— Паступіла прапанова ўзначаліць Тэатр юнага гледача. Я яе цяпер разглядаю, — заявіла Палякова.

Цяпер у Тэатры юнага гледача якраз вакантная пасада дырэктара — мастацкага кіраўніка, у студзені быў звольнены Уладзімір Савіцкі.

Мяркуючы па інтэрв'ю, рашэнне Палякова ўжо прыняла. Наконт Тэатра-студыі кінаакцёра, у штаце якога яна знаходзіцца, актрыса заявіла, што адбудзецца «прыгожае завяршэнне супрацоўніцтва з тэатрам».

Таксама Палякова заявіла аб планах па пераўтварэнні ТЮГа.

— Я не прыходжу разбураць тое, што ў тэатры было да мяне. Мне б хацелася падняць ўзровень тэатра. Мне хацелася, каб у тэатры хадзіў глядач. Самая вялікая праблема, што глядач не наведвае гэты тэатр. Чаму— будзем разбірацца. (…) У маіх сілах зрабіць, каб Тэатр юнага гледача стаў самым вядомым у краіне — пасля «ТрыТфармаТ (прыватны праект Паляковай), — заявіла яна.

Пры гэтым актрыса паведаміла пра адмову ад працы тэатра выключна на беларускай мове.

— Гэта будзе не толькі беларускамоўны тэатр? Будуць пастаноўкі на рускай? — спыталі ў яе журналісты.

— Безумоўна. У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы. Упірацца толькі ў беларускую мову — гэта губляць частку гледачоў, гасцей горада.

Бо да нас прыязджаюць госці, тыя ж расіяне, якія, на жаль, не ведаюць беларускай мовы. Чаму мы губляем гэтага гледача?

У нас ёсць Купалаўскі, які працуе толькі на беларускай мове. Тэатр рэспубліканскай драматургіі (РТБД), які працуе толькі на беларускай мове. <…>. Мы гэтым самым збядняем. Я лічу, спектаклі павінны быць на дзвюх мовах: і на беларускай, і на рускай. Тады ў тэатра ёсць камерцыйная гісторыя. < … > Дзяржава заўсёды працягне нам руку дапамогі, але мы не павінны сядзець на гэтай прышчэпцы. Мы павінны навучыцца самі зарабляць грошы. Мне здаецца, мы самі ад гэтага будзем ганарыцца, што зможам самі зарабляць грошы, — выказала сваё меркаванне Палякова.

У Беларусі дзейнічаюць 29 прафесійных тэатраў. З іх выключна на беларускай мове на гэты момант працуюць усяго шэсць: Купалаўскі, РТБД, ТЮГ, Коласаўскі і Беларускі тэатр «Лялька» (абодва апошнія знаходзяцца ў Віцебску), а таксама Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра «Зніч».

Вясной гэтага года ў Тэатры юнага гледача па матывах серыі кніг «Піянеры-героі» паставілі спектакль «Час выбраў іх». Ён ідзе на рускай мове. Але ўсе астатнія спектаклі тэатра паказваюцца на беларускай.

Калі ідэя Паляковай будзе рэалізаваная, у нашай краіне застануцца ўсяго пяць тэатраў, якія працуюць на беларускай мове.

Клас
1
Панылы сорам
38
Ха-ха
3
Ого
Сумна
22
Абуральна
21

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру