Украінскія салдаты нясуць па разбураным мосце ў Ірпені цела мірнага грамадзяніна, забітага расійскімі войскамі, 31 сакавіка. Фота: АР

Украінскія салдаты нясуць па разбураным мосце ў Ірпені цела мірнага грамадзяніна, забітага расійскімі войскамі, 31 сакавіка. Фота: АР

На працягу гісторыі бакі, што перамагалі ў вайне, часта прымушалі пераможаных агрэсараў сплачваць ім рэпарацыі. Часам яны нават пагражалі ўплываць на неплатнікаў сілай — так было, напрыклад, у выпадку з Германіяй пасля абедзвюх сусветных войнаў.

Але ж вайна ва Украіне — іншая рэч. Нават калі Расія вырашыць вывесці свае войскі, Украіна не здолее прымусіць яе пакрыць шкоду, нанесеную падчас атак на Харкаў, Херсон, Марыупаль і іншыя ўкраінскія гарады.

Тым не менш, ёсць спосаб, як прымусіць Крэмль плаціць. Пасля пачатку расійскага ўварвання ЗША працавалі разам з замежнымі партнёрамі над замарозкай суверэнных актываў расійскага ўрада, а таксама асабістага афшорнага капіталу Пуціна, яго дарадцаў і расійскіх алігархаў. Сярод гэтых замарожаных актываў ёсць рэзервы расійскага Цэнтрабанка, асабістыя банкаўскія рахункі, аб’екты нерухомасці і люксавыя яхты, раскіданыя ва ўсім свеце. Агульны кошт усяго гэтага багацця складае сотні мільярдаў даляраў — значная сума, якую можна выкарыстаць на адбудову Украіны.

З улікам гэтай магчымасці Алег Усценка, эканамічны саветнік Зяленскага, і амерыканскі эканаміст Сайман Джонсан выступілі за тое, каб ЗША і іх партнёры канфіскавалі расійскія замарожаныя актывы і неадкладна накіравалі іх на дапамогу Украіне. Іншыя аналітыкі падтрымліваюць гэтую ідэю.

Такая прапанова можа выглядаць добра з эканамічнага і гуманітарнага пункту гледжання, але ў палітычным і юрыдычным сэнсе да гэтай ідэі ёсць пытанні. Перадача расійскіх актываў Украіне — недапушчальны крок, бо ён пазбавіць міжнародную супольнасць аднаго з нешматлікіх інструментаў ціску на Расію, які можа дазволіць прымусіць яе спыніць ваенныя дзеянні. Пакуль што замарозка актываў не надта паўплывала на паводзіны Пуціна, але ў будучыні гэты факт можа спрацаваць на карысць міру ў перамоўным працэсе.

Не менш важна і тое, што канфіскацыя расійскіх актываў парушыць міжнароднае права. Яно дазваляе ЗША і іх саюзнікам замарожваць расійскія актывы толькі пры ўмове, што яны будуць знаходзіцца ў бяспецы і што пазней Расія здолее атрымаць да іх доступ, калі Крэмль пачне выконваць свае міжнародныя абавязкі. Калі ж актывы перададуць Украіне, гэта будзе незаконная экспрапрыяцыя — крок, які наўрад ці дэманструе павагу да міжнароднага права.

Як рэпарацыі паспрыяюць павышэнню ціску на Расію

Але ж ёсць яшчэ адзін варыянт: ЗША і саюзнікі могуць адмовіцца размарожваць актывы да таго часу, пакуль Пуцін не заплаціць кампенсацыю. Згодна з міжнародным правам, Расія павінна пакрыць шкоду, нанесеную Украіне сваім уварваннем, і ёсць некалькі варыянтаў таго, як Крэмль можа гэта зрабіць. Можна правесці перамовы, падчас якіх будзе абмеркаваная сума, якую Расія выплаціць Украіне, ці заснаваць двухбаковы трыбунал, які будзе вывучаць іскі з боку мірных людзей — такі, напрыклад, які займаўся наступствамі ўварвання Ірака ў Кувейт на пачатку 1990-х.

Пакуль выглядае, што сусветныя лідары ў спробах спыніць расійскую агрэсію больш абапіраюцца на санкцыі, чым на замарозку актываў, але ж на сёння санкцыі не спынілі Пуціна. Больш за тое, калі Украіна і Расія дасягнуць мірнага пагаднення, патрэба ў санкцыях знікне, і тады Расія здолее пазбегнуць сур’ёзнай адказнасці.

Калі ж свет сканцэнтруецца на пытанні рэпарацый, гэта павялічыць моц уплыву на Расію. ЗША і саюзнікі павінны паслаць Расіі сігнал: чым больш шкоды Масква нанясе Украіне, тым большымі будуць тыя рэпарацыі, якія Расія будзе вымушаная сплаціць, калі пажадае пазбавіцца ад санкцый. Такая сувязь прымусіць Расію адмовіцца ад масіраваных ракетных абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Беларусь могуць прызнаць агрэсарам нароўні з Расіяй. Ці давядзецца тады плаціць рэпарацыі?

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
41
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1