Згодна са зменамі ў закон, да ліку грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, дадаліся эмігранты, у тым ліку працоўныя, якія знаходзяцца не ў Беларусі больш за 30 дзён запар. Раней са спісу «дармаедаў» выключалі тых, хто мог пацвердзіць факт працы за мяжой. Прычым не мела значэння, дзе вы працавалі.

«Цяпер, калі чалавек проста знаходзіцца за мяжой, не важна, працуе ён там ці вучыцца, то ён будзе аплачваць па поўным кошце. Выключэнне тычыцца толькі краін, што ўваходзяць у ЕАЭС.

Калі вы паехалі на працу ўмоўна ў Расію, усё будзе як і раней. Вы пацвярджаеце, што там працуеце, дасылаеце дамову камісіі і яна не ўключае вас у спісы плацельшчыкаў. Калі вы паехалі ў Польшчу, то не мае значэння, чым вы займаецеся, калі адсутнічаеце больш за 30 дзён», — патлумачылі на гарачай лініі Мінпрацы і сацабароны.

Нягледзячы на тое, што сама пастанова была прынятая 25 сакавіка, улік грамадзян, якія трапляюць пад дзеянне абноўленага закона, вядзецца ўжо з 1 сакавіка.

Выходзіць, што калі беларус (уласнік жылля) з'ехаў у краіну, якая не ўваходзіць у ЕАЭС, і знаходзіцца там больш за 30 дзён запар, то незалежна ад таго, чым ён там займаецца, ён патрапіць у спісы. 

«Калі менш за 30 дзён — напрыклад, вернецеся, пабудзеце і назад з'едзеце, — у такім выпадку ніякіх прэтэнзій да вас не будзе», — удакладнілі на гарачай лініі.

Падачай звестак пра грамадзян, што выехалі за межы Беларусі, будзе займацца Дзяржаўны пагранічны камітэт. Ён мусіць перадаваць інфармацыю ў Міністэрства працы і сацабароны штомесяц.

Камуналку па поўнай не будуць спаганяць, калі грамадзянін выехаў з пастаяннага месца жыхарства на тэрмін больш за 10 дзён, напрыклад, на лячэнне. Каб скарыстацца такой «зніжкай», вам неабходна загадзя папярэдзіць службы ЖКГ пра свае намеры затрымацца за мяжой.

Клас
3
Панылы сорам
89
Ха-ха
18
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
36