У пятніцу старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс пасля гадавога зняволення выйшла пад дамашні арышт. Яе затрымалі ў Гродне 23 сакавіка мінулага года, на жанчыну завялі крымінальную справу за «распальванне нацыянальнай і рэлігійнай нянавісці» і «рэабілітацыю нацызму» (ч. 3 арт. 130), што пагражае турэмным зняволеннем на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

Паводле слоў Лукаша Ясіны, пасля таго, што Анжаліка перажыла за кратамі, ёй лепш знаходзіцца «хоць бы пад хатнім арыштам, дома ў сваёй мамы, чым у жаночай турме, вельмі цяжкай і вельмі строгай».

«Анжаліка Борыс у гэты момант знаходзіцца дома. Яна адпачывае і спрабуе набрацца сіл пасля таго, што здарылася», — сказаў прадстаўнік МЗС.

Адносна Андрэя Пачобута, які таксама ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі, спадар Ясіна паведаміў, што не можа сказаць нічога станоўчага наконт яго, але дадаў: «Мы стараемся зрабіць усё — і не толькі мы — каб Андрэй уз'яднаўся са сваёй сям'ёй».

Разам з тым у польскім МЗС не маюць ілюзій адносна сутнасці беларускіх уладаў. «Гэты рэжым, мы ўсе ведаем, які ён. Гэта ўдача, што Анжаліка Борыс выйшла на волю, сутнасці беларускага рэжыму гэта абсалютна не мяняе. Ён жорсткі нават у дачыненні да тых, хто да яго далучаецца, як, напрыклад, містэр Эміль Чэчка», — адзначыў Лукаш Ясіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
0