Паводле версіі Мінабароны Азербайджана, «раніцай 26 сакавіка члены незаконных армянскіх узброеных фарміраванняў распачалі спробу ўчыніць дыверсію супраць падраздзяленняў азербайджанскага войска. У выніку неадкладных мер члены незаконных армянскіх узброеных фармаванняў былі змушаныя адступіць».
Міністэрства абароны заяўляе, што «Азербайджан адданы трохбаковай заяве ад 10 лістапада 2020 года і не парушаў яе палажэнняў».
Мінабароны Азербайджана «са шкадаваннем» адзначыла, што «да гэтага часу не выкананы поўны вывад рэшткаў армянскай арміі і незаконных армянскіх узброеных фарміраванняў з тэрыторыі Азербайджана. Парушае палажэнні заявы Арменія, а не Азербайджан».
«На тэрыторыі Азербайджана няма адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі пад назвай «Нагорны Карабах». Назва сяла, якое згадваецца ў заяве, не Фурух, а Фарух», ‒ гаворыцца ў заяве.
Міністэрства абароны Азербайджанскай Рэспублікі заклікала Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі
«забяспечыць поўны вывад рэшткаў армянскай арміі і незаконных армянскіх узброеных фарміраванняў з прызнаных міжнароднай супольнасцю тэрыторый Азербайджана, не прадстаўляць у скажонай форме перамяшчэнне ўзброеных сіл Азербайджана, не выкарыстоўваць выраз «Нагорны Карабах» і правільна ўказваць назву тэрыторый Азербайджана».
Мінабароны Расіі 26 сакавіка заявіла, што ўзброеныя сілы Азербайджана зайшлі ў зону адказнасці расійскіх міратворцаў на тэрыторыі Нагорнага Карабаха. Перад гэтым Рада бяспекі непрызнанага Нагорнага Карабаха папрасіла Уладзіміра Пуціна павялічыць колькасць міратворцаў і ваеннай тэхнікі з нагоды абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне.
25 сакавіка Пуцін абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам сітуацыю ў Нагорным Карабаху. Пашынян назваў сітуацыю напружанай.





