Нядаўна ў Харкаве згарэў рынак «Барабашава», найбуйнейшы ў краіне, ён таксама належаў Фельдману. Цяпер Фельдман спрабуе выратаваць ад абстрэлаў свой заапарк — «Фельдман Экапарк», які ён адкрыў у 2011 годзе: спачатку ў ім жылі ўсяго некалькі дзясяткаў коней, авечак, вослікаў і поні, а на пачатку 2022 года — каля дзвюх тысяч жывёл.

Харкаў расійскія войскі атакавалі ўжо ў першы дзень вайны — з тых часоў жывёлы пад абстрэлам. Трыццаць жывёл ужо загінулі. Некаторых насельнікаў экапарка Фельдман адвёз да сябе дамоў: на ягоным тэнісным корце пасуцца альпака, а ў басейне пасяліліся буслы марабу.

Альпака ў доме Фельдмана

Альпака ў доме Фельдмана

«[Абстрэлы экапарка] пачаліся практычна ў першыя дні [вайны]. Ён знаходзіцца на скрыжаванні агню — снарады ляцелі як з аднаго, так і з іншага боку. У экапарк тады трапілі першыя дзве міны, выбіла вокны, разламала рашоткі — малпы выбеглі, мы лавілі іх па ўсёй тэрыторыі. Былі забітыя два высакародныя алені — іх разарвала на часткі. Туды, дзе жылі альпака, трапіла велізарная ракета. [Цяпер] на тэрыторыі парку вельмі шмат мінаў і снарадаў, якія не разарваліся.

На гэты момант загінулі каля трыццаці жывёл. Напрыклад, дарослы самец шымпанзэ, дзве маладыя самкі арангутана, шмат аленяў, капытных жывёл. Многія жывёлы загінулі ад разрыву сэрца і ад таго, што біліся аб клеткі. Ад страху гінулі птушкі. Акрамя таго, з-за холаду і адсутнасці электрычнасці клеткі немагчыма было прагрэць і жывёлы замярзалі да смерці.

Уцяклі каля дваццаці аленяў. Лані таксама цяпер недзе гуляюць, бо іх агароджу разарваў снарад. Калі да [драпежных жывёл] патрапіць снарад і яны змогуць выйсці, гэта будзе катастрофа. Перавезці іх вельмі складана, ды і пакуль няма куды.

Экапарк у мірны час

Экапарк у мірны час

Пару дзён таму быў абстраляны сабачы гадавальнік, у якім знаходзяцца каля ста пародзістых сабак.

Супрацоўнікаў засталося мала. Дваіх работнікаў, якія спрабавалі пакарміць жывёл у «вокнах» паміж абстрэламі, забіла, двое іншых зніклі без вестак. Але з'явіліся валанцёры з Ахтыркі — двое братоў, — мы ім абавязаныя, яны зрабілі вельмі шмат, не пабаяліся абстрэлаў.

Зараз мы эвакуюем [некаторых] жывёл. Мой дом ператварыўся ў экапарк: у кожным пакоі нехта ёсць, як Ноеў каўчэг. Сёння эвакуявалі пяць вялікіх чарапах, амаль усе чырвонакніжныя. Яшчэ сёння эвакуявалі і выпускаем у прыроду кажаноў, яны таксама трапілі пад абстрэл. Усіх, каго можна выпусціць, мы выпускаем. Нам вельмі дапамог Харкаўскі заапарк. Частку жывёл мы размясцілі там (дзяржаўны заапарк знаходзіцца ў цэнтры горада — заўвага «Медузы»), частка, як я ўжо казаў, у мяне дома. У мяне на тэнісным корце жывуць трыццаць альпака і ламаў, так што весела.

Перамовы аб эвакуацыі жывёл у іншыя гарады або замежжа не вядуцца. Немагчыма везці праз усю краіну, дзе ідзе вайна, жывёліну вагой у 300 кг.

Экапарк у мірны час

Экапарк у мірны час

Прыходзіць невялікая дапамога ў выглядзе прадуктаў, кармоў для сабак. Дапамагаюць валанцёры. Усё патроху. Усё ж галоўнае цяпер — гэта людзі, а яны ў вельмі цяжкім становішчы. У многіх няма ежы і сродкаў першай неабходнасці. Ёсць шмат месцаў, куды дапамога не даходзіць, бо там жыве мала людзей, або гэтыя месцы знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў, абстрэльваюцца. Вельмі шмат пажылых людзей, якія не могуць спусціцца з верхніх паверхаў дамоў, якія кінутыя дзецьмі або вырашылі застацца самі.

Мы толькі што былі ў пасёлку Жукоўскага [гістарычным раёне ў паўночнай частцы Харкава], я прывозіў туды малако. Да машыны людзі пачалі выходзіць хвілін праз 20 пасля таго, як я пад'ехаў. Яны проста баяцца выйсці са сховішча.

Заяву аб выхадзе з фракцыі «Апазіцыйная платформа — За жыццё» я напісаў у першы ж дзень вайны. Была надзея, калі яшчэ знаходзіўся ў гэтай фракцыі, што канфлікт урэгулюецца мірным шляхам. Сёння ўсе гэтыя ілюзіі сышлі. Ідзе вайна, знішчэнне ўкраінскага народа і ўкраінскай дзяржавы. Якія тут могуць быць надзеі?

[Расея, якая заяўляе пра «дэнацыфікацыю»], няхай лепш паглядзіць на сябе: на сваіх брытагаловых і фашыствуючых малойчыкаў, на тое, як яны збіваюць асоб каўказскай нацыянальнасці і выхадцаў з Азіі. Так званая дэнацыфікацыя — выбіральнае, прыдуманае, высмактанае з пальца дзеянне. Гэта першае, а другое — што б у нас не адбывалася ўнутры краіны, гэта наша ўнутраная справа і мы самі разбярэмся. Ніхто іх сюды не клікаў. Якія яны памочнікі? Яны захопнікі! У чым іх дапамога? У тым, што гінуць людзі? У тым, што разбураныя гарады? У чым?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
2