Заробкі ў рублях не змяніліся

Па словах супрацоўніцы «Гродна Азот», шараговыя рабочыя пакуль не адчулі на сабе дзеяння новых санкцый.

«Усе цэхі працуюць, аб пераходзе на чатырохдзёнку размоў няма. Баяліся, што могуць быць праблемы з заробкамі, але нічога такога не адбылося. Заробкі засталіся на ранейшым узроўні», — кажа суразмоўца.

На дачэрнім прадпрыемстве «Азота» — «Хімвалакно» — распавялі, што ў сувязі з новымі санкцыямі практычна спынілася адгрузка тавару аўтаперавозчыкам.

«У нас шмат прадукцыі ішло на Еўропу, тавар у асноўным вывозілі фурамі, цяпер па адгрузках практычна ўсё спынілася. Верагодна, неўзабаве гэта адаб'ецца на заробках, магчыма, будзе чатырохдзёнка, як гэта ўжо было падчас пачатку пандэміі. Мяркуючы па апошніх выплатах, ніякіх зменаў у заробках не адбылося. Зарплата паменшылася толькі ў валютным выражэнні».

З сакавіка павышае заработную плату

Па словах супрацоўніка ААТ «Пеленг», трэцяга сакавіка ім паведамілі пра рост заработнай платы на 10%.

«Пеленг» — важная частка абароннай структуры так званай Саюзнай дзяржавы, па оптыцы мы таксама часткова замяшчаем згубленыя ўкраінскія прадпрыемствы. Па вытворчасці оптыкі для «космаса» працы больш не стала. У цэлым па прадпрыемстве калі і ёсць павелічэнне колькасці заказаў, то толькі за кошт знішчаных падчас вайны танкавых прыцэлаў, але гэта мая ўласная здагадка.

Натуральна, у нас ёсць запас кампанентаў, але з пастаўкамі на будучыню пакуль яснасці няма. Тэма магчымых збояў у пастаўках кампанентаў — адна з тых, што найбольш абмяркоўваюцца на прадпрыемстве», — заявіў суразмоўца.

Адпачынак за свой кошт

Работнік «Белпошты» з Віцебскай вобласці паведаміў, што некаторых супрацоўнікаў з кіраўніцтва і адміністрацыі адпраўляюць у адпачынкі за свой кошт.

«На звычайных паштальёнаў гэта не распаўсюджваецца, працягваем працаваць, як і раней. Такая сітуацыя назіраецца з сакавіка. Наколькі мне вядома, адбываецца гэта толькі ў Віцебскай вобласці», — дзеліцца работнік.

Пастаўшчыкі адмаўляюць у пастаўцы камплектуючых

Сваімі праблемамі падзяліліся і супрацоўнікі некаторых буйных прыватных прадпрыемстваў.

У сталічнай арганізацыі, якая выпуская абсталяванне для машынабудавання і будаўніцтва, распавялі аб напружанасці з кампанентамі, а таксама затрымкай выплат з боку кліентаў з РФ.

«Усё больш пастаўшчыкоў адмаўляюць у пастаўцы камплектуючых. Няма магчымасці разлічыцца з ЗША. Партнёры з РФ практычна не разлічваюцца, чакаюць. Яшчэ адна праблема ў тым, што кантракты з расіянамі былі заключаныя ў расійскіх рублях», — распавёў супрацоўнік.

Плануецца скарачэнне вытворчасці на 37%

Прадстаўнік буйной міжнароднай кампаніі, якая займаецца вытворчасцю і продажам рознага віду прадукцыі (у тым ліку харчовай), распавёў, што заводы на тэрыторыі РФ не могуць паўнавартасна працаваць.

«Нягледзячы на тое, што наша кампанія не сыходзіць з рынку, а толькі спыняе фінансаванне і рэкламную дзейнасць, праз адсутнасць паставак сыравіны з ЕС вытворчасці не могуць працаваць як раней.

Беларускія супрацоўнікі кампаніі за люты атрымалі заробкі без зменаў, аднак за сакавік будзе голы аклад без прэмій і надбавак. Плануецца вымушаная аптымізацыя штату супрацоўнікаў, па магчымасці перавод на іншыя пасады ў кампаніі, бягучыя вакансіі замарожаныя.

На гэтым этапе плануецца скарачэнне вытворчасці ў сярэднім на 37%, а асартыменту — на траціну. Аб планах па скарачэнні вядома толькі вышэйшаму кіраўніцтву, шараговыя супрацоўнікі пакуль у поўнай меры не ў курсе пра планы па аптымізацыі», — дзеліцца суразмоўца.

Чытайце па тэме:

Беларусь уводзіць забарону на экспарт 254 прамысловых тавараў

Тры з пяці рудаўпраўленняў у Салігорску спыніліся, «Беларуськалій» упершыню бярэ крэдыты на заробкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0