— Скажыце, калі ласка, да каго канкрэтна вы звяртаецеся ў сваёй дыпламатычнай дзейнасці? І якой дапамогі ў першую чаргу чакаеце?

 — Мы звяртаемся абсалютна да ўсіх нашых сяброў і партнёраў. Калі вы хочаце іх палічыць — то сёння гэта больш за 140 краін свету. Гэта менавіта тыя партнёры, якія прагаласавалі за рэзалюцыю Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта дэманструе, што пазіцыю Украіны ў свеце падтрымлівае абсалютная большасць.

Можам параўнаць з партнёрамі Расейскай Федэрацыі, якія падтрымліваюць расейскія агрэсіўныя дзеянні гэтых фашыстаў — такіх краін аказалася пяць. Гэта сама Расейская Федэрацыя,

гэта Беларусь, якая зʼяўляецца на сённяшні дзень калоніяй Расейскай Федэрацыі з нелегітымным прэзідэнтам,

гэта Сірыя, якая ўтрымліваецца толькі на расейскай ваеншчыне, гэта Эрытрэя і Паўночная Карэя. Больш Расея ў свеце саюзнікаў не знайшла.

Я б вельмі хацеў, каб тыя тэлегледачы, якія глядзяць [гэтую праграму] у Расейскай Федэрацыі, толькі ўявілі сабе, як гэтыя ваенныя злачынствы супраць чалавецтва ўспрымае свет. І за гэтыя злачынствы дакладна давядзецца адказваць.

Прыйдзецца адказваць усім, хто падтрымлівае забойствы, катаванні ўкраінцаў і вайну, супраць якой, як аказваецца, на сённяшні дзень увесь свет.

 — Якая дапамога ад усіх дзяржаў, якія аказваюць так ці інакш падтрымку Украіне, патрэбна для таго, каб гэтая вайна скончылася?

 — Вы ведаеце, ёсць на сённяшні дзень дакладнае разуменне ўсяго свету, што для таго, каб хутчэй пракласці дарогу да міру, Украіна павінна быць мацнейшай. Каб Украіна была мацнейшай, яна павінна быць узброеная. Так што пастаўкі зброі Украіне — гэта і ёсць найкарацейшы шлях да міру.

 Але ёсць і план, які я два тыдні таму прэзентаваў, і з падзякай гэта было прынята прэзідэнтам Зяленскім. Я накіраваў яго лідарам свету, прэзентаваў яго ўчора на паседжанні ў Еўрапарламенце.

Ён складаецца з пяці пунктаў. Пункт першы: ён вельмі добра знаёмы расейцам, якія ўважліва вывучалі гісторыю вайны з нацызмам, называецца ён лэндліз. Лэндліз — гэта ўсё, ад харчавання да боепрыпасаў, ад танкаў да гармат, ад нейкіх сплаваў да тэхналогій. І мы цвёрда разлічваем, што гэты лэндліз будзе прыняты на падтрымку Украіны.

Другая пазіцыя — гэта закрытае неба. І зачыненае неба неабавязкова натаўскімі ракетамі. У нас ёсць бліскучыя пілоты, якія прадэманстравалі [свае здольнасці], не далі магчымасці першынства ў паветры расейцам і ўжо збілі больш за 250 самалётаў і верталётаў, якія прыляцелі забіваць Украіну і ўкраінцаў. Так што панаванне ў паветры павінна быць за кошт паставак самалётаў, у тым ліку МіГ-29, комплексаў супрацьпаветранай абароны, уключаючы С-300 — мы сапраўды тады абаронім неба.

Пазіцыя трэцяя — гэта другі фронт. Усё, акрамя салдат: туды ўваходзяць санкцыі, пякельныя санкцыі, якія павінны ўзмацняцца кожны дзень — да таго моманту, пакуль не будзе працаваць прымус Пуціна да міру. Гэта эмбарга на гандаль расейскімі таварамі, у першую чаргу нафтай, газам, забарона гандляваць расейскімі металамі, ад чорных металаў да золата, медзь, нікель, усё астатняе. І гэтае эмбарга дакладна спыніць [Расею]. Недапушчальна, калі сёння [Расея атрымлівае за пастаўкі сыравіны] 1 мільярд даляраў у дзень — а гэта 300 расейскіх танкаў або 200 ракет «Іскандэр», на якія кожны дзень Расея атрымлівае фінансы. Мы павінны гэта спыніць, і мы сапраўды гэта спынім. Гэта другі фронт.

Чацвёртая пазіцыя — гэта план Маршала, план Маршала, які павінен, па-першае, выкарыстоўвацца для пасляваеннага аднаўлення эканомікі. Замарозка расійскіх сродкаў, золатавалютных рэзерваў, сродкаў паплечнікаў Пуціна і сродкаў самога Пуціна. І другая пазіцыя — гэта траставы фонд падтрымкі, які таксама будзе створаны свабодным светам. І гэты план Маршала, ці план Байдэна, Джонсана, Шарля Мішэля сапраўды будзе рэалізаваны, і ўсё ва Украіне будзе добра.

 І пункт пяты — адчыненыя дзверы Еўрапейскага саюзу для паўнавартаснага, поўнамаштабнага сяброўства Украіны ў ЕС. Украіна ўжо сёлета, і мы вельмі на гэта спадзяемся, мусіць атрымаць афіцыйны статус кандыдата. Пяць пунктаў кароткага шляху да нашай перамогі.

— Вы сказалі, што дзеючы прэзідэнт з падзякай прыняў гэтыя ідэі. А якія ў вас зараз у прынцыпе адносіны з Уладзімірам Зяленскім у гэты няпросты час?

 — Вы ведаеце, што свет падзяліўся на да 24 лютага, калі Расея подла напала на Украіну шляхам вайны і шырокамаштабнай агрэсіі, — і пасля 24 лютага.

Адразу ж 24 лютага адбылася мая сустрэча са спадаром Зяленскім, мы паціснулі рукі, мы сказалі, што мы пачынаем з чыстага ліста, ён можа цвёрда разлічваць на маю падтрымку, бо зараз у нас ёсць адзін вораг. І імя гэтага ворага — Пуцін.

Ужо пайшоў другі месяц, і, па-першае, я павінен паведаміць, што гэтых дамоўленасцей мы дакладна прытрымліваемся, таму што мы абʼяднаны вакол Украіны. Цяпер кожны — салдат, і нас на сённяшні дзень вайна ўсіх зраўняла.

І паглядзіце, якія сюрпрызы Украіна прынесла спадару Пуціну.

Пуцін вельмі разлічваў, што яму ўдасца падарваць знутры ўкраінскую стабільнасць. Мы яму сапраўды не дамо ніводнага шанцу. Украінцы зараз абʼяднаныя і дэманструюць, як трэба даваць адпор агрэсару, здзіўляючы свет.

І Пуцін, які збіраўся праз 36 гадзін падняць сцяг Расейскай Федэрацыі ў Кіеве, ужо заплаціў вельмі вялікі кошт. 16450 расейскіх вайскоўцаў, акупантаў, якія прыйшлі сюды забіваць украінцаў, навекі засталіся тут. Што яны тут шукалі? Больш за дзве тысячы танкаў і браніраваных машын былі спалены ўкраінскімі абаронцамі, Узброенымі сіламі Украіны. Я ганаруся тым, што, я ўжо казаў, 240 самалётаў, бамбавікоў, штурмавікоў, знішчальнікаў былі збітыя.

І галоўны, хто здзівіў свет, — гэта ўкраінскі народ, ён паказаў цуды самаарганізацыі.

Было прынятае рашэнне, гэта мы таксама абмяркоўвалі з прэзідэнтам Зяленскім, пра тое, што мы неадкладна раздаём зброю. На сённяшні дзень вялізная колькасць зброі знаходзіцца на руках, у тым ліку і ў Кіеве. І паглядзіце: мы не бачым ніводнага парушэння правапарадку. Найвысокая дысцыпліна!

Але захопнікам сёння даецца адпор. Нягледзячы на тое, што вораг зараз знаходзіцца ўжо ў 10 кіламетрах ад таго месца, дзе я зараз. І нягледзячы на тое, што проста па-фашысцку спальваюцца прадмесці Кіева: Буча, Ірпень, Гастомель, Ворзель, — мы дакладна настойваем на тым, што будзе адказнасць за гэта ў Міжнародным крымінальным судзе.

Як і за тое, што яны робяць у Марыупалі, дзе проста неверагодна — людзі гінуць ад холаду, не толькі ад стрэлаў, а ад адсутнасці вады! І не можа Чырвоны Крыж ці сусветная супольнасць прабіць гуманітарны калідор. Гэта бесчалавечна.

Пакуль мы зараз размаўляем, вы чулі артылерыйскія залпы, якімі абстрэльваюць Кіеў. Ільвіная доля іх атак ідзе па грамадзянскіх абʼектах. Яны сапраўды нас не напалохаюць, яны дакладна не ведаюць, куды яны прыйшлі.

І для нас ёсць матывацыя вялізная, таму што мы бʼемся за сваю зямлю, за свой народ і за свае семʼі, за сваіх бацькоў, за сваю будучыню. А што тут шукаюць рускія салдаты? Яны нават сабе адказаць на гэта не могуць. Таму ў іх няма матывацыі і таму яны прайгралі.

 — Вы некалькі разоў сказалі: што яны тут шукаюць, што яны тут шукалі? Вы чалавек, які асабіста знаёмы з Уладзімірам Пуціным. Як вы лічыце, чым ён кіруецца ў сваёй галаве? І калі вы ў апошні раз яго бачылі — наколькі моцна ён адрозніваўся ад таго, кім ён зʼяўляецца цяпер, мяркуючы па яго словах і дзеянняў?

 — Ніхто ў свеце вам не растлумачыць гэтага вар’яцкага кроку — нападу на Украіну, адносна гэтага ўварвання. Я магу патлумачыць толькі адным: вялізная колькасць заяваў, артыкулаў, а Пуцін сапраўды вельмі змяніўся за апошнія 10 гадоў, кажа толькі пра тое, што ён ненавідзіць украінцаў.

Ён пазбаўляе нас, украінцаў, права на жыццё. Ён не прызнае існаванне нашай дзяржавы. Ён пазбаўляе нас, украінцаў, права на ўласную дзяржаву і на сваю ўласную будучыню.

На што гэта падобна? Гэта падобна на нацысцкую ідэалогію Гітлера, Гебельса. Ён мусіць паспрабаваць гэта зразумець.

А яшчэ больш важна, каб гэта зразумелі тыя расейцы, я паверыць у гэта не магу, якія падтрымліваюць забойства ўкраінцаў. Не магу нават сфармуляваць: што дрэннага ўкраінцы зрабілі вам, расіяне?

Я рускамоўны чалавек, я пачаў размаўляць па-ўкраінску, можа быць, з пачатку 90-х, але я настойваю на тым, што горад, які вы зараз знішчаеце, горад Марыупаль, быў самым вялікім рускамоўным горадам ва Украіне.

Больш за 80% жыхароў гэтага гораду размаўлялі выключна на рускай мове. Вы іх забілі. За што? Вы сабе не зможаце ні зараз, ні ў будучыні даць адказ на гэтае пытанне — і будзеце ў пекле гарэць за вашыя злачынствы.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0