Павел Калаўр, старшыня Нацбанка Беларусі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Некалі банкіры Калаўр і Мацюшэўскі працавалі разам і былі ў многіх сэнсах блізкімі. Нават катэджы пабудавалі побач — дом Мацюшэўскага цераз плот ад дома Калаўра.

Васіль Мацюшэўскі — былы віцэ-прэм'ер і адна з ключавых постацяў у беларускіх бізнэс-колах. Ён у сяброўскіх адносінах з кіраўніком расійскага «Знешэканомбанка» — Ігарам Шувалавым. Можа «пазваніць» многім у Расіі, каму не можа пазваніць і прэм'ер Галоўчанка. 

Топ-менеджар з еўрапейскай адукацыяй: гісторыя жыцця першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага

Павел Калаўр — таксама моцны прафесіянал банкаўскай сферы. Пад яго кіраўніцтвам Нацбанк праводзіў збалансаваную грашовую палітыку. Да абвальных дэвальвацый як пры Герою Беларусі Пятру Пракаповічу не даходзіла, хоць палітычны і эканамічны кантэкст Калаўру дастаўся не просты.

Self-made man: гісторыя поспеху Паўла Калаўра, рэпартаж з яго малой радзімы

Эксперты адзначаюць, што за перыяд, калі за макраэканоміку краіны адказвалі Мацюшэўскі і цяперашні кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр, эканамічная сітуацыя была самай прадказальнай і стабільнай за перыяд незалежнай гісторыі краіны, інфляцыя — рэкордна нізкай.

Два банкіры, два рыначнікі, але ад нейкага моманту суседзі перасталі размаўляць адзін з адным. Як так выйшла? Суразмоўцы «Нашай Нівы ў банкаўскіх колах кажуць пра канфлікт асабістых інтарэсаў.

Калаўр сам калісьці працаваў у БелВЭБе — ён там быў старшынём праўлення з 2010 па 2014 гады. Цяпер там працуе ягоны сын — выканаўчым дырэктарам.

У банкаўскіх колах пагаворваюць, што Калаўр быў не супраць з Нацбанка вярнуцца ў БелВЭБ. Такі сабе варыянт прыгожага сыходу на пасаду, дзе менш адказнасці і большы заробак. 

Апошнім часам Нацбанк шмат правяраў БелВЭБ, былі знойдзеныя значныя парушэнні, банку выпісалі вялізныя штрафы — агулам набегла на восем мільёнаў даляраў, кажуць людзі, знаёмыя з сітуацыяй.

І тут Расія нападае на Украіну, Захад уводзіць санкцыі супраць расійскага Знешэканомбанка. БелВЭБ як даччыная арганізацыя таксама трапляе пад таго ж каня. 

Васіль Мацюшэўскі, старшыня праўлення «Банка БелВЭБ». Фота Сяргея Гудзіліна.

«Пачаўся вялізны адток дэпазітаў у матчынай арганізацыі, і ў беларускім банку таксама. Замежныя партнёры рвуць кантракты, даводзіцца скарачаць міжнародныя аддзелы, Внешэканомбанк дапамагаць не можа, кажа Мінску: «Вы ж там навыдавалі крэдытаў на паўмільярда, дык забірайце і будуць вам грошы, у нас не прасіце».

А аддаюць самі разумееце як: там дзяржсектара вельмі шмат, у якога таксама грошай няма і не прадбачыцца, словам, поўны кашмар для менеджара», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы» з банкаўскага сектара. 

Тым часам вынікамі нацбанкаўскіх праверак БелВЭБа зацікавіліся сілавікі.

«Цягам праверак былі выяўлены некалькі момантаў, якія паставілі ў віну менеджменту БелВЭБа. Першае — гэта IT-дэпартаменты банка. Сітуацыя такая. У банка ёсць ліцэнзія з пералікам відаў дзейнасці, якімі ён можа займацца — гэта ўсё фінансавая дзейнасць. У той жа час, мы ведаем, банкі пішуць свае ІТ-рашэнні. Праграмы, сайты і гэтак далей. Аб'ём работы вялікі, але што адбываецца? У іх стандартнае падаткаабкладанне, яны не могуць плаціць праграмістам канкурэнтныя заробкі.

У выніку праграміст працуе пару месяцаў, а потым выкладвае рэзюме ў рынак, што ён пісаў праграмы для БелВЭБа, і яго забіраюць з рукамі і нагамі.

Дырэктар па кадрах ідзе да начальства і кажа: Ад нас бягуць праграмісты! Што мы можам зрабіць? Падняць заробак. Як падняць? Скараціць выдаткі. Як іх скараціць? Уступіць у Парк высокіх тэхналогій. 

У выніку ў банкаў з'яўляюцца асобныя ІТ-дэпартаменты, рэзідэнты ПВТ. Гэта дазваляе плаціць работнікам канкурэнтныя заробкі. Але органы гэта пачынаюць трактаваць як сыход ад падаткаў, бо банк займаецца няпрофільнай дзейнасцю, якая не апісаная ў ліцэнзіі», — кажа абазнаны банкір. 

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», вышэйапісаная схема з афіляванымі ІТ-кампаніямі з ПВТ і ёсць сэнсам фармальных прэтэнзій да БелВЭБа. 

Па падобнай схеме — пасля праверкі — ужо пацярпеў старшыня праўлення «Прыёрбанка» Сяргей Касцючэнка.

Пытанні ў сілавікоў выклікала і таксама абсалютна легальная магчымасць ашчадзіць на падатках з дапамогай сістэмы назапашвальнага страхавання «Прыёрлайф», якой карысталіся банкіры для вываду дывідэндаў без выплаты падаходнага.

«Гэта распаўсюджанае ў свеце назапашвальнае страхаванне. Сэнс якога ў тым, што ты прыносіш грошы кампаніі, якая вельмі кансерватыўна распараджаецца сродкамі — класічны пенсійны фонд. Яна абяцае табе даходнасць па праходжанні пэўнага часу, ад некалькіх гадоў. Калі гаворым пра пенсію, то па дасягненні гэтак званага «ўзросту дажывання».

Пры ўводзе грошай у гэтую сістэму страхавання ты пазбаўляешся неабходнасці выплочваць з гэтага падаткі — так рабілі многія банкіры, пералічваючы туды дывідэнды ад работы ў банку.

Гэтым карыстаюцца не толькі банкіры. Вельмі падобная схема пры аплаце адукацыі ці нечага такога — існуе падатковае спісанне», — кажа нам суразмоўца з банкаўскай сферы. 

«Многія банкі рабілі праграмы па заахвочванні супрацоўнікаў і менеджараў. Маўляў, ты класна працуеш, і калі будзеш працягваць гэтак жа, то мы кожны год будзем класці табе на ашчаджальнае страхаванне нейкую суму, заключым дамову на 10 год, і калі ты адпрацуеш 10 год, то табе ў адзін дзень будзе выплачана, умоўна, 20 тысяч даляраў. Гэта распаўсюджаная і, падкрэслю, легальная схема», — кажа нам іншы банкір. 

Вось гэтае страхавое адгалінаванне сюжэта — яшчэ адна рыса ў гэтай карціне. 

Але што ў гэты час адбываецца з банкам «БелВЭБ»? 

«Выстаўлены штраф на восем мільёнаў даляраў у іншы час не ўяўляў бы праблемы. А цяпер, калі банкам не хапае ліквіднасці — гэта вялікія грошы.

«БелВЭБ» плаціць пакуль што адмаўляецца, аспрэчвае штраф, грошы падвіслі — ні туды, ні сюды. Кагосьці кормяць «заўтракамі» па дэпазітах, хтосьці не можа перавесці грошы», — рэзюмуе суразмоўца «Нашай Нівы». 

Напярэдадні ўсёй гэтай гісторыі ліцэнзіі Нацбанка страцілі два намеснікі старшыні праўлення БелВЭБа. 

На сёння, па нашай інфармацыі, Мацюшэўскаму ўмяняюць 424 артыкул — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Разам з ім затрыманы і іншыя людзі, якія, імаверна, маюць іншыя артыкулы, у залежнасці ад пасады. Сярод затрыманых таксама першы намеснік Мацюшэўскага Тарас Надольны, намеснікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзмітрый Ляўданскі, член праўлення Анатоль Паўловіч і дырэктар па развіцці банка Аляксей Мазжухін.

А пасада кіраўніка БелВЭБа перастала быць сінекурай. Любога антыкрызіснага кіраўніка гэтага банка чакаюць цяжкія менеджарскія рашэнні, а вялікіх заробкаў не чакаецца.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

* * *

Васіль Мацюшэўскі нарадзіўся ў 1969 годзе ў Оршы. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, аспірантуру і Лонданскую школу бізнэсу. Мацюшэўскі пачаў кар'еру ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, але «ў людзі» выйшаў праз школу Нацбанка, аддаўшы яму каля 15 гадоў і сышоў, калі быў на пасадзе намесніка старшыні праўлення. Вярнуўся на дзяржаўную службу ён у снежні 2014 года, у разгар крызісу, з пасады кіраўніка БПС-Сбербанка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру