«Вы ж бачыце, ачмурэлыя гэтыя палякі, яны ўжо прапануюць, гэтага запрасілі з-за акіяна [Джо Байдэна] і яму пачынаюць шпігаваць: давайце створым міратворчыя сілы тысяч сто і ўвядзем праз Львоў ва Украіну.

Вы разумееце, што гэта Трэцяя сусветная вайна. І вы што, думаеце, мы ўбаку застанемся беленькімі і пухнаценькімі. Нас проста ботам растопчуць з вашым такім характарам, мы нават не паспеем піскнуць! Ці вы думаеце, я зноў буду з аўтаматам наперадзе бегаць? Не, хлопцы.

Хочаце мець краіну — за яе трэба чапляцца зубамі і трымацца. Лепш без аўтамата. Таму сітуацыя вельмі сур'ёзная, вельмі напружаная. І мы гэта мусім бачыць і разумець», — сказаў Лукашэнка.

Новыя выказванні Лукашэнкі пра вайну ва Украіне зноў двухсэнсоўныя.

Ëн звыкла засцярог НАТА і Польшчу ад абароны Украіны і абражаў суседнія краіны. Але што датычыць прамога ўдзелу Беларусі ў вайне, то дзед надвое варажыў: «Ці вы думаеце, я зноў буду з аўтаматам наперадзе бегаць? Не, хлопцы», — гучыць як папрок тым, хто хоча ўхіліцца ад канфлікту. Але тут жа: «Хочаце мець краіну — за яе трэба чапляцца зубамі і трымацца. Лепш без аўтамата».

На думку заходніх разведак, рашэнне аб прамым удзеле беларускай арміі ў вайне, будзе прымацца ў Маскве, а не ў Мінску, бо беларускімі сілавымі структурамі камандуюць людзі, верныя Расіі. На сёння расіяне выкарыстоўваюць Беларусь як базу для вядзення баявых дзеянняў, а беларускіх сілавікоў — на тылавых функцыях. Мяркуючы па ўсім, расіяне наконт выкарыстання беларускай тэрыторыі Лукашэнкі не пытаюцца, а ён робіць добрую міну пры дрэннай гульні, але ўсяляк выкручваецца ад пасылання беларускіх вайскоўцаў ва Украіну.

Ідэалагічна абгрунтоўваючы напад на Украіну, Пуцін назваў яе (а значыць, і Беларусь) штучным утварэннем, якое было прыдуманае бальшавікамі і не мае гістарычнага права на існаванне.

Клас
Панылы сорам
1
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру