Украінскі вайсковец адпачывае на сваёй пазіцыі ў Харкаве. 22 сакавіка 2022 года. Фота: Andrew Marienko / AP

Украінскі вайсковец адпачывае на сваёй пазіцыі ў Харкаве. 22 сакавіка 2022 года. Фота: Andrew Marienko / AP

Колькі яшчэ будзе ісці вайна? Гэтае пытанне баліць усім грамадзянам Украіны. Дакладна адказаць на яго цяпер немагчыма, але мы можам прааналізаваць усе складнікі і прыйсці да некаторых высноў.

Дзе мы цяпер?

Ваенныя дзеянні вядуцца на зямлі, у паветры, на моры, у інфармацыйнай і кібернетычнай прасторы. Галоўнай стратэгічнай мэтай вайны з'яўляецца знішчэнне Украіны як суверэннай дзяржавы.

Гэта вялікі лёсавызначальны выклік існаванню Украіны і ўсім яе жыхарам. Барацьба з такім магутным ворагам з'яўляецца нашай агульнай справай.

Нягледзячы на вялікую розніцу ў ваенных патэнцыялах, адносны поспех Расіі ў гэтай вайне ёсць толькі ў адной плоскасці — марской. Расія практычна акупавала Чорнае і Азоўскае моры, прыціснуўшы Украіну да берага. Пры гэтым праз сістэму нашай берагавой абароны РФ не здольная падысці ўшчыльную і паспяхова ажыццяўляць амфібійныя аперацыі, высадзіўшы магутны дэсант на сушу.

У кібернетычнай прасторы РФ не змагла нанесці непапраўную шкоду ўкраінскай крытычнай інфраструктуры. Як мы бачым, па меншай меры цяпер, украінскія сістэмы функцыянуюць бесперабойна, працуюць банкаўская і фінансавыя сістэмы, працягваецца вытворчасць электраэнергіі, пастаўкі газу, працуе Інтэрнэт, стацыянарная і мабільная сувязь.

Дзяржаўныя органы і навінавыя сайты штодня з'яўляюцца аб'ектамі кібернетычных нападаў ворага, але іх агульная паспяховасць нізкая.

У інфармацыйным полі РФ цалкам прайграе як ва Украіне, так і за яе межамі. Украінцы дэманструюць беспрэцэдэнтнае адзінства і падтрымку ўрада і прэзідэнта.

Намер Расіі раскалоць грамадства інфармацыйнымі атакамі і правакацыямі пацярпеў крах.

Вядомая дактрына Герасімава, што была рэалізаваная Расіяй падчас акупацыі Крыма і часткова ў вайне на ўсходзе Украіны ў 2014 годзе — сёння не спрацавала. Украінскі народ — адзіны, згуртаваны і магутны. Нянавісць да захопніка — усенародная, а любыя прарасійскія элементы начыста адрынаюцца грамадствам.

За мяжой, асабліва ў краінах дэмакратычнага свету, захоўваецца нечуваная да гэтага часу падтрымка Украіны. Нягледзячы на пастаянныя паўтарэнні так званай расійскай дыпламатыяй сваіх наратываў, сусветная супольнасць іх зусім не прымае.

Вайна на ўсходзе часткова сыходзіла Расіі з рук, бо яна ўмела прасоўваць сваю ідэю «асобных народаў» так званых «ЛНР / ДНР» і іх ілжывай суб'ектнасці, але цяпер гэта не працуе.

Расіі не ўдаецца навязваць сваю версію падзей, іх размовы пра «нацыстаў» і «пагрозы РФ ад Украіны» справядліва светам ўспрымаюцца як поўнае трызненне.

Крэмль дапусціў каласальную памылку. Аказалася, што трыльёны рублёў на іх узброеныя сілы, разведчыкаў і сілавікоў, а таксама падкормку пятай калоны ва Украіне былі марнымі. Гераічная барацьба ўсяго ўкраінскага народа, ад прэзідэнта Украіны да сілаў абароны на перадавой, ад валанцёраў і актывістаў да фермераў і шараговых грамадзян, акрыляе нас.

Крытычным пралікам РФ стала яе няздольнасць авалодаць паветранай прасторай, нягледзячы на істотную перавагу ў паветры. Большасць аналітыкаў, параўноўваючы да вайны здольнасці ўкраінскіх паветраных сілаў з расійскімі, не давалі украінскім шмат шанцаў.

Было практычна аднадушнае меркаванне, што РФ атрымаецца досыць хутка абясшкодзіць украінскую авіяцыю, прыбіць украінскія сілы СПА і ўсталяваць панаванне ў паветры.

РФ абвясціла пра паспяховае падаўленне СПА Украіны ўжо ў першыя гадзіны вайны. Але гэта аказалася нерэалізаваным жаданнем. Праз тры тыдні вайны РФ страціла дзясяткі самалётаў і верталётаў, а ўкраінская баявая авіяцыя і СПА дагэтуль дзейнічаюць і працягваюць паражаць вялікую колькасць цэляў штодня.

Поспехі нашых пілотаў — герояў баявой авіяцыі, беспілотнай авіяцыі і СПА з'яўляюцца сапраўды ўражлівымі. Аднак, вядома, мы не ў сілах самастойна цалкам закрыць неба ад агрэсара, чым і карыстаюцца расіяне, якія кампенсуюць няўдачы ў іншых напрамках шматлікімі ракетнымі ўдарамі па гарадах Украіны і вайсковай інфраструктуры.

Ну і, нарэшце, суцэльным шокам для захопніка аказалася наземная аперацыя. Не спрацаваў план А, гэта значыць хуткі захоп шэрагу гарадоў і тэрыторый Украіны, з галоўнай мэтай — Кіевам.

Сілы, адпраўленыя ва Украіну, дзе толькі сухапутная кампанента перавышала 120 тысяч чалавек, аказаліся няздольнымі дасягнуць амаль усіх аператыўных мэтаў і ніводнай ключавой.

Правалы расіян у лагістычным забеспячэнні, выкананні аперацый і слабая падрыхтоўка прывялі да паразаў, дыскусіі пра якія не сыходзяць са старонак газет і тэлебачання.

Памятаем, што больш за 15 тысяч забітых захопнікаў азначаюць па прынятай метадалогіі ўтрая больш параненых. Перапоўненыя параненымі шпіталі ў Мазыры, Белгарадзе, Бярдзянску і акупаваным Севастопалі сведчаць пра рэалістычнасць гэтых ацэнак. Дадаўшы яшчэ тысячу палонных, мы прыходзім да высновы, што наша армія абясшкодзіла ўжо каля паловы ад першапачатковай сухапутнай групоўкі. Што гэта, як не правал?

Назапашванне сілаў і сродкаў, уключаючы перакіданне рэшткаў баяздольных падраздзяленняў з далёкіх куткоў Расіі, спробы задзейнічаць беларускае войска і нават блізкаўсходніх наймітаў — сведчанне таго, што ўсе наяўныя рэсурсы кінутыя на выратаванне ад паразы.

Расія разлічвае на рывок у выглядзе эскалацыі, перш за ўсё на паўднёвым і паўночным напрамках. Ён павінен быць завершаны Расіяй, пакуль у яе ёсць рэсурсы. Іх, па розных ацэнках, хопіць да сярэдзіны красавіка, магчыма да чэрвеня-ліпеня.

Здольнасць Украіны выстаяць ва ўмовах татальнага тэрору супраць мірнага насельніцтва і задзейнічання ўсіх наяўных сілаў і сродкаў супраць УСУ і тэрабароны залежыць ад нязменнасці дыпламатычнай падтрымкі, дапамогі зброяй і грашыма з боку ЗША і іншых краін.

На гэтым этапе канстанта — рашучасць палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, гатоўнасць да такога сцэнару сілаў абароны. Такім чынам, развіццё поспеху стратэгічнай абарончай аперацыі з'яўляецца крытычна важным.

Ці ёсць у РФ рэзервы дома?

Так, ёсць, але абмежаваныя. Па-першае, агульная штатная колькасць баяздольных сухапутных сілаў РФ блізкая да 300 тысяч, гэта значыць ва Украіну накіравалі амаль палову ўсіх наяўных магчымасцяў. Але іх баяздольнасць, як мы бачым, вельмі ўмоўная і адназначная.

Ёсць яшчэ вялікае пытанне па іншай палове, цалкам верагодна, што яна недаўкамплектаваная і не створыць дзейны баяздольны рэзерв, які можна даставіць ва Украіну.

Калі ж Пуцін накіруе да нас усе наяўныя сілы і страціць іх большую частку, гэта прывядзе да страты арміі наогул. А гэта для РФ — катастрофа.

Міф аб непераможнай і страшнай рускай арміі быў разбураны ў сусветнай інфармацыйнай прасторы. Ён ужо не адновіцца, нават калі ў будучыні будуць выкананыя нейкія аператыўныя мэты. Нізкая падрыхтоўка салдат, нізкая ступень забяспечанасці і тэхнічнага ўзроўню ўзбраення, нізкая зладжанасць іх падраздзяленняў, крытычныя памылкі ў сістэме камандавання, адсутнасць зразумелых ім самім мэтаў і задач і жудасны маральны стан, памножаны на няздольнасць арганізацыі лагістыкі, прывялі да патавай сітуацыі. Іх адзіная перавага — гэта колькасць.

Чаму армія РФ аказалася такой?

Па-першае, расіяне гадамі паўтаралі мантру аб уласнай непераможнасці, у якую самі паверылі.

Расія з неаімперскай напышлівасцю традыцыйна недаацэньвала Украіну, моц нашых сілаў абароны, матывацыю і рашучасць нашага насельніцтва.

Па-другое, у Расеі таксама няма дэмакратычнага кантролю за ўзброенымі сіламі.

У адрозненне ад украінскай арміі, баяздольнасць якой гадамі прыдзірліва вывучалася грамадствам, экспертамі, парламентам, грамадзянскім Міністэрствам абароны, партнёрамі і праваахоўнай сістэмай, у Расіі незалежнага кантролю за ўзброенымі сіламі няма.

Затое мае месца зрошчванне вайсковай вярхушкі з вышэйшым кіраўніцтвам краіны, а гэта робіць немагчымай цвярозую ацэнку сітуацыі і любое крытычнае мысленне. Успомнім наш уласны балючы вопыт да 2014 года.

Яскравы прыклад — пратэрмінаваныя прадуктовыя наборы, якія нашы байцы знаходзяць у знішчанай тэхніцы ворага. Гэта сведчыць пра татальную карумпаванасць сістэмы забеспячэння. Пра тое ж кажа іх стан рэчавага забеспячэння, і, што немалаважна, стан тэхнікі. Яна састарэла і пастаянна выходзіць са строю.

Зразумела, што большую частку вялізнага бюджэту, які складае больш за 60 млрд даляраў штогод, вайсковае кіраўніцтва і куратары з уладнай эліты проста раскрадалі.

Таму, паводле нядаўняга выказвання Борыса Джонсана, свае паразы расійскае кіраўніцтва вымяшчае пастаяннымі ракетнымі ўдарамі, у тым ліку па грамадзянскіх аб'ектах. Таксама Расія дасылае ў Украіну вялікую колькасць захопнікаў, ужо не лічачыся асабліва са стратамі, адпраўляючы сотні адзінак абсталявання.

Расія свядома тэрарызуе мясцовае насельніцтва ў часова акупаваных населеных пунктах.

Логіка гэтых дзеянняў амаральная, але і простая — запалохаць абаронцаў і зламаць волю да супраціву. Але яна не спрацоўвае.

Якім бы чынам ні развіваліся далей падзеі, такія ўчынкі захопнікаў надзейна забяспечылі месца злачынцам не толькі ў пекле, але і на лаве падсудных.

Ва ўмовах правалу максімальнай эскалацыі ўсімі наяўнымі сродкамі, Масква будзе спрабаваць кампенсаваць недахоп поспехаў проксі-дыпламатычнымі сродкамі, падобна да праверанага за восем гадоў мінскага працэсу.

Трымаючы Украіну ў напрузе перыядычнай эскалацыяй, ракетнымі ўдарамі, працай дыверсійных груп з беларускай тэрыторыі, Крэмль будзе назапашваць рэсурсы.

Памяншэнне інтэнсіўнасці баявых дзеянняў дазволіць Расіі эканоміць ці нават назапашваць фінансавыя рэсурсы. Гэта можа адбыцца з-за нежадання еўрапейцаў адмаўляцца ад расійскіх энергарэсурсаў, цэны на якія астранамічна выраслі.

Такі ход дасць прастору для спробаў раскалоць адзінства нашых заходніх партнёраў, якія будуць пакутаваць ад палітычнай нестабільнасці, выкліканай запаволеннем тэмпаў эканамічнага росту, праблемамі харчовай бяспекі, фактарам украінскіх бежанцаў і інш.

Важным момантам уплыву на РФ з'яўляюцца беспрэцэдэнтныя сусветныя санкцыі. Адначасова з правалам бліцкрыгу Захад пачаў накладаць жорсткія абмежаванні, душачы эканоміку і рэзервы РФ.

Ёсць таксама меркаванне, што эканамічны патэнцыял Расіі быў пераацэнены, як і яе ваенны патэнцыял. Цалкам верагодна, што гэтая краіна ўжо на мяжы банкруцтва.

Цяпер немагчыма дакладна спрагназаваць ступень жывучасці пуцінскага рэжыму, яго здольнасць утрымліваць грамадства на галодным пайку ў абложанай крэпасці. Гэтак жа складана ацаніць жыццяздольнасць эканамічнай канструкцыі ў надзвычай неспрыяльных умовах.

Таму ўкраінскае кіраўніцтва і грамадства настроеныя менавіта на знясільваючую вайну.

Аднолькава важным з'яўляецца як забеспячэнне знешняй падтрымкі, так і перавод украінскай эканомікі на ваенны лад. Ва ўмовах пісьменных дзеянняў ваеннага кіраўніцтва і нязменнай высокай матывацыі грамадства апошняе будзе вырашальным фактарам.

Пытанне, якое ўсіх хвалюе: ці можа Пуцін паспрабаваць вырашыць ход вайны хімічнай зброяй ці нават ядзерным ударам?

Расія мае доўгі спіс выкарыстання забароненых відаў зброі і здзяйснення ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці.

Цалкам магчымыя правакацыі з хімічнай і іншымі відамі зброі з абвінавачваннем Украіны.

Сірыйскі вопыт узяцця гарадоў з ужываннем хімічнай зброі, па іроніі лёсу і з прыцягненнем сірыйскіх наймітаў, можа стаць рэальнасцю.

Не беспадстаўныя папярэджанні ўкраінскай вайсковай разведкі аб магчымым задзейнічанні чарнобыльскага сцэнара, у прыватнасці, выкарыстання заражанага грунту або адпрацаваных ядзерных адходаў.

Заходнія журналісты, аналітыкі і палітыкі занепакоеныя тым, што Уладзімір Пуцін загнаў сябе ў тупік і таму з'яўляецца надзвычай небяспечным.

У цяперашні час любыя опцыі на яго стале не вельмі вясёлыя для справы захавання ўлады, уваходжання ў гісторыю і лёсу яго краіны (менавіта ў такой паслядоўнасці). Занадта старанна ён ствараў імідж гатовага звяртацца да самых рызыкоўных дзеянняў, ісці да канца што б то ні было ў дасягненні пастаўленай мэты, а таксама весці сябе як лідар глабальнай вагі, каб цяпер згарнуць свае дзеянні ў Украіне.

Рацыянальны ў сваёй альтэрнатыўнай рэальнасці, ён апантаны Украінай. Такім чынам, пры ўмове, што ён жывы і ва ўладзе, ён будзе спрабаваць пераламаць Украіну, пакуль ёсць рэсурсы, або, атрымаўшы хоць нейкую істотную перамогу — ваенную або дыпламатычную, ён зможа яе прадаць уласным падданым і аўтарытарнаму інтэрнацыяналу.

Таму існуе высокая верагоднасць здзяйснення і іншых тэрактаў з мэтай стварэння тэхнагенных катастрофаў. Пры гэтым, выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі супраць Украіны выглядае малаверагодным з прычыны немагчымасці дасягнення з дапамогай гэтага пэўных палітычных мэтаў і надзвычай негатыўных наступстваў як для Расіі, так і рэжыму, які там кіруе.

Зараз ядзернае стрымліванне працуе так, як таго і жадаюць у Крамлі, пацвярджэннем чаго з'яўляецца адмова ў рэалізацыі беспалётнай зоны.

А вось рызыка пераводу вайны ў доўгатэрміновую пазіцыйную вайну, вядома, ёсць. Расея можа паспрабаваць усё ж кінуць усе сілы на 1—2 напрамкі і засяродзіцца на іх, а потым спрабаваць утрымаць новыя акупаваныя тэрыторыі. Аднак зрабіць гэта будзе цяжка і тэхнічна, і арганізацыйна. Хоць, выбіраючы з усіх негатыўных ваенных сцэнароў, яны могуць пайсці на гэта.

Таму падтрымка і забеспячэнне УСУ сёння з усіх сілаў для нас жыццёва неабходныя. Чым больш няўдалай будзе іх спроба зафіксаваць «дасягненні», тым хутчэй яны зразумеюць, што трэба заканчваць.

Па гэтых прычынах лічым, што вельмі верагодным з'яўляецца сцэнар мірнага пагаднення. РФ будзе спрабаваць выціснуць нейкія ўмовы, прадставіць іх у сябе дома ў якасці «перамогі» і прыйсці да згоды да таго моманту, як стане відавочным іх правал.

Такое пагадненне дасць магчымасць Расіі перадыхнуць і аднавіцца, а па магчымасці — увайсці ў бясконцыя спрэчкі аб стане выканання пагадненняў накшталт мінскага працэсу. Таму любыя ўмовы такога пагаднення павінны вельмі выразна прадбачыць рызыку таго, што РФ у сваім стандартным стылі будзе спрабаваць іх парушаць адразу ж пасля падпісання і вінаваціць у гэтым усіх каго заўгодна, акрамя сябе.

У любым выпадку Пуцін наўрад ці пазбавіўся ад дакучлівай ідэі заваявання ўсёй Украіны. Яго спыняць толькі эканамічныя страты, прызнанне яго ваенным злачынцам і максімальнае абнародаванне стратаў і памылак камандавання ў гэтай вайне.

Пакуль яны будуць шукаць вінаватых і мяняць кіраўнікоў сектара бяспекі, мы павінны аднавіць нашы сілы і такім чынам прадухіліць новую спробу рэваншу.

Цяперашнія максімалісцкія патрабаванні Крамля не сумяшчальныя з украінскай дзяржаўнасцю, таму Украіна павінна сфармуляваць свае.

Напрыклад, вызваленне акупаванага мора з'яўляецца крытычнай умовай спынення вайны. Наша краіна павінна аднавіць эканоміку, якая залежыць ад наяўнасці марскіх шляхоў. Успомнім хоць бы аграэкспарт, які цалкам залежыць ад доступу да мора.

Гатоўнасць РФ на рэальныя перамовы і выхад з вайны будзе залежаць таксама ад шэрагу знешніх фактараў. Іх наступленне яшчэ ў працэсе, менавіта таму і немагчыма больш-менш дакладна прадказаць час заканчэння вайны.

Асноўных знешніх фактараў — два

Першы: рэальная гатоўнасць ЗША і некалькіх бліжэйшых саюзнікаў падтрымліваць Украіну ўзбраеннем да перамогі. Нядаўняя заява прэзідэнта Байдэна аб выдзяленні новых рэкордных сумаў дапамогі і агульны настрой палітыкуму ЗША сведчыць аб гатоўнасці ісці на такі крок.

Нягледзячы на страх перад прамым сутыкненнем з РФ і заявы аб няўдзеле ў вайне, ЗША пастаўляе нам узбраенне на мільярды даляраў. Галоўнае, каб яно прыбывала ў той спецыфікацыі, што нам трэба, у той колькасці, што трэба, і ў той час, калі трэба.

Перспектывы гэтага даволі высокія. Але гэта вялікая і цяжкая праца. Турцыя, закрыўшы Басфор, прадэманстравала, што РФ можна не баяцца. Гэта істотна перашкаджае падыходу новых сілаў РФ з мора. Іншыя краіны павінны браць прыклад. Дыпламатычны фронт цяпер для нас крытычны.

Другі: іншы ўзровень санкцыйнага ціску. Шакаваныя і абураныя грубай і фашысцкай тактыкай вайны, ліберальна-дэмакратычныя грамадствы заходніх краін павінны трансляваць гэтае абурэнне ў санкцыі зусім іншага парадку.

Бягучая мяккая пазіцыя некаторых краін кантынентальнай Еўропы павінна стаць недапушчальнай. Супрацоўніцтва любога заходняга бізнэсу з РФ павінна быць гэткім жа таксічным для гэтага бізнэсу, як і супрацоўніцтва з рэжымамі Сірыі ці Паўночнай Карэі.

Свет ідзе на гэта са страхам, улічваючы высокую інтэграцыю РФ у сусветную эканоміку. Але менавіта гэта паскорыць задыханне эканомікі, грашовай сілы Расіі, дапаможа спыніць вайну і аднавіць сусветны парадак.

Як толькі гэтыя фактары канчаткова вызначацца на карысць Украіны, РФ пойдзе на міравую. Увесь гэты час нам трэба ўсяляк падтрымліваць супраціў народа, нашы ўзброеныя сілы, развіваць эканоміку і працаваць над рэалізацыяй вышэйзгаданых задач.

Мы верым у перамогу Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0