На украінска-польскай мяжы. Фота: АР.

На украінска-польскай мяжы. Фота: АР.

Месца, дзе Украіне перадаюць зброю і тэхніку, непрыкметнае. Там няма ні чыноўнікаў, ні мытнікаў.

Недалёка адтуль знаходзіцца ўкраінская вайсковая база, дзе некалькі дзён таму як мінімум 35 чалавек загінулі ў выніку расійскага ракетнага ўдару.

Вось туды на досвітку прыбыў канвой з сямнаццаці грузавікоў. Ён перавозіў 24 тоны дызельнага паліва і 45 транспартных адзінак: мадэрнізаваныя джыпы, машыны хуткай дапамогі, браніраваную інкасатарскую машыну і ваенную палявую кухню. Трохі пазней чакаўся яшчэ адзін канвой — з генератарамі, радыёпрымачамі, дронамі для назірання, прыборамі начнога бачання і, што найбольш важна, з амаль 7 тысячамі куленепрабівальных камізэлек і шлемаў.

Цяперашні канвой прыбыў на мяжу з Літвы — краіны, якая не часта займаецца ваеннымі пастаўкамі, але пры гэтым аказвае зараз вялікую дапамогу Украіне. Асноўная дапамога з Літвы ідзе праз арганізацыю Blue/Yellow, якая была заснаваная ў 2014 годзе, каб дапамагаць Украіне змагацца з расійскай агрэсіяй. З пачаткам адкрытага расійскага ўварвання вырасла ў шмат разоў колькасць грошай, што ахвяруюць арганізацыі, і адпаведна колькасць дапамогі ад яе. Цяпер Blue/Yellow адпраўляе канвой на мяжу кожные чатыры-пяць дзён.

Сярод тых, хто дапамагаў з пастаўкамі, быў 43-гадовы жыхар Вільнюса Дайніюс Навікас. Калі паўстала пытанне пра падрыхтоўку канвою, Навікас адразу падумаў пра свой чорны Grand Cherokee 2015 года выпуску.

Разам з жонкай яны адвезлі машыну (з запасной парай зімніх шын) у гараж на ўскрайку Вільні. Там яны пабачылі паркінг з дзясяткамі машын, якія трэба было пераправіць ва Украіну. Механікі з гаража працавалі начамі і ў выхадныя, каб правяраць рухавікі машын і, калі неабходна, адпраўляць іх у рамонт. Да некаторых машын былі прывараныя бронепласціны.

Падарожжа

Каб даехаць з Літвы да ўкраінскай мяжы, канвою спатрэбілася 19 гадзін. Машыны рухаліся адпаведна з хуткасцю самага павольнага з грузавікоў, якая складала 80 кіламетраў у гадзіну. Выязджалі з Вільнюса ў суправаджэнні дзвюх машын мясцовай паліцыі, калі пераехалі мяжу з Польшчай, канвой узялі пад апеку польскія паліцэйскія. Прыкладна ў дзве гадзіны ночы канвой спыніўся на запраўцы на поўначы ад Варшавы, каб кіроўцы маглі паспаць хоць пару гадзін.

Украінскі бок даслаў на сустрэчу з канвоем прадстаўнікоў 20 адзінак украінскага войска — як рэгулярнай арміі, так і добраахвотнікаў. Адным з такіх людзей быў лейтэнант Андрэй Быструк з Запарожскай тэрабароны.

Ён ехаў каля 11 гадзін з абложанага ўсходнеўкраінскага горада Днепр, каб атрымаць тут транспартныя сродкі і неяк замяніць самаробныя жылеты са сталі і льну, якія зараз носяць яго байцы. Каб цалкам закрыць іх патрэбы, Быструку неабходна 3 тысячы куленепрабівальных жылетаў, і яму паабяцалі, што са з’яўленнем другога канвоя ён здолее атрымаць да 400 такіх жылетаў.

Лейтэнанта таксама цікавілі грузавікі — на іх можна размясціць рэактыўную супрацьтанкавую зброю ці кулямёт, як гэта робяць паўстанцы ў Лівіі ці Сірыі. Для гэтага патрэбныя машыны-пікапы, а іх у цяперашнім канвоі было не так шмат, але Быструк усё ж быў рады пабачыць машыны Pathfinder, Freelander і Pajero. Як тлумачыць лейтэнант Быструк, такія машыны вельмі патрэбныя ўкраінцам, і тыя ўдзячныя літоўцам за пастаўкі.

«Тут сёння беларусаў успрымаюць як паслугачоў тэрарыстаў»

«Толькі дзеянне ратуе». Спыталі ў вядомых беларусаў, як перажыць гэтыя часы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0