Чатырох фігурантаў справы затрымлівалі ў розныя дні. Чаму іх судзяць разам, не зусім зразумела, расказала «Свабодзе» журналістка Яўгенія Доўгая.

«Жэню Рубашку і Сашу Бялова затрымалі ў адзін дзень — 29 ліпеня 2021 года. Аднолькава жорстка. А двух поўных цёзак — Арцёмаў Салаўёў — наогул затрымлівалі асобна. У лістападзе інфармацыйны анархічны калектыў «Прамень», куды яны ўваходзілі, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем, пазней сайт, сацыяльныя сеткі і матэрыялы рэсурсу прызналі экстрэмісцкімі», — кажа Яўгенія Доўгая.

Працаваў у Нідэрландах, валодае рэдкімі мовамі праграмаваньня

Яўген Рубашка скончыў БДУІР са спецыяльнасцю інжынер-праграміст. Яшчэ ва ўніверсітэце ўдзельнічаў у розных грамадскіх ініцыятывах: дапамагаў ладзіць паказы фільмаў, дабрачынныя кірмашы, а таксама быў актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», шмат гадоў дапамагаў прадуктамі і адзеннем бяздомным.

Восем гадоў пасля ўніверсітэта ён працаваў у Беларусі ў ІТ-сферы. Потым пераехаў на паўтара года ў Нідэрланды. Валодае рэдкімі мовамі праграмавання.

Перад выбарамі Яўген Рубашка вярнуўся ў Беларусь. У 2020 годзе яго двойчы затрымлівалі па адміністрацыйных справах і саджалі на 15 дзён.

«29 ліпеня 2021 года ў кватэры, дзе жыў Яўген, правялі ператрус. Пад гарачую руку трапіў і сусед Яўгена па кватэры, якому прысудзілі 14 дзён і які пазней распавёў пра катаванні. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры затрыманні, патрабуючы доступу да тэлефона і камп'ютара, білі Яўгена, нацягвалі на галаву пакет, прымушалі піць невядомую вадкасць.

У Жэні жалезная воля, у той жа час ён вельмі разважлівы, спакойны і флегматычны чалавек. Я ніколі не чула, каб ён лаяўся ці крычаў. З ім было вельмі цікава размаўляць пра прыроду рэчаў», — згадвае Яўгенія Доўгая.

У СІЗА Яўген Рубашка пачаў пісаць вершы. Іх ужо больш за 40. Сябры вырашылі выдаць зборнік яго твораў.

Яўгена Рубашку праваабаронцы прызналі палітвязнем.

Геадэзіст, які дапамагаў бяздомным

Выпускнік БДУ Аляксандр Бялоў працаваў па размеркаванні геадэзістам у будаўнічай кампаніі. Як і Яўген Рубашка, затрыманы 29 ліпеня. Спачатку па адміністрацыйнай справе, а 8 жніўня яго перавялі на Валадарку, абвінаваціўшы ў масавых беспарадках і стварэнні «экстрэмісцкага фармавання».

«Сашу затрымалі, калі ён выходзіў на працу. Ён мае «карту паляка» і даўно мог з'ехаць з краіны, аднак вырашыў застацца ў Беларусі. Саша казаў, што такіх, як ён, выціскаюць з краіны, а яны супраціўляюцца. Таму і не з'ехаў.

Ён займаўся арганізацыяй дабрачынных мерапрыемстваў, рабіў фрымаркеты, раздаваў ежу бяздомным. Трымаецца бадзёра», — кажа Яўгеня Доўгая.

Поўныя цёзкі — два Арцёмы Салаўі, бландын і брунет

Так супала, што яшчэ два фігуранты справы — поўныя цёзкі. Абодва Арцёмы, прозвішчы абодвух — Салавей. Толькі адзін з іх бландын, другі — брунет. Пра бландына Арцёма Салаўя амаль няма інфармацыі.

Брунет Арцём Салавей быў затрыманы 4 жніўня 2021 года і пабіты ў міліцыі: яго ставілі ў «ластаўку» і пагражалі згвалтаваннем, каб атрымаць пароль ад свайго тэлефона.

5 жніўня суд Заводскага раёна прысудзіў яму 15 дзён арышту за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП (нібыта пры дастаўленні ў РУУС паводзіўся агрэсіўна). Пазней яго зноў затрымалі — ужо па крымінальнай справе (ч.1 арт. 342 КК — масавыя беспарадкі), затым дадалі да абвінавачанняў яшчэ і стварэнне «экстрэмісцкага фармавання».

Журналістка Яўгенія Доўгая кажа, што Арцём вельмі перажываў, калі затрымлівалі сяброў.

«1 верасьня 2020 года затрымалі сябра Арцёма Іллю Сянько за тое, што той трымаў плякат «Францкевіча і Гаеўскага-Ханаду катуюць у КДБ». Тады прайшла інфармацыя ад сваякоў, што хлопцаў катавалі электрашокерам. Самога Іллю пры затрыманні пабілі, вырвалі з носа пірсінг. Арцём Салавей прасіў тады перадаць перадачу для Іллі, бо ў самога не было з сабой пашпарта. Дык беларусы дапамаглі і сабралі яшчэ шмат смачнага для Іллі», — распавяла Яўгенія.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме: суддзя Алена Міснік задаволіла хадайніцтва пракурора Мікалая Рамановіча.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3