Валер Карбалевіч стаў новым госцем ютуб-канала «Жыццё-маліна». Запісалі некалькі яго назіранняў з інтэрв'ю.

Карбалевіч адзначае, што быў здзіўлены ўзроўнем падтрымкі вайны расійскім грамадствам, у тым ліку расійскай дыяспарай — людзьмі, што жывуць у заходніх дэмакратычных краінах:

«Гэта адлюстраванне той імперскай свядомасці, якая ёсць у Расіі і якая адбіваецца на частцы грамадзян тых краін, якія ўзніклі на постсавецкай тэрыторыі. Мы маем справу з постімперскім сіндромам — псіхалагічным крызісам у грамадзян краіны, якая страціла статус вялікай дзяржавы. Такі сіндром узнік на постсавецкай прасторы, асабліва на тэрыторыі Расіі, пасля распаду Савецкага Саюза. І Пуцін на гэтым вельмі добра згуляў».

Палітолаг прагназуе, што цягам бягучага года вайна ва Украіне скончыцца, але незалежна ад вынікаў Расія ўжо прайграла, бо тыя санкцыі, якія ўведзеныя заходнімі краінамі, разбураюць эканоміку, яны выкідаюць Расію з сённяшняга глабальнага свету.

Карбалевіч кажа, што, хутчэй, схіляецца да думкі аб няўдзеле беларускіх войскаў у вайне, а ў самой Беларусі прагназуе захаванне рэпрэсій на сённяшнім узроўні.

Разважаючы аб магчымай будучыні Лукашэнкі, палітолаг адзначае, што ў 2025 годзе той, хутчэй за ўсё, сыдзе з пасады прэзідэнта, але можа ўзначаліць Усебеларускі народны сход і працягваць рэальна кіраваць Беларуссю.

Калі ад яго будзе залежаць, хто стане наступным прэзідэнтам, Лукашэнка абярэ на гэтую пасаду чалавека, магчыма, не са свайго цяперашняга атачэння, у якога адсутнічаюць палітычныя амбіцыі і які гатовы яму падпарадкоўвацца.

Карбалевіч прагназуе, што пасля змены існага палітычнага рэжыму Беларусь увойдзе ў еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы.

Беларусь чакае дэлукашэнізацыя, кажа палітолаг. Рэжым Лукашэнкі без самога Лукашэнкі існаваць не можа.

«Ніколі раней за трыццаць гадоў існавання незалежнай Беларусі ўнутрыпалітычная сітуацыя не залежала ад знешніх фактараў. Гэтая вайна Расіі з Украінай вельмі моцна будзе ўплываць на тое, што будзе адбывацца ў самой Беларусі. Ад выніку гэтай вайны залежаць тыя працэсы, якія адбудуцца ў Беларусі».

Палітолаг адзначае, што цяпер у Беларусі ёсць перадумовы для бунту эліт. Лукашэнка быў сімвалам стабільнасці. Болей за 25 гадоў гэта была галоўная ідэалагема прапаганды: хай мы не вельмі багата жывём, але ў нас ніякай вайны, ніякіх пратэстаў. Пасля 2020 года аказалася, што Лукашэнка з’яўляецца галоўным дэстабілізатарам. Няма стабільнасці ўнутры краіны, бо людзей хапаюць на вуліцы, няма стабільнасці для бізнэсу, бо яго раскулачваюць, няма стабільнасці ў адносінах з суседзямі, бо менавіта Лукашэнка арганізаваў міграцыйны крызіс у мінулым годзе.

Лукашэнка з’яўляецца крыніцай тых санкцый, якія абрынуліся на Беларусь. Для краіны ўвогуле і нават для наменклатуры трыманне ўлады Лукашэнкам становіцца ўсё больш дарагім.

Карбалевіч адзначае, што ва ўмовах адмовы краінаў Захаду ад расійскіх энерганосьбітаў адзіным рынкам збыту застанецца Кітай, які фактычна будзе дыктаваць Расіі цэны. У такіх умовах няма гаворкі пра грамадныя даходы ад гандлю нафтай і газам, якія былі да вайны. Працэс дэградацыі Расіі будзе працягвацца.

«У гэтай вайне з усім светам, найперш Захадам, у Расіі шанцаў выйграць няма ніякіх. Калі гэтую вайну прайграў Савецкі Саюз, які меў нашмат больш рэсурсаў, які меў саюзнікаў, які меў нейкую ідэалогію, якую падзялялі 40% насельніцтва зямлі, дык цяпер гэтага няма. У Расіі фактычна адзін саюзнік — Беларусь. Таму перспектывы Расіі вельмі змрочныя».

Разважаючы аб праблемах Беларусі, Карбалевіч кажа, што 70% тавараў, якія нашая краіна прадавала ў Еўропу, трапілі пад санкцыі, сітуацыя відавочна будзе горшаць і малаверагодна, што ў такіх умовах можна разлічваць на сур’ёзную дапамогу Расіі.

«Беларусь прывязаная да гэтага расійскага тытаніка, які ўпэўненым курсам рухаецца на скалы».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0