У Пентагоне адзначылі, што на працягу мінулых сутак невялікі працэнт расійскіх войскаў пад Кіевам пакінуў свае пазіцыі.

Нагадаем, пасля перамоваў у Стамбуле, расійскі бок заявіў, што скарачае ваенную актыўнасць на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамку.

«Некаторыя з гэтых войскаў, па нашых ацэнак, перадыслакуюцца ў Беларусь. У нас няма дакладнай колькасці, але ніхто з іх не вярнуўся ў месца пастаяннай дыслакацыі. Калі расіяне сур'ёзна ставяцца да дээскалацыі, як яны гэта называюць, то яны павінны адправіць іх дадому», — сказаў Кірбі.

На думку Пентагона, батальённа-тактычныя групы, якія адышлі з Кіева, папоўняць расійскія сілы на іншых напрамках. Пры гэтым прэс-сакратар ведамства падкрэсліў, што групоўка пад Кіевам застаецца вялікай.

Акрамя таго, неназваны прадстаўнік Мінабароны ЗША паведаміў французскаму агенцтву AFP, што расійскія войскі пачынаюць сыходзіць з тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС.

У той жа час украінскі Генштаб сёння заявіў, што расійскія войскі пачалі выкарыстоўваць аэрапорт Брэста для абстрэлаў Украіны. Раней украінскі бок, краіны Захаду і грамадзяне Беларусі фіксавалі выкарыстанне расійскімі войскамі аб’ектаў вайсковай і авіяцыйнай інфраструктуры ды шпіталёў у Лунінцы, Баранавічах, Гомелі, Бабруйску, пад Мінскам, у Калінкавіцкім, Мазырскім, Рэчыцкім, Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
7