Цэнтральная плошча пасля абстрэлу будынка мэрыі ў Харкаве, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Цэнтральная плошча пасля абстрэлу будынка мэрыі ў Харкаве, 1 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Сяргей Чалы

Эксперт паслядоўна прасоўваў ідэю ператварэння эскалацыі ў ваенны наступ як ва ўласных стрымах, так і ў гасцявых эфірах. Пры аналізе руху цяжкой тэхнікі расіян, піяр-тэхналогій, з дапамогай якіх падаваліся свету вучэнні на мяжы з Украінай, маштабных інфармацыйных зліваў Чалы прыходзіў да шэрагу невясёлых высноў. Па-першае, мілітарысцкая істэрыя мэтанакіравана нагняталася акурат пад інтэрвенцыю ў суседнюю краіну. Па-другое, кейсы Расіі ў Грузіі ды Данбасе самі сабой выбудоўваюцца ў паралель з тымі падзеямі, якія адбываліся ў студзені-лютым вакол Украіны.

А па-трэцяе, крокі, зробленыя Масквой цягам зімы, не пакідалі аніякай іншай альтэрнатывы ўварванню.

«Верагоднасць таго, што гэта можа адбыцца проста таму, што нічога іншага Пуціну не застанецца, вельмі высокая», — канстатаваў Чалы. І меў рацыю.

Арцём Шрайбман

Прамога адказу на пытанне, ці ператворыцца пагроза ўзброенай атакі Расіі на Украіну ў вялікую вайну, эксперт доўгі час не даваў. Напрыканцы студзеня заблытанасць у палітычных раскладах, на думку Шрайбмана, уяўлялася настолькі вялікай, што «толькі варажбіткі здольныя з упэўненасцю ў сто адсоткаў дэклараваць, надарыцца вайна ці не». Аднак, калі палітолагу ўсе ж даводзілася ўзважваць усе «за» ды «супраць», якія паўставалі перад Уладзімірам Пуціным напярэдадні агрэсіі, Арцём схіляўся да абрання палітыкамі мірнага шляху высвятлення адносін.

Фота: AP

Фота: AP

«Ёсць адчуванне, што паўнавартасная ваенная аперацыя — гэта занадта, празмерна рызыкоўная аперацыя для прэзідэнта Расіі», — пазіцыя Шрайбмана, датаваная сярэдзінай лютага.

Аляксандр Фрыдман

Цягам зімы гісторык больш факусаваўся на падзеях вакол і ўнутры Беларусі, тады як больш шырокі палітычны кантэкст акрэсліваў контурна. Хутчэй, яго нататкі ў тэлеграм-канале мелі характар канстатавання фактаў ды падсумавання трэндаў. Тым не менш 11 лютага Фрыдман дакладна вылучыў два кірункі руху, між якімі абірае Масква: здзейсніць напад ды стаць агрэсарам у вачах сусветнага грамадства альбо адмовіцца ад імперскіх амбіцый пад ціскам Захаду.

«Дыпламатычную вайну Пуцін прайграў. Таму нам застаецца толькі спадзеў, што сапраўдная вайна не распачнецца», — з сумам канстатаваў гісторык. І, як бачна, у сваім песімізме быў недалекі ад праўды.

Ягор Лебядок

Ваенны эксперт адным з нямногіх адважваўся даваць канкрэтныя прагнозы ў дачыненні да развязвання вайны Расіяй. «Наўрад ці эскалацыя адбудзецца цяпер. А вось калі казаць пра перыяд да 2026 года, то тут верагоднасць вельмі вялікая… Усе чакаюць пачатку наступу дзесьці ў студзені-лютым. Аднак я б даў такому сцэнарыю сорак адсоткаў веры. Вайна, хутчэй, не пачнецца, чым наадварот — пакуль ідуць перамовы, пакуль Расія імкнецца сабе нешта вытаргаваць», — адзначаў Лебядок.

Ірпень, прыгарад Кіева. Фота: kiev.informator.ua

Ірпень, прыгарад Кіева. Фота: kiev.informator.ua

Пры гэтым аналітык абапіраўся на аналагічныя дзеянні, што прадпрымаў Пуцін і яго армія ў 2021-м, калі перакідванне войскаў дапамагло вывесці з-пад санкцый «Паўночны паток — 2». Аднак абмаўляўся: да 2026-га абвастрэнне ўсе ж здарыцца, бо аўтарытарызм Пуціна, стыль кіравання дзяржавай ды збег шэрагу знешніх абставінаў зводзяць усё ў крытычную кропку.

Аляксандр Класкоўскі

Палітычны аглядальнік даволі скептычна ставіўся да ідэі расійскай агрэсіі, паколькі лічыў Маскву недастаткова моцнай для ажыццяўлення сур'ёзнай баявой аперацыі. «Пораху на гэта ўжо няма. Не той эканамічны патэнцыял. І як бы ні выхваляліся расіяне ваеннай моцай, усё роўна зразумела, што сілы НАТА куды больш магутныя. Калі насамрэч распачынаць ядзерную вайну, то гэта гамон усім.

Таму, мяркую, нават пры ўсёй сваёй авантурнасці, тыя, хто ў Крамлі, не такія ўжо самагубцы, каб распачынаць гэта ўсё ўсур'ёз», — сцвярджаў эксперт.

Праўда, бліжэй да часу «ікс» ён максімальна дакладна акрэсліў ролю Беларусі ў вайне ды атрыманне краінай цэтліка «агрэсар». Бо, на думку Класкоўскага, нават калі айчынныя самалёты не возьмуцца бамбіць Кіеў, сам факт дазволу расіянам сабраць тут, на мяжы з Украінай, ударны кулак — прысуд Лукашэнку разам з дзяржавай. «Нават калі Масква проста скарыстаецца тэрыторыяй для падрыхтоўкі ўдараў па Украіне, Беларусь дэ-факта будзе ўспрымацца як саўдзельніца агрэсіі», — рабіў слушную выснову палітолаг.

Андрэй Казакевіч

Пасля таго, як выданне Military Times абвясціла пра планы Масквы ажыццявіць «спецаперацыю» і нават падзялілася мапай патэнцыйных кірункаў удару, палітолаг абвясціў пра верагоднасць нападу Расіі роўнай нулю. На яго думку, публічнасць зрывала планы агрэсара па ўсеагульнай мабілізацыі. Акрамя таго, дзеянні Пуціна, на думку эксперта, сутыкаліся б з супрацівам не толькі Узброеных сілаў Украіны, але і НАТА ды саміх расіян унутры краіны. «І галоўнае, такая аперацыя не вырашае аніякіх стратэгічных праблем, як ужо дэманстравала сітуацыя на Данбасе», — падкрэсліваў аналітык.

Марыупаль падчас абстрэлу расійскімі танкамі. Фота: AP / Evgeniy Maloletka

Марыупаль падчас абстрэлу расійскімі танкамі. Фота: AP / Evgeniy Maloletka

Не бачыў Казакевіч і нагод для пачатку вайны, як рэакцыі на паводзіны Украіны. «Рэпрэсіі расіян, унутрыпалітычны крызіс (калі знешняя акцыя магла б адцягнуць ад яго ўвагу), паскораная падрыхтоўка Украіны для ўступлення ў НАТА — нічога такога мы цяпер не бачым», — фіксаваў палітолаг ды лічыў звесткі пра патэнцыйнае ўварванне Расіі інфармацыйным укідам.

Cynic

Адзін з заўважных аналітычных тэлеграм-каналаў цягам зімы даволі лагічна тлумачыў грамадскасці, чаму вайны не будзе. Кожнае выказванне буйных палітычных гульцоў разбіралася без эмоцый — і збольшага аналіз супадаў з далейшым развіццём падзей. Аднак пуцінскія метамарфозы ў лютым раптоўна перакрэслілі ладную тэорыю, хай сабе «Цынік» з агульнай ідэяй і не памыліўся:

«Што мы маем?

Магчымыя правакацыі, абстрэлы на тэрыторыі Данбаса, фэйкавыя кадры «цынгеля», аднак шанец маштабнай вайны катастрафічна малы.

Яна магчымая як жэст адчаю РФ: Расія да вайны не рыхтавалася як след, а Захад пад маскай падрыхтоўкі да вайны ўзмацняў сваю прысутнасць на усходніх межах».

Адсутнасць аб'ектыўных прычын для нападу ды недастатковая аргументаванасць суб'ектыўных прагнозаў «Цыніка» не спраўдзілася. Усё вылілася не толькі ў вайну, але і ў вялізны гуманітарны крызіс.

Шрайбман: Ёсць адно хуткае выйсце з вайны. Але яго верагоднасць невялікая

Чалы гаворыць пра вайну: Я думаю, што спатрэбіцца гадоў 50, каб нанесеныя ўкраінцам крыўды загаіліся

«Беларусь на міжнароднай арэне можа скаціцца да статусу ДНР». Эксперты разважаюць, як на Беларусі адаб'ецца ўварванне ва Украіну

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0