У новым навучальным годзе прыкладна 57% агульнаадукацыйных устаноў Беларусі будзе працаваць на беларускай мове, яшчэ ў 4,7% выкладанне будзе весціся на дзвюх мовах.

Такія звесткі прывяла 18 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра адукацыі Таццяна Кавалёва. Паводле яе слоў, прыкладна столькі ж беларускамоўных школ налічвалася ў краіне і летась.

Нягледзячы на тое што беларускамоўных школ у краіне больш, чым рускамоўных (большасць школ у сельскай мясцовасці афіцыйна з'яўляюцца беларускамоўнымі - БелаПАН), у іх вучыцца менш дзяцей, адзначыла намеснік міністра.

Паводле звестак Мінадукацыі, на пачатак мінулага года ў агульнаадукацыйных беларускамоўных установах усіх тыпаў вучыліся 195 тыс. 592 вучні (18,4% агульнай колькасці), у тым ліку 14 тыс. 712 першакласнікаў (16,7% агульнай колькасці першакласнікаў). У гарадах гэты паказчык складае ўсяго 1,9%.

Паводле слоў Кавалёвай залічэнне ў беларускамоўныя школы і класы адбываецца па жаданні дзяцей і бацькоў.

У Мінску, адзначыла яна, рускамоўнага насельніцтва больш, чым у іншых населеных пунктах. Адпаведна і рускамоўных школ у сталіцы больш, патлумачыла намеснік міністра.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна