Навуковы артыкул выйшаў у часопісе Environment International, коратка пра яе распавядае Guardian.

Велізарная колькасць пластыкавых адходаў выкідаецца ў наваколле. Цяпер мікрапластык забруджвае ўсю планету, ад вяршыні гары Эверэст да самых глыбокіх акіянаў. Людзі спажываюць драбнюткія часціцы з ежай і вадой, а таксама ўдыхаюць іх. Мікрапластык быў знойдзены ў фекаліях немаўлятаў і дарослых. Часціцы таксама знаходзілі ў плацэнтах цяжарных жанчын, а ў цяжарных пацукоў яны хутка праходзяць праз лёгкія ў сэрца, мозг і іншыя органы плода.

У новым даследаванні навукоўцы прааналізавалі ўзоры крыві 22 здаровых дарослых людзей і выявілі часціцы пластыка ў 17 з іх.

Палова ўзораў крыві ўтрымлівала ПЭТ-пластык, які звычайна выкарыстоўваецца ў бутэльках для напояў, а траціна — полістырол, які выкарыстоўваецца для ўпакоўкі. Чвэрць ўтрымоўвала поліэтылен, з якога вырабляюць пластыкавыя пакеты.

«Вядома, ёсць падставы для хвалявання. Часціцы мікрапластыка пераносцца крывёю па ўсім целе», — сказаў прафесар Дзік Ветхаак, экатаксіколаг з Амстэрдамскага свабоднага ўніверсітэта ў Нідэрландах.

Паводле яго слоў, папярэдняя праца паказала, што колькасць мікрапластыка ў фекаліях немаўлятаў у дзесяць разоў вышэйшая, чым у дарослых, і што дзеці, якіх кормяць з пластыкавых бутэлек, праглынаюць мільёны часціц мікрапластыка ў дзень.

«Гэта наватарскае даследаванне. Цяпер патрабуецца дадатковая праца. Адрозненне можа адлюстроўваць кароткачасовае ўздзеянне да таго, як былі ўзятыя ўзоры крыві, — напрыклад, піццё з кубка з пластыкам або нашэнне пластыкавай маскі для твару. Вялікае пытанне ў тым, што адбываецца ў нашым целе. Часціцы затрымліваюцца ў арганізме? Пераносяцца яны ў пэўныя органы? І ці дастаткова высокія гэтыя ўзроўні, каб выклікаць захворванне? Нам тэрмінова трэба фінансаваць далейшыя даследаванні, каб мы маглі гэта высветліць», — сказаў навуковец.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру