Рада бяспекі Нагорнага Карабаха накіравала афіцыйны ліст прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну з просьбай павялічыць колькасць міратворцаў і ваеннай тэхнікі ў рэгіёне, піша РБК.
«Просім вас <…> перагледзець цяперашнюю колькасць расійскіх міратворцаў і колькасць сродкаў, што іх абслугоўваюць, і, адпаведна, павялічыць колькасць вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі», — гаворыцца ў лісце.
Ва ўпраўленні дадалі, што ўлады Нагорнага Карабаха сфармавалі канструктыўныя працоўныя адносіны з міратворцамі і гатовыя забяспечыць асабісты склад кантынгенту неабходнымі ўмовамі для пражывання.
Напярэдадні, 25 сакавіка, Пуцін абмеркаваў з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам сітуацыю ў Нагорным Карабаху, якая склалася ў зоне адказнасці расійскіх міратворцаў у выніку прасоўвання УС Азербайджана. Той назваў сітуацыю напружанай.





