Пасля ўварвання Расіі ў канцы лютага кум Пуціна Віктар Медвядчук збег са свайго маёнтка ў Кіеве. Ён павінен быў там сядзець пад хатнім арыштам па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе, але цяпер украінскія праваахоўнікі не ведаюць, дзе ён. Для вышуку Віктара Медведчука ва Украіне стварылі асобную групу праваахоўнікаў, якія правяраюць усе месцы, дзе можа хавацца кум Пуціна. Але пакуль што не знайшлі.

Тым часам журналісты выдання «Слідство.Інфо» раней ужо пабывалі ў ягоным палацы пад Кіевам, дзе знайшлі «залаты вагон». Цяпер яны прыехалі ў іншую велізарную рэзідэнцыю Медведчука — на Закарпацці, у сяле Ждэніева.

Пра гэтую рэзідэнцыю шмат пісалі ўкраінскія журналісты цягам апошніх гадоў — усе спрабавалі разгадаць, што ж хавае там кум Пуціна. Цяпер можна пабачыць, чым атачыў сябе прарасійскі палітык, які славіцца сваёй любоўю да каштоўных рэчаў.

Тэрыторыя настолькі вялікая, што яе цяжка абысці за адзін дзень. Там ёсць некалькі дамоў, сажалкі і нават адгароджаная плотам горная рака.

Галоўны дом — гэта шматпавярховы драўляны палац. У ім некалькі ўваходаў.

На першым паверсе пад ахоўнай плёнкай стаіць чырвоны савецкі аўтамат «Газаваная вада». За тры капейкі (верагодна, таксама савецкія) тут можна выпіць «сіроп сітро» або «сіроп Бураціна», за адну капейку — ваду без сіропу.

Масіўная драўляная лесвіца вядзе ў вітальню. Тут ёсць карціны, шматметровыя люстры і, вядома, залатыя элементы дэкору. Каля канапаў стаіць вялікі камін з зялёнага мармуру, цёмнага дрэва і пазалоты. На ім надпіс на латыні, які перакладаецца «Поспех спрыяе смелым».

Побач з камінам вісіць серабрысты дыскашар.

Некаторыя элементы дэкору, як, напрыклад, аленевыя рогі, да гэтага часу ўпрыгожаныя навагоднімі шарыкамі і гірляндамі. Магчыма, тут святкавалі Новы год і да гэтага часу не прыбралі святочныя ўпрыгожанні.

Усе мэбля накрытая абрусамі і чахламі, каб на іх не сядаў пыл, пакуль гаспадар у ад'ездзе.

Крыху далей стаіць настольны гадзіннік ад іспанскага брэнда раскошы Soher. Кожны такі гадзіннік робіцца на замову, цана залежыць ад таго, з бронзы альбо з золата. Цана на мадэлі такога тыпу стартуе ад 300 тысяч грыўняў (каля 10 000 даляраў).

Таксама ў доме ёсць ліфт, які едзе на верхнія паверхі, калі лянота карыстацца лесвіцай. Ён разлічаны на шэсць чалавек.

У глыбіні драўлянага палаца — басейн і джакузі. Адсюль адкрываецца панарамны від на лес і горы. Тут жа размешчаная спартзала з трэнажорамі і бегавымі дарожкамі, а таксама масажны кабінет, спа-зона і асобная саўна.

У драўляным палацы вельмі шмат футра. Ледзь не кожная канапа, стол або крэсла стаяць на вялікім кавалку лісінага футра. Страшна ўявіць, колькі жывёл было забіта дзеля гэтага элемента інтэр'еру.

Пасярод вітальні стаіць цацачная чыгунка. Падобна на тое, што ў Віктара Медведчука нейкая асаблівая любоў да цягнікоў. У рэзідэнцыі ў Пушчы-Вадзіцы — «залаты вагон», у Закарпацці — чыгунка ў мініяцюры.

Акрамя галоўнага палаца, на тэрыторыі рэзідэнцыі ёсць яшчэ адзін велізарны дом — яго называюць «гасцявым». Да яго можна прайсці праз невялікі вадаспад.

У гэтым доме для гасцей ёсць некалькі абедзенных залаў, зонаў для адпачынку і спальных пакояў. Асаблівую ўвагу тут надалі мармуру — амаль усё аздобленае ім, асабліва ванныя пакоі.

Падымаемся трохі вышэй і бачым на сцяне карціну з бурштыну.

Паўсюль вельмі шмат аленевых рагоў: на сценах, на люстрах і нават пад столлю. Дзе-нідзе вісяць шкуры бурых мядзведзяў.

З «гасцявога» доміка адкрываецца від на прасторы рэзідэнцыі Медведчука — іх памер дасягае больш за 120 гектараў. Але звычайныя ўкраінцы сюды трапіць ня могуць, таму што тэрыторыя схаваная за высокім плотам і ахоўваецца ад лішніх вачэй.

Чытайце таксама:

Побач з палацам Медведчука знайшлі яго раскошны вагон-рэстаран ШМАТ ФОТА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру