Па просьбе суразмоўцы яе імя не называецца.

Стамбул. Фота: pixabay.com

Стамбул. Фота: pixabay.com

«За кошт курсу нават самы бюджэтны адпачынак стаў дужа дарагім»

Ужо прайшоў нейкі час з пачатку вайны, і цяпер нам трохі прасцей, мы хаця не бачым гарызонты нашай цёмнай будучыні. Хаця перспектывы турбізнэсу ўсё яшчэ надта змрочныя і незразумелыя, ёсць вельмі шмат варыянтаў таго, як можа павярнуцца сітуацыя.

Тураператары выстаўляюць нам, турагентам, суму ў валюце. У людзей гэта не выклікае вялікага энтузіязму. Зарплаты ў Беларусі плацяць у беларускіх рублях, таму, калі рубель упаў, не ва ўсіх засталася магчымасць дазволіць сабе нават самы недарагі адпачынак, за кошт курсу ён стаў дужа дарагім. Цяжкая сітуацыя і з раннім браніраваннем.

Яшчэ важнае пытанне — авіяцыйны крызіс, які цяпер развіваецца ў Расіі. Для беларускага турбізнэсу гэта верагодны козыр.

Той факт, што ў Беларусі і Расіі больш не працуе Booking.com, прымушае гатэлі, санаторыі і ўласнікаў некаторых прыватных апартаментаў думаць пра пошукі channel manager — чалавека, які распрацоўвае каналы продажаў і выхады на рынак, а таксама шукаць нейкія альтэрнатыўныя крыніцы дыстрыбуцыі. Гэта патрэбна, каб забяспечыць турыстаабарот. Акрамя Booking.com, у Беларусі цяпер не працуюць і іншыя аналагічныя рэсурсы, якія дапамагалі забяспечваць пасажырапаток, той жа Hotelspro, Airbnb, Agoda.

Для тых жа санаторыяў было б лепей у гэтых умовах заняцца арганізаванымі групамі. Лічу, што з аператараў, якія працуюць на ўнутраны рынак, застануцца толькі самыя вялікія гульцы.

Пуцёўкі ў беларускія санаторыі можна таксама набыць праз «Цэнтркурорт» ці праз партал vetliva.by. Лічу, ім варта развіваць продаж праз гэты рэсурс і працаваць па той жа сістэме, па якой працаваў Booking.com. Санаторыям таксама трэба займацца маркетынгам, развіваць свае сайты і прадаваць пуцёўкі праз іх.

Куды беларусы могуць паехаць

Што тычыцца падарожжаў, актуальнымі для Беларусі застаюцца Блізкі Усход і азіяцкія кірункі. У беларусаў не павінна быць праблем з палётамі ў Турцыю. Рэйсы ў Егіпет цяпер будуць даўжэйшыя на чатыры гадзіны. Раней самалёт у тым кірунку лятаў праз Растоў, але цяпер неба над ім закрытае, бо гэта тэрыторыя, якая мяжуе з Украінай. Неба над самой Украінай цяпер таксама закрытае для пасажырскіх самалётаў, таму, каб трапіць у Егіпет, трэба будзе гэта ўсё аблятаць праз Казахстан. Гэта не выгадна ні для каго, і ў першую чаргу гэта праблема для тураператараў, бо цяпер цэны павялічацца на 170 еўра з чалавека.

Акрамя Турцыі і Егіпта, звяртаем увагу на ААЭ, Грузію, Шры-Ланку, В’етнам, Індыю.

Ёсць рэгіёны, дзе, як раней, патрабуюць ад турыста мець прышчэпку або негатыўны ПЛР-тэст, але шмат дзе адмяняюць гэтыя абмежаванні. Калі людзі гатовыя патраціць шмат грошай, больш за пяць тысяч даляраў, то для падарожжаў даступныя, напрыклад, Кітай і Бразілія. Пералёты магчымыя праз авіякампанію Turkish Airlines.

Бразілія, Сальвадор. Фота: pixabay.com

Бразілія, Сальвадор. Фота: pixabay.com

Ды і Еўропа таксама даступная. Магчыма паехаць у Албанію, Грэцыю, Славенію, на Кіпр, у Харватыю, Чарнагорыю, Іспанію, Італію. Гэтыя кірункі адкрытыя, іншая справа, што туры туды каштуюць больш, чым раней, бо патрэбныя дадатковыя грошы на тэст і на вырашэнне пытанняў з лагістыкай. У Грэцыю і Італію, напрыклад, можна трапіць толькі праз Стамбул, таму палёт даражэе недзе ў тры разы.

Ёсць праблемы з запісам на візу. Калі пачаліся баявыя дзеянні ва Украіне, на візавыя агенцтвы абрынуліся шматлікія заяўкі, бо людзі хацелі пакінуць краіну — або цяпер, або пазней. Цяпер ёсць даступныя месцы, проста яны разабраныя паміж візавымі агенцтвамі, і праз такія агенцтвы запісацца на візу не надта складана. Іншая справа, што не ўсе ў гэтым кампетэнтныя, і нават калі недзе ёсць месца на запіс, не ўсе пра гэта ведаюць.

Ці жадаюць беларусы падарожнічаць

Асаблівага жадання падарожнічаць, браніраваць туры праз ранняе браніраванне ў людзей я не заўважаю. Як толькі пачаліся ваенныя дзеянні, ва ўсіх узнік запыт некуды з’ехаць, зрабіць візу, купіць білеты — хаця б на ўсякі выпадак.

Крызіс у турызме пачаўся яшчэ ў 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса, і цяперашняя сітуацыя яго яшчэ больш узмацніла. Ні ў Беларусі, ні ў свеце турызм з таго часу так і не аднавіўся. Цяпер гісторыя з кавідам адышла на другі план, і меры, якія раней прымаліся для барацьбы з ім, ужо неактуальныя.

Пакуль што не было ніякага намёку на тое, што сектар аднаўляецца. Раней мы прагназавалі, што беларускі турбізнэс адновіцца да 2023 года пры ўмове зніжэння колькасці супрацькавідных мер — у першую чаргу ў Беларусі, але і ў суседніх краінах. Таксама чакалі, што да 2025 года турыстычная лагістыка ў свеце цалкам адновіцца. Але мы не ўлічвалі, што эканамічны крызіс так зацягнецца і што пачнецца вайна.

Таму сітуацыя надта складаная, і спатрэбіцца шмат часу, каб аднавіць мінулыя аб’ёмы продажаў па стане на 2019 год. Усё стала нашмат горш нават у параўнанні з кавіднымі часамі.

Беларусы часта выкарыстоўваюць для транзіту Стамбул. Цяпер адтуль можна трапіць куды заўгодна, але пытанне у тым, ці гатовыя людзі за гэта плаціць. Усе плацяжы праходзяць у далярах, і, напрыклад, палёт туды-назад аднаго чалавека на Хайнань у Кітаі будзе каштаваць каля тысячы даляраў. Калі гэта сям’я з трох чалавек, яны патрацяць на пералёт тры тысячы даляраў, і чартарныя пералёты ніхто не плануе.

Што да бюджэтных кірункаў, то для нашай краіны цяпер гэта Грузія, Сочы. На курортах Турцыі ў выпадку з трох-чатырохзоркавымі гатэлямі цэны захаваюцца, і яны будуць бюджэтнымі адносна іншых курортаў, але не адносна ўзроўню жыцця і зарплат у Беларусі. Магчыма, будуць развівацца Арменія, Азербайджан, але па цэнах гэта будзе вышэй за сярэдні ўзровень.

Мы вельмі спадзяемся на лаяльнае стаўленне з боку Еўропы

Мы, турагенты, жывём з адчуваннем панікі з 2020 года, стараемся быць гнуткімі, але крызіс не заканчваецца.

Турыстычнаму сектару цяпер патрэбная падтрымка, у тым ліку з боку дзяржавы. Пажадана ўжо нарэшце прыняць дакладны закон аб турызме, бо яго праект абмяркоўваюць два гады і ніяк не могуць прыйсці да паразумення. Падтрымкі патрабуюць турыстычныя бізнэс-саюзы, ды і глабальныя тэндэнцыі сведчаць пра яе неабходнасць.

На жаль, на беларускім рынку скарацілася колькасць аб’ектаў турыстычнай дзейнасці. З аднаго боку, гэта добра, бо так аздараўляецца рынак. А з іншага… Я проста хачу заклікаць усіх, хто застаўся ў сістэме турызму, працягваць развівацца, нягледзячы ні на што, і трымацца. Мы вельмі спадзяемся, канечне, на лаяльнае стаўленне з боку Еўропы, бо хацелася б, каб палёты аднавіліся — гэта патрэбна і для еўрапейскага турызму.

«Бо ў Беларусі — жэсць». Калясачнік перабраўся на Канары і будуе там сабе дом

Што лепш: шпацыр ці паход? Адказ не такі відавочны

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0