22 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ №116 «Аб навінных агрэгатарах у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт». Указам рэгулююцца асаблівасці функцыянавання агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў. Ён «накіраваны на спыненне магчымасці распаўсюджвання ўладальнікамі навінных агрэгатараў матэрыялаў інтэрнэт-рэсурсаў, у дачыненні да якіх у адпаведнасці з заканадаўствам вынесена рашэнне аб абмежаванні да іх доступу», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.

Выданне «СН-плюс» пагаварыла з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім пра магчымыя мэты і задачы гэтага ўказа.

— Упершыню даецца вызначэнне навіннаму агрэгатару. Усё астатняе, пра што гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі, і ў самім тэксце ўказа, — абавязкі, якія ўжо ўстаноўленыя законам «Аб сродках масавай інфармацыі» для СМІ, у тым ліку «сеткавых выданняў», а таксама «інтэрнэт-рэсурсаў, з дапамогай якіх распаўсюджваецца масавая інфармацыя».

Але закон не даваў азначэння, што такое «навінны агрэгатар» і не выводзіў яго ў асобную катэгорыю. Цяпер сказана: «Навінны агрэгатар — інтэрнэт-рэсурс, які выкарыстоўваецца для апрацоўкі, структуравання і распаўсюджвання інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт і на якім размяшчаюць не менш за 50 навінных матэрыялаў у суткі на працягу пяці сутак запар, а колькасць запазычаных з розных крыніц навінных матэрыялаў перавышае 50 працэнтаў ад агульнай колькасці размешчаных інфармацыйных паведамленняў і (або) матэрыялаў у суткі».

Навінны агрэгатар — гэта звычайна праграма або інтэрнэт-рэсурс, які па зададзеных крытэрыях аўтаматычна фарміруе падборку навін з розных крыніц.

У Беларусі часцей за ўсё пад такім агрэгатарам разумеюць «Яндэкс-Навіны» або Google News, альбо любыя рэсурсы, якія збіраюць кантэнт з розных крыніц, дзе эксклюзіву менш, чым запазычанага.

Але, напрыклад, у Расіі ёсць рэестр навінных агрэгатараў, у якім значацца ўсяго чатыры рэсурсы — «Яндэкс-Навіны», «Новости@mail.ru», «СМИ2» і «Рамблер/Навіны».

Такім чынам, указ не робіць рэвалюцыйных зменаў, але ўводзіць паняцце «навінны агрэгатар». З'явілася азначэнне, хоць і раней на ўсе сайты распаўсюджвалася дзеянне закона аб СМІ. Тэарэтычна агрэгатары адказныя за дакладнасць кантэнта, які распаўсюджваюць. Зрэшты, такое ж патрабаванне ў Беларусі да любых інтэрнэт-рэсурсаў.

— Узнікае пытанне: каму гэта можа адгукнуцца, якімі рэальнымі наступствамі пагражае?

— Указ вызначае, што ўладальнікам навіннага агрэгатара можа з'яўляцца юрыдычная асоба, індывідуальны прадпрымальнік. Калі пад «навінным агрэгатарам» разумець тое ж, што і ў Расіі, то такое азначэнне залішняе — усе чатыры навінныя агрэгатары ў расійскім рэестры з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, а беларускіх навінных агрэгатараў у такім сэнсе не існуе.

Але калі з'яўляецца ўказ для рэгламентацыі нейкай з'явы, то, мабыць, яго аўтары гэтую самую з'яву бачаць. Наўрад ці такое было неабходна выключна для беларускай старонкі расійскага рэсурса «СМИ2» (smi2.by), іншых расійскіх агрэгатараў.

Увогуле 50 паведамленняў за суткі — гэта даволі шмат, мала якія беларускія сайты столькі публікуюць. У дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА можа быць 200—400 паведамленняў у Telegram, уласна ў стужцы навін на сайце — каля 100—200, а перадрукі з ТАСС, РИА Новости і «Спутнік» могуць дасягаць і паловы. 

БелТА запішуць у беларускія навінныя агрэгатары? Ці ў гэтай катэгорыі апынуцца лаяльныя «Белновости» разам з трохі свавольным n1.by або адкрыта апазіцыйнай «Хартыяй '97»? Зрэшты, апошняе выданне ўжо прызнанае экстрэмісцкім і абмежаванае для карыстальнікаў у Беларусі, таму яно не баіцца пакарання з боку Мінінфарма.

Не выключана, што такім навінным агрэгатарам можа разглядацца, дазволю сабе трохі параноі, і Facebook. У Расіі, калі ў 2016 годзе дэбатавалася заканадаўчае рэгуляванне навінных агрэгатараў, пра сацсеткі думалі, але ў закон не ўключылі. Як зробяць у Беларусі?

«Разумная стужка» Facebook распаўсюджвае больш за 50 навінных матэрыялаў у суткі, значная частка кантэнту запазычаная з розных крыніц — падобна на азначэнне з указа? Аналагічна і з іншымі сацсеткамі.

Такім чынам, у Мінінфарма Беларусі будуць дадатковыя падставы пільна сачыць за сацсеткамі. У Беларусі ўжо існуе практыка прызнання асобных каналаў экстрэмісцкімі. Facebook і Instagram прызналі экстрэмісцкімі супольнасцямі, пры гэтым самі матэрыялы Facebook і Instagram не з'яўляюцца экстрэмісцкімі, але чамусьці экстрэмісцкімі з'яўляюцца іх лагатыпы.

Якую навацыю ўвядуць беларускія ўлады, цяжка сказаць.

Але я б падумаў, што яны могуць распаўсюдзіць на сацыяльныя сеткі альбо такі вопыт суседзяў і без увядзення тэрміна «навінны агрэгатар», альбо сваім шляхам прыйсці да падобнага выніку — заблакаваць сацсеткі пад маркай парушэння закона аб СМІ.

У Беларусі найбольш папулярныя «ВКонтакте» і «Аднакласнікі» — расійскія сацсеткі, цяпер яны актыўна супрацоўнічаюць з Крамлём, таму, хутчэй за ўсё, яны будуць дэманстраваць лаяльнасць да наратываў, якія прасоўваюцца дзяржаўнай прапагандай, і блакаваць тое, што не супадае з афіцыйным курсам.

Калі казаць пра іншыя каналы камунікацыі, то ў Беларусі папулярны відэахостынг YouTube - яго могуць заблакаваць (хоць чым яго замяніць?).

У Беларусі расце папулярнасць кітайскай сацсеткі TikTok — магчыма, і да яго рукі дойдуць. Напрыклад, у Расіі, нягледзячы на вялікае сяброўства з Кітаем, TikTok для расійскіх карыстальнікаў не дазваляе публікаваць новыя паведамленні. 10 сакавіка Раскамнагляд запатрабаваў ад TikTok разблакаваць запіс відэазвароту Уладзіміра Пуціна — пакуль што кітайскія ўладальнікі сеткі не саступілі.

Пры вялікай фантазіі пад катэгорыю «навінны агрэгатар» можна падвесці і чаты ў месенджарах. Але з Telegram расійскія ўлады змагаліся некалькі гадоў і саступілі. Ці будуць беларускія ўлады спрабаваць блакаваць яго? Магчыма, не ведаю.

— Значыць, рыхтуюць глебу для ўдару па сацсетках?

— Гэта было б свайго роду «чухаць правай рукой за левым вухам», але хто ж можа падобнае выключыць? «Яндэкс.Дзэн» сам 8 сакавіка адключыўся ад Беларусі, «Яндэкс Навіны» беларусам даступныя, але яны лаяльныя, у Google News адсутнічае рэгіён Беларусь, таму не зусім зразумела, навошта з імі змагацца.

А вось сацыяльныя сеткі тэарэтычна могуць падпадаць пад блакаванне.

— Тэхнічныя магчымасці для блакавання сацыяльных сетак і месенджараў ёсць?

— У жніўні 2020 года на пару дзён у Беларусі заблакавалі ўсе, акрамя Telegram — у яго засталася магчымасць абмену тэкставымі паведамленнямі, але відэа было недаступнае.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру