісьці варта будзе зрабіць Луцк абавязковай праграмай для беларускіх школьнікаў для экскурсій: як ні парадаксальна, а пазнаёміцца з асяроддзем ВКЛ у гэтым горадзе можна так эфектыўна, як бадай нідзе ў Беларусі. А ў беларускіх замках я б абавязкова пасадзіў на падворках па яблыні, можа, нават узяўшы галінку для прышчэпкі з той самай яблынькі ў Луцкім замку.

Мадэль замка дае магчымасць сляпым людзям зразумець яго выгляд. Дзецям таксама цікава. Фота Алеся Кудрыцкага.

Дзяцінства пад мурамі

Вакол замка ідзе колам вуліца з прыватнымі сядзібамі. Каля адной брамкі сабраліся дзеці: прыйшлі ў госці да дзяўчынкі, а яна з імі размаўляе цераз плот (высокія глухія агароджы тут не ў модзе). Карцінка — нібы з кніжкі Астрыд Ліндгрэн. Над самой хатай, якая стаіць сярод дрэваў, узвышаецца брамавая вежа замка. Правесці тут дзяцінства — гэта сапраўдны жыццёвы скарб. Сумна не будзе дакладна.

Проста са сцяны замка, каля Свідрыгайлавай вежы, тырчыць на вялізнай вышыні драўляны дамок — наколькі магу меркаваць, старасвецкі замкавы клазет. Каналізацыя па прынцыпе вольнага палёту — а калі ўнізе вораг, дык свайго роду біялагічная ўдарная зброя. А далей, каля іншай вежы, яшчэ адзін, але гэты ўжо, відавочна, калектыўны. Ці не карысталіся ім пасольствы падчас спробы каранацыі Вітаўта, каб правесці важныя закулісныя перамовы за важнай справай?

Туалеты на замкавай сцяне былі тыповымі для замкаў таго перыяду. Добрае месца для закулісных перамоў? Фота Алеся Кудрыцкага.

Тая самая чародка дзяцей з сядзібы каля замка бегае, дурэе каля самай уваходнай брамы, а за імі гойсае, высалапіўшы язык, сабачка. Ужо цямнее. Да замка сходзяцца невялічкія кампаніі моладзі, нягучна гутараць пра нейкія свае справы пры святле ліхтароў. 

Вартаўнік выпускае мяне апошняга і з глухім ляскам зачыняе цяжкую, абабітую жалезнымі палосамі браму. Я абарочваюся на вежу, якая жаўцее ў святле ліхтароў. Дзіўна: калісьці ў гэтым замку ішло жыццё, гатавалася ежа, гасцявалі госці, уначы хадзіла варта, свяціліся паходні ў байніцах. А цяпер ён апусцелы, на ноч тут застаецца адзіным гаспадаром той самы вартаўнік. Замак, а за ім і Стары горад пагружаюцца ў ранні сон.

У дворыках Луцка здаецца, што час спыніўся ў ХХ стагоддзі. Фота Алеся Кудрыцкага.

Міжваенны горад

Як я і казаў, Стары горад нібы жолуд, які вісіць на галінцы міжваеннага Луцка, змураванага за часамі польскай улады паміж дзвюма сусветнымі войнамі. Як бы і не дужа доўгі перыяд, але ж які моцны след ён пакінуў. Гэтае «міжваеннае» места нанізанае на пешаходны брукаваны бульвар — вуліцу Лесі Украінкі. Тут ужо нашмат жывей, чым у Старым горадзе. Гуляюць людзі, грае вулічны музыка, свецяцца вітрынамі маленькія крамы на першых паверхах характэрных дамоў-кубікаў з геаметрычна простымі, але элегантнымі жалезнымі парэнчамі на гаўбцах. А калі збочыць з бульвара, то ўвесь час трапляеш на камерныя плошчы са скверыкамі. У дворыках утульна і па-хатняму — такое ўражанне, што зайшоў у госці.

Ля абменніка жанчына сярэдняга веку і маладзейшы хлопец стаяць купіць злотыя і аплаціць збор для пасольства. Усе едуць у Польшчу на працу. Сышліся на тым, што добра ведаць украінскую ці беларускую — польскую лёгка зразумееш. А хто ўмее толькі па-руску — таму складана. Хлопец са здзіўленнем кажа, што ведае беларусаў, якія па-беларуску ні бум-бум. Цікава, што пішуць, што ў 2014 годзе праводзілі апытанне, дык выявілася, што Луцк і Роўна самыя ўкраінамоўныя ва ўсёй краіне. У Луцку сказалі, што гавораць дома ўкраінскай 97%.

Вуліца Лесі Украінкі выходзіць на шырокі пляц, дзе стаіць праваслаўны кафедральны сабор, які некалі быў касцёлам. Насупраць — тэатр у савецкім стылі і зіхціць шклом ды ліхтарамі абноўлены савецкі ЦУМ з «Пузатай хатай» на апошнім паверсе (самае таннае месца для таго, каб смачна ды сытна, па-хатняму павячэраць). 

Адсюль, з плошчы, убок направа пачынаецца праспект Волі — несумненна, дагэтуль гэта быў праспект Леніна. А за сваю гісторыю, па сумнавядомай з Беларусі традыцыі, вуліцу пераназывалі трынаццаць разоў — адпаведна з кожнай новай уладай.

«Савецкі горад» і Ганна Кіеўская

Савецкая частка горада, якая ідзе ўздоўж праспекта Волі па высокім доўгім пагорку ўздоўж Стыра, не ўтварае дысанансу. Як ні дзіўна, нават «сталінскія» будынкі тут захоўваюць сувымернасць і стылістычна набліжаныя да своеасаблівага рэнесанснага стылю дзякуючы арыгінальнаму дэкору ды высокім вальмавым дахам.

На праспекце шмат добрых кавярняў, асабліва ў ваколіцах універсітэта, які займае цэнтральную плошчу, што глядзіць на вялікі парк, які спускаецца да ракі. У адным з унутраных дворыкаў, сярод дрэваў, стаіць маленькі помнік крохкай дзяўчынцы ў кароне. Аказалася, гэта Ганна Кіеўская, якая потым зрабілася каралевай Францыі. Пры гэтым яна была з Рурыкавічаў, а роднай мовай для яе была шведская, мова маці… Помнікі ёй ставяць на шляху з Кіева ў Францыю, і гэта адзін з іх. А побач, у пляме бурштынавага святла пад ліхтаром, маленькія дзяўчаткі такога самага ўзросту гуляюцца, збіраючы і раскідаючы жоўтае лісце з клёнаў, нібы маленькія феі ў цемры.

Заходняя Валынь — шахцёрскі край

Калі паехаць на поўдзень ад памежнага з Польшчай маленечкага Усцілуга, з яго дзяўчатамі-ўкраінкамі з калашнікавымі на блокпосце, то трапляеш у зусім іншы край. За Новавалынскам на даляглядзе трапляюцца пагоркі, разварочаныя нейкай нечалавечай сілай. Нібыта хтосьці ўзяў і гіганцкім шуфлем зрэзаў гару напалову — дрэвы стаяць ля абрыву і са страхам пазіраюць уніз. Гэта не Данбас, але таксама шахцёрскі край. 

Перыядычна трапляюцца шахты з чорнымі жалезнымі вежамі пад’ёмнікаў, а таксама пачынаюцца шахцёрскія дачы — бяскрайнія паселішчы, нарэзаныя на маленечкія надзельчыкі, хіба па пары сотак, на якіх стаяць, як кубікі, такія самыя мініяцюрныя дамочкі. Дзіву даешся: пры ўсёй бяскрайнасці Украіны чаму так шкадавалі людзям зямлі? Далі б ужо болей, чым гэтыя лапікі (па-ўкраінску гэтае слова, дарэчы, гучыць як «клаптык»).

Раз-пораз на перакрыжаваннях ля напаўразваленых часовых буданоў трапляюцца гурбы вугалю, з якіх ідзе продаж ураздроб. На ўзбоччы дарогі — каша з разбітага асфальту, глебы і чорнай вугальнай крошкі, якая пад дожджыкам ператвараецца ў сапраўднае месіва. Мястэчка Востраў — кульмінацыя безнадзеі, сапраўдная выспа брутальнай індустрыяльнай дэпрэсіі.

Крэменец

Калі Луцк нечакана выявіўся інтуітыўна вельмі родным, то іншы горад, Крэменец, аказаўся цалкам незнаёмым і незвычайным асяроддзем. Нейкая гадзіна язды — а тут усё інакшае. Ходнікі ў вёсках паабапал трасы тут пасыпаныя светла-жоўтым каменным друзам. І тут — раз! І на гарызонце, нібыта хтосьці намазаў фіялетавую фарбу на вялікі палец і правёў шырокія мазкі, з’явіліся горы! Яшчэ не сапраўдныя горы, але ўжо і не пагоркі, а грэбні ў фіялетавай дымцы.

Па дарозе трапляюцца прыгожыя вобразы. Вось вялізны дуб у некалькі ахопаў з ідэальна сіметрычнай жоўтай кронай, нібы піраміда. Камель абведзены кольцам бляклай белай фарбы — пазнака, каб не ўразаліся машыны. Пад ім ідзе бабуля ў хустачцы і нясе ў кошыку яблыкі. За ёй вёска, над якой купалы царквы ў тыповым украінскім барочным стылі, а далей пачынаецца густы бор. 

Потым дарога ідзе праз гай, зямля пад якім засланая, нібы россыпам залатых манет, апалым лісцем. Калі глядзіш у глыб гэтага гаю, то ён здаецца вялізнай залай з шэрымі калонамі, межы якой губляюцца ў паўзмрочнай глыбіні.

У перспектыве Крэменец можа стаць проста дыяментам — калі ён напоўніцца нейкай новай культурай, калі пачнуць замяняць пачварныя безгустоўныя шыльды на штосьці больш далікатнае і з мясцовым каларытам, калі трошкі хаця б прычэшуць ды ўладкуюць ходнікі. Фота Алеся Кудрыцкага.

Дарога пачала крыху матляцца з боку ў бок, абыходзячы горы-пагоркі, якія ўсё цясней набліжаліся, абціскаючы трасу з усіх бакоў. Асфальт роўненькі, нібы шкельца. Вось табе і ўкраінская правінцыя…

Сярод лабірынта будынкаў пагорак, на якім стаіць, нібы разгорнуты акардэон, вялізны езуіцкі сабор, а перад ім каскадамі спускаецца крыху занядбаны сад. Фота: DEPOSITPHOTOS.COM, BY G.EVGENIJ

Асяроддзе пачынае нагадваць шлях да гарналыжнага курорта. Нечакана і імкліва машына трапляе ў заціснутае між гарамі мястэчка — так, што ажно даводзіцца схіляцца, каб вызірнуць з акна і агледзець ваколіцы. Дамы караскаюцца па схілах. Дарога ператвараецца ў галоўную вуліцу Крэменца. Тут ужо зусім іншае і адчуванне, і нават паветра, і рытм, які нагадвае мітуслівую горную ручаінку, якая бяжыць хутчэй у вузкім месцы. Лётаюць запэцканыя матаролеры, на якіх цягнуць на продаж на рынак гародніну, сноўдаюць туды-сюды праз дарогу пешаходы, стаіць парачка каларытных мясцовых вар’ятаў…

Людзі чакаюць запырсканай брудам маршруткі. Вуліцы пакрытыя сумессю зямлі і дробнай гранітнай крошкі, якая, відаць, змываецца з навакольных гор дажджамі. Будынкі нібы крыху закураныя — магчыма, так і ёсць, бо не факт, што пячны дым хутка выдзімаецца адсюль у бязветраны дзень. 

Я спыняю машыну, выходжу і стаю разявіўшы рот, задраўшы голаў і крыху ашалелы. Уражанне, што ты раптам патрапіў у Тыбет.

У Крэменцы ўражанне, што ты раптам патрапіў у Тыбет. Фота Алеся Кудрыцкага.

Сярод лабірынта будынкаў пагорак, на якім стаіць, нібы разгорнуты акардэон, вялізны езуіцкі сабор, а перад ім каскадамі спускаецца крыху занядбаны сад, у якім — брацкая магіла савецкіх салдат і помнік, на якім ваякі пагражаюць гранатай руінам замка Боны Сфорцы на высачэзнай гары насупраць. Гара з руінамі замка і вялізным флагштокам з жоўта-блакітным сцягам цалкам дамінуе над мястэчкам.

Я глядзеў на Крэменец і проста хітаў галавой. Што я магу сказаць? У перспектыве гэта можа быць проста дыямент — калі ён напоўніцца больш далікатнай культурай, калі пачнуць замяняць нягеглыя безгустоўныя шыльды на штосьці больш далікатнае і з мясцовым каларытам, калі трошкі хаця б прычэшуць ды ўладкуюць ходнікі. Не трэба рабіць з яго глянец — дастаткова проста прыбрацца, як робяць у кватэры, вярнуўшыся ў яе пасля доўгай эміграцыі — і ён проста заззяе. Гэта проста фантастыка, што ва Украіне на такой адносна недалёкай адлегласці знаходзяцца настолькі розныя па адчуванні гарады, як Луцк і Крэменец. Здаецца, адзінае, што іх лучыць, — гэта людзі. І там, і тут гэта, бясспрэчна, тыя самыя ўкраінцы, адначасова чымсьці ўстурбаваныя і бесклапотныя.

Замак Боны Сфорцы

Я зірнуў на навігатар, змераў вачыма серпанцін, які ўецца па гары да замка, і рызыкнуў — паехаў на машыне, бо часу ўзбірацца пешкі туды не было. Колы гучна загупалі па брукаванцы, жаўтавата-шэрай, з таго самага каменю, які я ўжо заўважыў паабапал дарог на Цярнопальшчыне. Калі не ляцець, то даехаць на верх гары і не забіць падвеску цалкам рэальная справа (але зімою — не ўпэўнены). Праз сосны ўздоўж серпанціну пачалі праглядацца размашыстыя краявіды. Брукаванка каля самай макаўкі гары перайшла ў белую грунтавую дарогу, засыпаную горным пылам. І вось я наверсе.

Ну і паветра! Смачнае, проста як вада з крыніцы. Унізе ў Крэменцы яно трохі сціснутае, стомленае, а тут — свяжэйшае, чысцейшае. Бачна далёка-далёка, проста стэрэаскапічная карціна. Чырвоныя горы, пакрытыя клёнамі, а далей — сінія, хваёвыя…

А замак суворы. Гэта ўжо не цёплы і хатні Луцкі — тут сцены сталёва-шэрыя. Калі ў нас Караткевіч, калі не памыляюся, узгадваў «літасцівую каралеву Бону» (хіба гэта было з сарказмам?), то тут — дзесьці праскочыла — яго назвалі замкам злой каралевы. А разбурылі яго казакі: ну ў каго яшчэ хапіла б сілы з боем падняцца на такую гару… І пасля сябе пакінулі магілы з суворымі каменнымі крыжамі, прычым, наколькі магу меркаваць, для ўкраінцаў гэтыя простыя каменныя крыжы больш важныя і любыя сэрцу, чым той замак.

У заціснутым паміж гарамі Крэменцы здаецца, што ён знаходзіцца ў іншым вымярэнні, куды цяжка трапіць звонку, і ўсе вятры свету ды гісторыі мусяць абыходзіць яго бокам. Але, як выявілася, акурат праз яго ўвесь час пракатваліся навалы — сімвалам гэтаму сам замак. А ў мінулую вайну у Крэменцы дык увогуле было сапраўднае пекла… У 1942 годзе габрэі Крэменца паднялі паўстанне ў гета, пратрымаліся два тыдні, 9 000 з іх загінулі, а пасля гітлераўцы падпалілі горад, каб усіх знішчыць. Толькі 14 габрэяў з Крэменца перажылі Халакост.

Вось вам і Украіна, а гэта ж толькі яе кавалачак. Не краіна, а цэлы кантынент.

Дзеля аднаго гэтага краявіду, дзеля гэтага чыстага, як вада з крыніцы, паветра варта было ехаць у Крэменец. Фота Алеся Кудрыцкага.

Астрог

Вандраваць па Украіне восенню — гэта бегчы навыперадкі з сонцам. Часу мала, цямнее даволі хутка, а адлегласці гіганцкія — што ні сплануй, а адразу немінуча адчуваеш, што хоць бы хапіла часу гэта пабачыць.

Я вырашыў з’ехаць з трасы і зірнуць на Астрог. Бо ці паеду я калі яго глядзець спецыяльна? А тут такая нагода — пабачыць, адкуль родам такі моцны суровы дзядзька, які разграміў Маскву пад Оршай.

Чакаў пабачыць правінцыйнае мястэчка, але рэальнасць аказалася больш каларытнай.

Улічваючы, што Астрог — гэта такі старадаўні бастыён праваслаўя, было цікава пабачыць на могілках, якія трапляюцца па дарозе, зусім простыя жалезныя крыжы, з дзвюх перакладзін, з простым каваным узорам. Такія ж чатырохканцовыя — толькі драўляныя, з простых квадратных у сячэнні бэлек, пафарбаваныя блакітнай фарбай (дарэчы, тут таксама крыжы блакітнай фарбай фарбаваныя) — сустракаюцца на старых магілах на Палессі. У цэнтральнай і паўночнай Беларусі такі крыж успрымаўся б як каталіцкі, а тут гэта старая праваслаўная традыцыя.

Вежы як сам князь Астрожскі: такі суровы, моцна збіты і пільны поглядам. Вось ужо дзе чалавек збудаваў замак пад сваю натуру! Фота Алеся Кудрыцкага.

Блакітная фарба, падазраю, гэта яшчэ спадчына савецкіх часоў, дзе набор фарбаў быў зусім малы (карычневая для падлогі, белая і такая во блакітная) — і бралі прыгажэйшую па колеры і цікавейшую фарбу нябеснага колеру, і ёй фарбавалі ліштвы на вокнах ды вось крыжы на могілках. Дарэчы, і знакамітыя блакітныя палескія драўляныя цэрквы паабапал Прыпяці пафарбаваныя такой самай фарбай… Калісьці, можа, археолагі будуць рабіць аналіз і ламаць галаву над сімвалічным сэнсам блакітнай фарбы ў рэгіёне.

Ваколіцы Астрога — вось дзе сапраўды «чорнае мора»! Да гарызонту разлягаюцца шырокія хвалі пагоркаў, чорных, цёплых, нагрэтых слабымі промнямі восеньскага сонца, з парасткамі ці то жыта, ці то пшаніцы. Калі ў Беларусі глеба часцяком шэрая, бурая ці чырванаватая, з дамешкам гліны, то тут — чорная, нібы асятровая ікра.

Вёскі — а тут, здаецца, глыбокая правінцыя — хоць і небагатыя, але жывыя. Людзі разворваюць свае чарназёмныя дзялянкі, паўсюль нешта расце, вось маладая жанчына няспешна вядзе па вясковай дарозе статак кароў, якія разбрыдаюцца па вуліцы. Каровы дагледжаныя, гладкія і спакойныя. Успамін, нібы з дзяцінства: рагуляў вядуць з пашы па вёсцы, а яны разыходзяцца кожная ў свой падворак. Цяпер у Беларусі такую карціну амаль нідзе ўжо не пабачыш.

Вялікія чарназёмныя пагоркі пераходзяць у роўную даліну, праз якую цячэ такая звілістая, але энергічная і глыбокая рачулка — толькі потым я зразумею, што гэта Гарынь, па якой можна даплыць проста ў Беларусь да самага Давыд-Гарадка.

За рачулкай, пасярод даліны, нібы ўзняты кулак, узвышаецца круты пагорак з дрэвамі і званіцамі ды купаламі цэркваў — несумненна, гэта Астрог. Усё мястэчка такое крэпкае, добра збітае і сканцэнтраванае — ідэальная маленькая сталіца магутнага сямейнага клана.

Спыняюся на плошчы пад замкавай гарой. На яе гранях сядзяць моцныя вежы — накшталт маленькіх палацыкаў. Прычым бачна, што жарцікаў тут не вадзілі: сцены таўсценныя, на ўсе бакі глядзяць байніцы, з якіх на верхнім паверсе тырчаць гарматы! Каб зразумець характар мясціны, дастаткова зірнуць на партрэт самога князя Астрожскага. Ён сам як гэтыя вежы: такі нахмураны, суровы, моцна збіты і пільны поглядам. Вось ужо дзе бачна, што чалавек збудаваў месца пад сваю натуру! Уздымаешся па гэтых пагорках да падмурку вежы — і ажно сэрца б’ецца: і ўздым няпросты, і ўражанне моцнае — пазіраць на свет з таго самага ракурсу, з якога бачыў пераможца бітвы пад Оршай.

У сам замак і старажытную Вежу Муравану — дыхтоўную каменную гатычна-рэнесансавую фартэцыю-палацык на схіле — я не трапіў, бо ўжо было позна. Проста паглядзеў праз агароджу, парослую цёрнам і глогам. На замку, натуральна, праваслаўная царква з многімі вежамі ды купаламі, а побач, за ровам, таксама і каталіцкая катэдра з аркай-званіцай.

Цікава — і гэта я зразумеў ужо пастфактум, калі пачытаў Вікіпедыю, — што Астрог цяпер універсітэцкі горад. Дзякуючы гэтаму невялічкі Астрог не па-правінцыйнаму рухавы, на вуліцах моладзь, шпацыруе па парку каля замка, сядзіць на ўслончыках.

Нібы шэрыя кубікі нейкая вялізная рука, высунуўшыся з-за нізкіх хмараў, акуратна склала на пагорку. Алескі замак. Фота Алеся Кудрыцкага.

Канстанцін-Васіль Астрожскі (не гетман, які пад Оршай перамог, а ягоны сын) заснаваў тут у 1576 годзе Астрожскую славяна-грэка-лацінскую школу. У 1990-я яе аднавілі як Нацыянальны ўніверсітэт «Астрожская акадэмія». Наколькі магу меркаваць — вельмі сучасная ўстанова, прычым яна ўзяла стары савецкі даўгабуд у цэнтры горада і перабудавала яго ў сучасную ратушу з высокай вежай, якая чымсьці нагадвае маяк. Прычым адмыслова зрабілі гэта як сімвал таго, што горад меў магдэбургскае права — гэтым ва Украіне, як выявілася, ганарацца, як і ўсёй «літоўскай» гісторыяй. Хаця «казацкі» элемент для гэтай нацыі застаецца нарожным, да яго, як дадатковыя вымярэнні, дадаецца «рускі» ці «кіеўскі» міф, а таксама і «літоўскі» час узгадваецца часта і збольшага пазітыўна. У адрозненне ад ужо пазнейшай Рэчы Паспалітай, якая паўстае як вораг і акупант. 

Пад Астрожскую акадэмію ўзялі стары савецкі даўгабуд у цэнтры горада і перабудавалі яго ў сучасную ратушу з высокай вежай. Фота Алеся Кудрыцкага.

Калі спусціцца з замкавай гары, то ў ніжняй частцы горада трапляеш у закручаныя вулкі, якія месцамі нагадваюць кірмаш. Гойсаюць маршруткі, стаяць, перакурваючы, таксісты, гараць шыбы крамак з няхітрым таварам, тыповым для правінцыйнага мястэчка. Святло хаатычных рэклам з гіганцкімі літарамі — тыповая для Украіны карціна. Пасярод усяго гэтага старанна і прыгожа рэстаўруюць вялікую сінагогу, у тым самым знаёмым абарончым рэнесансным стылі. А на вузенькай вулачцы пад самымі нагамі Вежы Мураванай, здаецца, жыццё не моцна адрозніваецца ад таго, якое ішло за часамі Астрожскіх. У мініяцюрных дворыках няхітрых драўляных хатак гаспадары з задаволеным выглядам складаюць свежа наколатыя дровы…

Алескі замак 

Алескі замак — на самай мяжы Галіччыны ды Валыні. Нібы шэрыя кубікі, якія нейкая вялізная рука, высунуўшыся з-за нізкіх хмараў, акуратна склала на пагорку, дадаўшы для акцэнту спічастую зялёную вежачку.

Замак падкупляе сваёй лёгкай занядбанасцю: няроўны тынк не дае магчымасці зразумець, што тут старое, а што падноўленае. А яшчэ нечакана цудоўнай калекцыяй жывапісу.

Замак у Алеську, на мяжы Галіччыны і Валыні. Фота: DEPOSITPHOTOS.COM, BY SLAVA227.

Тут і барочныя іконы, такія блізкія ўважліваму беларускаму воку, са срэбным узорыстым фонам. Вытанчаны каменны бюст Барбары Радзівіл. Са сцяны, на ўзроўні вачэй, пільна пазірае на цябе Стэфан Баторый, нібы прыцэньваецца, чаго ты варты. Набліжаеш позірк. Гузік на жупане караля цьмяна зіхціць глыбокім смарагдавым водбліскам. А яшчэ — фантазійная карціна-карта з загадкавымі караблямі. Так і ўяўляецца, як малы Хмяльніцкі стаяў і разглядаў яе. Так, сапраўды, аказваецца, у замку дзіцячыя гады правёў Багдан Хмяльніцкі, чый бацька быў на службе ў яго ўладальніка. А яшчэ тут нарадзіўся Ян Сабескі, які ў 1683-м зладзіў атаку крылатых гусараў на туркаў, якія абкладалі Вену. Так была выратаваная Еўропа.

Якія тут камяні пад нагамі. Фота Алеся Кудрыцкага.

З замка адкрываецца вялізны краявід, ён як бы плыве па-над усім наваколлем, над шырокімі хвалямі лясоў і палеткаў. Хто тут жыў, мусіць мець маштаб. Дзіва што адзін з іх паспрыяў, каб Еўропа засталася еўрапейскай, а другі — каб Украіна сталася ўкраінскай.

Вялікае будаўніцтва

Унізе, пад замкам, праз гасцінец — кляштар капуцынаў. Актыўна ідзе яго аднаўленне, сноўдаюць работнікі. Вялізны жоўты білборд «Велика реставрація».

Фота Алеся Кудрыцкага.

Адны ўкраінцы хваляць Зяленскага за гэтыя праграмы — «Вялікае будаўніцтва», праграма па высадцы лесу «Зялёная краіна» (за тры гады высадзяць 1 мільярд новых дрэваў). Іншых гэта дратуе, з’явілася нават ініцыятыва пазначаць на кожным аб’екце «будуецца за кошт падаткаплатнікаў». Але не адняць тое, што інфраструктура ў краіне паляпшаецца. Увесь мой шлях прайшоў па вельмі добрым — а часам і ідэальным — асфальце. Час ад часу шырокая траса звужалася, бо побач пашыраюць дарогу ці будуюць якую-небудзь развязку. І праносяцца бетанавозы з шыльдамі на радыятарах «Велике будівництво. Програма президента України».

Увесь мой шлях прайшоў па вельмі добрым — а часам і ідэальным — асфальце. Фота Алеся Кудрыцкага.

У адной з невялічкіх крамак каля кляштара заварваюць львоўскую каву («найлепшы гатунак!»), прадаюць фабрычныя «гуцульскія» торбачкі — сувенір танны і эфектны — і мастацкія кубачкі з таго самага Львова. Прадавачка чуе акцэнт: «Да нас багата турыстаў з Беларусі едзе. І дзіва: цяпер што ні аўтобус — моладзь размаўляе між сабою па-беларуску».

«А я на небі»

Вяртаюся ў Кіеў, спыняюся купіць каву ў гіпермаркеце. Гарадок Буча вырас вакол лецішчаў, якія пачалі будавацца яшчэ за царскім часам каля чыгуначнай станцыі згодна з канцэпцыяй акружыць Кіеў гарадамі-садамі, канцэпцыяй, якую паспрабуе развіць Паўло Скарападскі ў часе свайго нядоўгага гетманства.

Цяпер былыя дачныя пасёлкі ператварыліся ў анклавы кіеўскай сярэдняй класы ў таўнхаўсах пад векавымі соснамі і прыгажэзнымі волатамі-дубамі. Па дарогах ездзяць старыя «Таўрыі» і навюткія «Тэслы», падбібікваючы — гэта ўжо Кіеўшчына, тут цырымоній меней, чым у Заходняй Украіне.

Буча, Кіеўская вобласць. Фота Алеся Кудрыцкага.

Каля гіпермаркета бязногі хлопец у інвалідным вазку спявае пад электрагітару «А я на небі» «Акіяна Эльзы». Украінцы ды ўкраінкі стаяць каля яго і, грэючы рукі аб кубачкі, слухаюць, усміхаюцца ды падпяваюць. На шыльдачцы, прымацаванай да вазка, надпіс фламастарам па-ўкраінску: «У мяне ўсё цудоўна. Я проста люблю спяваць».

У гэтай краіне так паўсюль: адчай ідзе поруч з усмешкай, а гора — са спевам. Такая ў гэтага народа парадаксальная якасць — захоўваць аптымізм у любой сітуацыі, адчайвацца без адчаю. А калі трэба — то па-казацку, голым па пояс, шырокімі крокамі ісці на закутага ў латы ворага, папыхваючы люлькай ды закінуўшы шаблю на плячо. Ну і з песняй, вядома. 

Разбітая калона расійскай бранятэхнікі на вуліцы Бучы. Фота Wikimedia Commons.

Клас
4
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру