Наста Кудасава. Фота: фэйсбук паэткі
* * *
я ведаю, мне ад цябе засталося цяпло.
іначай, адкуль гэты жар так настойліва сніцца?
а ўсё, што ў зямным вымярэнні між намі было,
багоўка-сястра зберажэ на аранжавай спінцы.
я ведаю, мне засталася даверлівасць рук,
бяззбройнага дотыку шчырасць, якой не схаваеш.
і нават калі я аднойчы напраўду памру —
у памяці пальцаў тваіх я гарэцьму жывая.
хай век сабе ўрэшце зацягне на шыі ласо,
хай спрахне айчына ў сабою ж атручаным дыме…
ды ў памяці нашых сцяжынак і нашых лясоў
мы жыцьмем заўсёды — шчаслівымі і маладымі.





