Попыт на сейфы ў расіян вырас за апошні месяц, распавялі РБК вытворцы і прадаўцы гэтых тавараў. Сярод прычын: ваганні курсаў валют, адкладзены попыт і павелічэнне аб'ёму наяўных сродкаў на руках у насельніцтва.

Рэзкі рост закупак сейфаў — на 34% у b2c-сегменце і на 36% у b2b (у натуральным выражэнні, але фактычных лічбаў прадавец не прыводзіць) — быў зафіксаваны на тыдні з 21 па 27 лютага ў параўнанні з тыднем з 14 па 20 лютага, паведаміў РБК прадстаўнік анлайн-гіпермаркета «ВсеИнструменты.ру». На тыдні з 28 лютага па 6 сакавіка рост у b2c склаў яшчэ 20%, у b2b — 4%. Перыяд да 14 сакавіка пры гэтым адзначыўся зніжэннем да папярэдняга тыдня — на 23% у b2c і на 31% у b2b.

Як растлумачыў РБК камерцыйны дырэктар «НВА Прамет» Аляксей Пятроў, фактараў росту попыту на сейфы некалькі.

Адкладзены попыт

 «З пачатку гэтага года на рынку сейфаў спрацаваў адкладзены попыт, які быў звязаны з тым, што ў другой палове мінулага года з-за росту кошту металу сейфы падаражэлі. Таму попыт на сейфы для зброі з пачатку гэтага года ў нас стрэльнуў практычна ўдвая ў грашовым выражэнні», — тлумачыць суразмоўца. Цэны на метал як у Расіі, так і ва ўсім свеце раслі з чацвёртага квартала 2020 года. Расійская Федэральная антыманапольная служба тлумачыла гэта ростам попыту пасля зняцця абмежавальных мер па барацьбе з каранавірусам. Так, напрыклад, цэны на арматуру ў Расіі ў 2021 годзе ў адносінах да 2020-га выраслі ў сярэднім на 73,5% за тону.

Павелічэнне аб'ёму наяўных грошай на руках у насельніцтва

«Пасля пачатку спецаперацыі і змяненняў у банкаўскай сістэме мы сапраўды бачым досыць рэзкі рост попыту на ўзломатрывалыя сейфы для хатняга і асабістага выкарыстання. Гэта значыць, людзі купляюць у асноўным альбо дадому, альбо ў офісы. Гэта адбываецца, бо рэзка вырасла доля наяўных грошай», — адзначае Аляксей Пятроў.

Па даных Банка Расіі, аб'ём наяўных грошай ў краіне на 1 сакавіка 2022 года дасягнуў 15,82 трлн расійскіх рублёў. Аб'ём выпушчаных ЦБ наяўных грошай з улікам рэшткаў у касах банкаў вырас за месяц на 2 трлн руб., або на 14,7%. Такі прырост у адносным выражэнні стаў максімальным са снежня 2009 года (плюс 15,1%, але ў той час безнаяўныя плацяжы былі менш папулярныя — колькасць банкаўскіх карт у краіне была ў 2,5 раза меншая, чым цяпер). У абсалютным выражэнні такога прытоку гатоўкі ў эканоміку не было за ўвесь час назіранняў. Пераход «у наяўныя» і актуальнасць пытання іх захоўвання ўжо зафіксавалі і банкі: кліенты расійскіх фінансавых арганізацый сталі больш актыўна цікавіцца арэндай сейфовых ячэек.

Для чаго патрэбныя сейфавыя ячэйкі і сховішчы

У 2019 годзе ў Вялікабрытаніі, ЗША і Швейцарыі быў адзначаны рост попыту на высокаабароненыя сховішчы і сейфавыя ячэйкі. Даследаванне рынку агенцтвам Bloomberg паказала, што ў іх мільярдэры любяць захоўваць гатоўку і каштоўныя металы, баючыся пагрозы глабальнай рэцэсіі і стыхійных бедстваў.

Так, паводле справаздачы UBS Global Wealth Management, большасць заможных інвестараў збіралі наяўныя грошы ў чаканні рэзкага падзення рынку да канца 2020 года. Прадстаўнік Swiss Gold Safe тлумачыў Bloomberg, што для многіх заможных кліентаў арандаваць сейф у Швейцарыі ці Ліхтэнштэйне больш выгадна, чым пакласці грошы на ўклад з адмоўнай прыбытковасцю.

Як адзначае Пятроў, на рынак сейфаў цяпер аказвае ўплыў і курсу валюты: «У выніку росту курса даляра да рубля адбыўся рост кошту, перш за ўсё, парашковай фарбы і некаторых імпартных кампанентаў, якія выкарыстоўваюцца ў электронных замках. Акрамя таго, адзін з нашых пастаўшчыкоў фарбы для сейфаў адмовіўся пастаўляць яе на расійскі рынак». У сувязі з гэтым кампанія збіраецца шукаць новых пастаўшчыкоў для імпартазамяшчэння і наладжваць уласную вытворчасць камплектуючых, заявілі ў «Прамеце».

У краме сейфаў HardSafe распавялі «што «попыт павялічыўся на 100% на ўсе тыпы сейфаў (і зброевыя, і хатнія)», кошты выраслі ад 10 да 60% на розныя тавары розных пастаўшчыкоў. Таксама ў краме паведамілі, што з-за закрыцця межаў і немагчымасці купіць валюту ім прыйшлося спыніць пастаўкі імпартных тавараў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру