На 22‑23 жніўня ў Лагойску запланаваны чарговы піўны фестываль.

Такія самыя мерапрыемствы адбываюцца у многіх краінах свету, напрыклад, у Германіі, з якой і бяруць прыклад арганізатары айчыннага шоу. Але ў Беларусі, дзе алкагалізацыя набыла памер нацыянальнага бедства, сітуацыя выглядае двухсэнсоўнай.

Прадаць, і паболей

Інтарэс півавараў зразумелы. Іх мэта — прадаць як мага больш свайго тавару. Дазвол на распаўсюджанне алкагольных напояў на масавых мерапрыемствах ёсць, значыцца, трэба выкарыстаць гэтую магчымасць з размахам. За два дні на шоу чакаецца каля 15 тысяч чалавек. Піва будзе ліцца ракой.

— Білет для непаўналетніх будзе каштаваць 5 тысяч рублёў,— тлумачаць карэспандэнту «НН» арганізатары. — Але піва яны купіць не змогуць!

Прадавацца будзе тое самае піва, што і ў крамах. Толькі шмат, і ў адным месцы.

Няўжо міліцыя верыць, што для падлетка будзе праблемай «заліцца» пад шумок у натоўпе нават з пяці тысяч чалавек?

Ніхто не супраць

Да вясны наступнага года рыхтуецца канчатковая забарона распівання слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах. А тут выходзіць, што ні Міністэрству ўнутраных справаў, ні, зрэшты, Міністэрству аховы здароўя «Кубак піва» не надта цікавы.

Уладзімір Максімчук, які часова займае пасаду галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя, здаецца, упершыню пачуў навіну пра алкагольны фестываль ад «НН»:

— А калі ён будзе? Мы пра гэта нічога не ведаем. Ну, напэўна, усё ўжо вырашана на самым высокім узроўні.

Сапраўды, як з гонарам расказваюць арганізатары, згоду на правядзенне мерапрыемства далі прэзідэнт А.Лукашэнка і кіраўнік Мінскай вобласці Л.Крупец.

Культура піцця

— Не трэба баяцца росту спажывання піва, — пераконвае кіраўнік аргкамітэта фестывалю Уладзімір Нерозя. — Трэба развіваць у Беларусі культуру піцця.

За першае паўгоддзе 2009 года кожны беларус набыў алкагольных напояў на 240 тысяч рублёў.

На яго думку, піва ў краіне прадаецца зусім няшмат. Медыкі лічаць інакш. Як паведамляюць у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, з 1995 года аб’ё¬мы продажу піва павялічыліся ў 2,01 раза, а аб’ём ужывання спіртовых напояў — з 6,7 да 11,6 літраў абсалютнага алкаголю на чалавека. Па іх падліках, рост узроўню продажу алкаголю на 1 літр прыводзіць да росту захворвання алкагольнымі псіхозамі на 22%, а агульнай смяротнасці на 2,6%.

Ягор Марціновіч

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна