* * *

кажуць нябожчыкі сняцца да нечага дрэннага
не верыцца неяк баяцца пара не памерлых
я ўсё сваё жыццё размаўляю з памерлымі
ці з тымі хто неўзабаве будзе ў іх шэрагах
нервова ў ружанцы перабіраеш каралі
нібы набіваеш патроны абмацваеш пальцамі
усе ветэраны цяпер акурат паўміралі
чарга падышла паміраць і тваёй генерацыі
нашыя мёртвыя нам усё больш зразумелыя
жыццёвыя досведы іх усё болей блізкія
мы самі бліжэй да таго чым да гэтага берагу
унізе ўсім нам абяцалі кватэры з прапіскаю
відавочнае пачынае даходзіць да большасці
і задумваюцца міжволі ўжо некаторыя
што мы будзем рабіць калі гісторыя скончыцца
мы ж не ўмеем больш у нішто акрамя гісторыі

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0