Фота: vk.com/krumkachy

Дулуб таксама мае славу праўдаруба і чалавека з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй: ён публічна выступаў за сумленныя выбары, асуджаў гвалт з боку беларускіх сілавікоў і выказваў салідарнасць з Украінай, якая пакутуе ад расійскага нападу. Цяпер трэнер «Львова» часова выехаў з Украіны, але чакае магчымасці вярнуцца ў свой клуб.

У вялікай гутарцы з «Нашай Нівай» Алег Дулуб распавёў, як футбольны (і не толькі) Львоў сустрэў вайну, што чакае беларускі спорт і чаму расійскія і беларускія спартоўцы самі заслужылі тыя санкцыі, што маюць зараз.

«Дагэтуль шкадую, што пакінуў Украіну»

— Калі вы з’ехалі з Украіны?

— Праз тыдзень пасля пачатку вайны.

 Цяжка прымалі рашэнне аб ад’ездзе?

— Яно атрымалася спантанным, бо не планаваў пакідаць Украіну. Як звычайна, прыйшоў на базу, і тут нам з Васілём Хамутоўскім [беларускім трэнерам брамнікаў «Львова»] паведамілі, што трэба тэрмінова з’язджаць, бо хутка беларускія войскі ўварвуцца ва Украіну. Калі б гэта здарылася, Еўрасаюз ужо б нас не прыняў на сваю тэрыторыю.

Меліся падставы давяраць гэтаму інсайду. У дадатак, мы ж бачылі, што адбываецца вакол нас. Нашым футбалістам-украінцам, напрыклад, трэба было прыйсці ў штаб тэрытарыяльнай абароны і зарэгістравацца. Мы спыталі: а што рабіць нам, іншаземцам? Людзі з клуба некуды пазванілі, пагутарылі і адказалі нам — тэрмінова з’язджайце. Хаця я дагэтуль шкадую, што пакінуў Украіну, бо там засталася каманда і там да мяне заўсёды добра ставіліся.

— Як з’язджалі?

— Нам дапамог клуб. Мы ехалі на машыне з беларускімі нумарамі, перад намі ішла машына суправаджэння з клуба, і на ўсіх блок-пастах мы ехалі па зялёным калідоры. На мяжы мы стаялі недзе шэсць гадзін ў пяцікіламетровай чарзе і бачылі ўсё тое, што там адбывалася.

— Што пакінула найбольшае ўражанне?

— Перш за ўсё, уразіла колькасць людзей. Мы правяралі загадзя чэргі на памежных пераходах, дык да дзвюх гадзін дня нідзе нікога не было: нуль машын, нуль бежанцаў. Але калі мы прыехалі, пачаўся вялікі паток людзей. У добрым сэнсе ўразіла тое, як быў зроблены сам пераход, як добра працавалі і ўкраінскія, і польскія памежнікі. З адваротнага боку мяжы, польскага, ва Украіну ехала вельмі шмат мужчын, якія хацелі яе абараняць.

Складана перадаць тое, што мы бачылі на падыходзе да мяжы. Пяцікіламетровая калона з жанчын і дзяцей, якіх суправаджалі мужчыны. Яны даводзілі жанчын з дзецьмі да мяжы і ішлі назад у бок Львова, каб абараняць сваю краіну.

Ужо ў Варшаве са мной здарыўся адзін выпадак. Прыехаў у свой гатэль каля аэрапорта, «усё ўключана». У мяне за спінай сеў пажылы мужчына, па ім было бачна, што ў чым быў, у тым і сышоў [з дома]. Той мужчына быў надта разгублены, нібыта ўпершыню трапіў у такі гатэль і не ведаў, што рабіць, знешне ён быў падобны да фермера. Да яго падыходзіць адміністратар, прапануе каву ці гарбату — ён не разумее. Клічуць дзяўчыну, якая ведае рускую мову, тая зноў прапануе яму каву ці гарбату. Той мужчына глядзіць на яе і кажа: «Я есці хачу». То-бок чалавека проста вырвалі з нармальнага для яго асяроддзя і кінулі за мяжу, мяне гэта вельмі ўразіла. Разумею, наколькі для яго гэта стрэс.

— Украіна была для вас домам?

— Напэўна, мог бы яе назваць другім домам, асабліва зараз, калі я ў другі раз прыехаў працаваць ва ўкраінскім чэмпіянаце. Стаўленне зараз да нас зусім іншае, бо людзі бачылі, як мы працавалі ў першы раз, у 2016-2017 гадах. Для нас стварылі максімальна камфортныя ўмовы — і бытавыя, і трэніровачныя. Зразумела, што ў працы бываюць розныя моманты. Але ж гэта футбол, нічога страшнага.

Фота: vk.com/krumkachy

Дадам яшчэ пра стаўленне людзей у горадзе, асабліва ў мой другі прыезд. Быў вельмі прыемна здзіўлены тым, што мяне пазнавалі ў Львове — падыходзілі, віталіся, зычылі поспехаў. Хаця большасць насельніцтва горада — балельшчыкі «Карпат» (клуб расфарміраваны ў 2021 годзе. — «НН»). Мо таму яны мяне і ведаюць, што ў 2016 годзе атрымалася падняць «Карпаты» з самага дна.

— Што цяпер са «Львовам»?

— Замежныя гульцы з’ехалі з краіны, а ўсе ўкраінцы ў Львове. Маюць абавязкі па працы ў тэрабароне, дапамагаюць разгружаць гуманітарную дапамогу. Пасля гэтай працы яны ўсе арганізавана трэніруюцца, ходзяць у трэнажорную залу, гуляюць у футбол.

— А вы самі зараз часта згадваеце футбол?

— Менш, чым раней. Зараз мяне больш цікавяць падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, бо гэта не чужая для мяне краіна і мне хацелася б, каб усё хутчэй скончылася.

«Тое, што я ўбачыў у Львове, мяне ўразіла да глыбіні душы»

— Якім для вас быў дзень 24 лютага?

— Памятаю вечар напярэдадні, мы з усім трэнерскім штабам вячэралі ў гатэлі і гутарылі пра гэтую сітуацыю з пагрозай расійскага ўварвання. Сыходзіліся ў меркаванні, што нармальны чалавек не можа ў такіх умовах пачаць вайну, бо выйграць яе немагчыма. Спакойна разышліся спаць, і недзе ў 5:30 атрымліваю званок на Вайбер. Хлопцы з Беларусі звоняць, пытаюцца: «Ты што, спіш? Дык у вас там вайна!»

Заходжу ў інтэрнэт, уключаю знакаміты зварот аднаго таварыша пра пачатак так званай аперацыі. Адразу ўспомніў словы з песні: «Ровно в четыре часа Киев бомбили, нам объявили, что началася война». Бо зварот жа выйшаў у пяць гадзін па Маскве, гэта чатыры гадзіны па Кіеве. Адразу ўбачыў шмат паралеляў з той вайной, з 41-м годам.

У 12 гадзін у нас быў сход, потым пагутарылі з кіраўніцтвам клуба. Гадзіны тры яшчэ пасядзелі на базе і паехалі назад у гатэль.

Фота: ФК «Львоў»

— Наколькі Львоў адчувае прыход вайны?

— Львоў — гэта тыл, а любыя баявыя дзеянні забяспечваюцца тылам. І тое, што я ўбачыў у гэтым горадзе, мяне ўразіла і ўзрушыла да глыбіні душы. Па-першае, пабачыў вялікія чэргі ў ваенкаматы. Мужчыны стаялі там, спрабавалі запісацца ў армію, а іх не пускалі: казалі, што вайсковыя часці ўкамплектаваныя і што пакуль не хапае зброі.

Праз пару дзён каля гэтых жа ваенкаматаў пачаўся збор рэчаў для бежанцаў, памятаю горы ежы, адзення. А яшчэ праз пяць дзён у Львове пачалі з’яўляцца першыя блок-пасты. Гэта было дужа нечакана: увечары ідзеш з базы — нічога няма, а раніцай ідзеш на базу — ужо блок-пост. Тым часам чэргі каля ваенкаматаў не знікалі, там стаялі натоўпы мужчын, што хацелі ехаць на Кіеў і абараняць яго.

Недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны мэр Львова абвясціў, што ўсе мужчыны ад 18 да 60 гадоў павінны зарэгістравацца для ўдзелу ў тэрабароне, у тым ліку і гульцы клуба.

— Як праводзілі час з пачатку вайны да ад’езду?

— Трэба было неяк абстрагавацца [ад вайны]. Абавязкова глядзеў навіны, у асноўным CNN і ўкраінскія каналы. Пачаў менш глядзець расійскія і беларускія каналы, асабліва пасля ўкідаў, звязаных з атакай на будынак Харкаўскай адміністрацыі, калі беларусы сказалі, нібыта ўкраінцы самі сябе ўзарвалі.

Справа ў тым, што я атрымліваю з розных крыніц інфармацыю пра тое, што насамрэч адбываецца ва Украіне. Адміністратар нашага клуба аказаўся ў Бучы, проста ў цэнтры баёў, замкнёны пад зямлёй. Ён расказваў, што там рабілі расійскія так званыя «вызваліцелі», і гэта мне нагадвае паводзіны фашыстаў падчас Другой сусветнай.

Дні тры таму была гісторыя пра хлопчыка, чыйго бацьку застрэлілі ў яго на вачах, самога хлопчыка паранілі, прычым стралялі яму ў галаву. Гэты хлопчык быў сябрам дачкі нашага адміністратара, ён ведае тое дзіця і яго бацькоў, што загінулі.

Недзе на другі-трэці дзень бамбёжак я пазваніў гэтаму адміністратару, і ён уключыў відэасувязь. Пабачыў, як там людзі сядзяць у бомбасховішчы, цяжка нешта пытацца ў чалавека ў такой сітуацыі. Добра казаў Макарэвіч пра тое, што тыя, хто ваяваў, не любяць гэта згадваць.

Таксама ў Бучы аказаўся адзін з нашых агентаў. Іншыя агенты знаходзіліся ў Харкаве і ў Запарожжы, і яны распавядалі, як там бамбяць дамы прамой наводкай — страляюць «Градамі», снарадамі і гэтак далей.

Пасля таго, як прааналізуеш усе гэтыя навіны, з усімі пагутарыш па тэлефоне, мы з Васілём Хамутоўскім ішлі на базу і займаліся там справамі. Ад усяго аб’ёму інфармацыі можна было з глузду з'ехаць, вельмі шмат негатыву. Бачыў узрушэнне людзей, ведаю, што ў нашага агента сын пасля бамбёжак пачаў заікацца і наколькі ў гэтага чалавека змянілася стаўленне да рускіх і беларусаў.

Фота: vk.com/krumkachy

— А вы самі адчулі на сабе нейкую дыскрымінацыю?

— Калі казаць пра Львоў, то не адчуў, бо там да мяне вельмі добра ставіліся. Адзіны мінус — праз некалькі сутак пасля пачатку вайны мне заблакавалі ўкраінскія карткі, прынялі рашэнне замарозіць рахункі рускіх і беларусаў. Я нармальна гэта ўспрыняў — маўляў, у краіне ідзе вайна, разбяруцца.

«Украінцы хутчэй памруць, але ніколі не будуць рабамі»

— Гэты час змяніў ваша ўяўленне пра ўкраінцаў?

— Толькі ў пазітыўны бок, я ўбачыў адзіную нацыю. Для іх гэтая вайна — нібыта Вялікая Айчынная вайна для Савецкага Саюза, людзі аб’яднаныя агульнай мэтай выйграць у гэтай вайне. Мяне ўразіла таксама і тое, як сябе павялі ўкраінскія спартоўцы, за рэдкім выключэннем яны ўсе аб’ядналіся. Андрэй Багданаў, футбаліст «Коласа», прыняў прысягу, узяў аўтамат і пайшоў ваяваць, ёсць і іншыя прыклады.

Да вайны ўкраінцы не былі асабліва аб’яднаныя вакол Зяленскага. Але як ён сябе пачаў паводзіць, калі пачалася вайна! Здаецца, крытычная сітуацыя, трэба сыходзіць, а ён кажа: не, я буду змагацца са зброяй у руках. І гэта перадалося народу, нацыя пачала аб’ядноўвацца вакол Зяленскага.

— Да Расіі цяпер ставіцеся па-іншаму?

— Так, стаўленне да яе вельмі пагоршылася. Так, як сябе паводзяць так званыя «вызваліцелі», людзі ў ХХІ стагоддзі не могуць сябе паводзіць. Яны знішчаюць цэлыя гарады разам з мірнымі жыхарамі проста праз тое, што гэтыя гарады рускамоўныя і што людзі не сустракаюць іх з хлебам і соллю. Але трэба разумець, што Украіна — гэта вольная краіна, і ўкраінцаў вельмі складана ператварыць у рабоў. Яны хутчэй памруць, але больш ніколі не будуць рабамі.

— Што думаеце наконт санкцый да беларускіх і расійскіх спартоўцаў?

— Увогуле не разумею, чаму гэтыя санкцыі выклікаюць абурэнне. Тыя, хто з імі не згодны, кажа: маўляў, спорт па-за палітыкай. Але хто прыдумаў гэтую фразу? Любы спорт хоць у малым маштабе, але ўсё-такі адлюстроўвае ўсе працэсы, што адбываюцца ў грамадстве. Успомнім Алімпіяду 1936 года ў Германіі. Для чаго яна была патрэбная немцам? Каб паказаць перавагу арыйскай расы. Алімпіяды ў Маскве, у Сочы служылі для таго, каб паказаць праз спорт перавагу Савецкага Саюза ці Расіі.

На мой погляд, краіна, якая ў ХХІ стагоддзі развязала вайну ў цэнтры Еўропы, павінна панесці пакаранне. Не кажу, што спартоўцы вінаватыя ў вайне, санкцыі ж датычацца не толькі спорту: сыходзяць сусветныя брэнды, банкам адключаюць SWIFT і гэтак далей. Спорт тут недзе на дзясятым месцы.

Фота: vk.com/krumkachy

Не думаю, што спорт знаходзіцца па-за палітыкай. Кожны спартовец — гэта грамадзянін сваёй краіны. У 2020 годзе, падчас пратэстаў, некаторыя занялі вельмі зручную пазіцыю: маўляў, мы займаемся выключна спортам і не лезем у палітыку. Але ж справа не ў палітыцы! Калі людзей забівалі ў 2020 годзе і калі людзей забіваюць зараз — гэта пытанне чалавечых адносінаў, а не палітыкі. Не кажам пра тое, за каго ты галасуеш — за чырвоных, жоўтых, белых ці зялёных, пытанне ў тым, ухваляеш ты забойства ці не.

Украіна даказала, што чым вышэйшы ўзровень у спартоўца, тым вышэйшы ў яго ўзровень разумення сваёй значнасці як асобы. Мне здаецца, тут усё звязанае.

«Самыя страшныя людзі на свеце — маўклівыя ціхоні»

— Беларускія спартоўцы падпісвалі праўладны ліст, расійскія спартоўцы наведвалі праўладныя мерапрыемствы. Усе яны заслужылі тое, што маюць зараз, тыя санкцыі?

— Для мяне тут адказ дакладны: так, заслужылі. Канешне, яны могуць сказаць: дык мы ж нічым такім не цікавіліся, мы проста трэніраваліся… Ведаеце, быў такі чэшскі пісьменнік Юліус Фучык, яго пакаралі смерцю нацысты ў 1944 годзе. Калі ён знаходзіўся ў турме, ён напісаў кнігу «Рэпартаж з пятлёй на шыі», дзе апісаў, што з ім адбывалася. Там ёсць добрыя словы, я іх вывучыў на памяць: «Не бойцеся ворагаў — яны могуць толькі забіць, не бойцеся сяброў — яны могуць толькі здрадзіць, бойцеся абыякавых людзей — менавіта з іх маўклівай згоды адбываюцца ўсе самыя жудасныя злачынствы на свеце».

Насамрэч, самыя страшныя людзі на свеце — гэта маўклівыя ціхоні. Я паважаю любую пазіцыю, але так разумею, што ў кожнага яна як мінімум павінна быць. Кожны чалавек унікальны, і ўсе роўныя перад Богам. Няма такога, каб нехта быў народжаны, напрыклад, прэзідэнтам — не, ты спачатку народжаны чалавекам, а потым ты ўжо трапляеш на выбарчую пасаду.

— Спорт у Беларусі зараз жывы?

— Фізкультура — так, жывая. Але прафесійны спорт — гэта спаборніцтвы з лепшымі атлетамі свету, і ўсе беларускія і расійскія спартоўцы будуць пазбаўленыя гэтай магчымасці. Таму спорт у гэтых краінах можа апусціцца да ўзроўню фізкультуры, калі ён патрэбны толькі для здароўя. Вось вы мне патлумачце, каму патрэбны беларускі спорт, ад якога пасля 2020 года адвярнуліся балельшчыкі і які зараз не мае выхаду на міжнародную арэну?

— Ідэолагам.

— Ідэалогія павінна дэманстраваць перавагу беларускай нацыі над іншымі. Але як ты яе прадэманструеш, калі ты не спаборнічаеш з лепшымі спартоўцамі? Ты не гуляеш супраць мюнхенскай «Баварыі», англійскага «Ліверпуля», ты гуляеш з камандамі ўзроўню «Смалявічаў» ці «Мікашэвічаў». Гэта ўзровень чэмпіянату КФК — калектываў фізічнай культуры. Якая тут ідэалогія? Яна губляецца.

Фота: vk.com/krumkachy

Яны кажуць: здыміце з нас бан, і мы пакажам, што тут ёсць добрыя спартоўцы. Але бан не здымуць, і ты будзеш далей варыцца ў сваім саку. Ёсць добрая фраза: для таго, каб быць ільвом, трэба спаборнічаць з ільвамі — не з катамі, не з мышамі, а з ільвамі! У дадзеным выпадку львы — гэта лепшыя спартоўцы з усяго свету, і калі ты гуляеш з імі, ты робішся лепей.

— «Крумкачы», з якімі для вас шмат звязана, хутка пачынаюць сезон у другой лізе. Сочыце за падзеямі вакол клуба?

— Калі з’ехаў у Львоў, перастаў сачыць за камандай. Па ўсіх паказчыках яна была мацнейшая ў першай лізе, але было ясна, што гэтаму народнаму клубу ў сучасных палітычных умовах будзе вельмі цяжка выйсці ў вышэйшую лігу.

— Верыце ў будучыню гэтага брэнда?

— «Крумкачы» — гэта народная каманда. Яна ўжо аднойчы паўстала з попелу, калі яе спрабавалі знішчыць, але дух застаўся такім жа і балельшчыкі нікуды не сышлі. Трэба разумець, што футбол існуе для балельшчыкаў, каб футбалісты гулялі і пры гэтым стадыёны запаўняліся.

У 2020 годзе я бачыў у беларускім футболе толькі адзін поўны стадыён — калі «Крумкачы» гралі ў Кубку з мінскім «Дынама».

Тое, як балеюць за «Крумкачоў», падобнае да таго, як падтрымліваюць клубы ў Заходняй Украіне, калі на матчы прыходзяць сем’ямі, калі людзі з камандай і ў радасці, і ў горы. Вельмі хацеў бы, каб «Крумкачы» захаваліся і адрадзіліся, думаю, так і будзе — магчыма, нават на новым, больш якасным узроўні.

— А ў будучыню Беларусі верыце?

— Так, веру. Таварышы, якія зараз там у руля, прыходзяць і сыходзяць. Спадзяюся, што краіна хутка будзе вольнай.

— Робіце зараз нейкія планы на жыццё?

— Так, спрабую зразумець, як трэніраваць каманду, калі адновіцца чэмпіянат Украіны. Думаю, у нас будзе толькі пару тыдняў на трэніроўкі і тое, каб аднавіць хаця б частку кандыцый.

— Ёсць шансы, што чэмпіянат хутка адновіцца?

— Вельмі на гэта спадзяюся. Трэба разумець, што ў любой краіне футбол — гэта больш, чым від спорту. У той жа Іспаніі ў часы Франка спрабавалі адрадзіць футбол, каб паказаць, што ў краіне ўсё нібыта нармальна. Думаю, першае, што зробіць Украіна, калі ўсё хоць трохі наладзіцца, — гэта адновіць нацыянальны чэмпіянат.

Калі пачалася вайна, я пашукаў інфармацыю пра тое, калі аднавіўся чэмпіянат Савецкага Саюза пасля Вялікай Айчыннай. Дык вось, першы матч прайшоў 13 мая 1945 года, праз некалькі дзён пасля заканчэння вайны. Вось і ўсё.

Сэрца гэтага гульца спынілася на Чэмпіянаце Еўропы па футболе. Вось што з ім цяпер

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
32
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру