У Мінску пачала працу група экспертаў Міжнароднага валютнага фонду на чале з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Крыстаферам Джарвісам.
Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве фонду, місія павінна ацаніць ход выканання беларускім урадам праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам stand‑by у агульным памеры 3,52 млрд. даляраў ЗША. Эксперты фонду таксама правядуць кансультацыі па развіцці беларускай эканомікі за мінулы год і перспектывах на будучыню. Чакаецца, што для ўдзелу ў гэтых кансультацыях Беларусь 24—26 жніўня наведае дырэктар еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька.
У межах працы місіі запланаваныя сустрэчы ва ўрадзе Беларусі, Нацыянальным банку, міністэрствах эканомікі і фінансаў, Адміністрацыі прэзідэнта. Прадугледжаны таксама сустрэчы Бэлькі з вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі Беларусі.
Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да МВФ у кастрычніку 2008 года «з мэтай павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».
У студзені 2009 года кіраўніцтва МВФ ухваліла праграму stand‑by для Беларусі ў аб’ёме каля 2,46 млрд. долараў пад праграму эканамічных рэформаў, разлічаную на 15 месяцаў (да красавіка 2010 года). Першы транш крэдыту ў 788 млн. даляраў ЗША па стаўцы LIBOR плюс 0,75% гадавых паступіў у Беларусь 14 студзеня, астатнія сродкі пералічваюцца з улікам штоквартальных справаздач беларускага ўрада.
29 чэрвеня Савет дырэктараў МВФ завяршыў першы агляд у межах дамоўленасці з уладамі Беларусі аб крэдыце stand‑by. Пры гэтым фонд зацвердзіў даванне чарговага траншу крэдыту ў памеры 679,2 млн. даляраў ЗША і павялічыў у цэлым аб’ём фінансавай падтрымкі на 1 млрд. даляраў — да 3,52 млрд.
Другі транш крэдыту МВФ паступіў у Беларусь 2 ліпеня.
На прэс‑канферэнцыі 29 ліпеня старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч паведаміў, што да канца года Нацбанк разлічвае атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду яшчэ два траншы на суму 1,35 млрд. даляраў стабілізацыйнага крэдыту.