Фота: АР

Не адказваць на ўдар, а «ізаляваць»

У 2016 годзе Рада нацыянальнай бяспекі ЗША, ключавы кансультатыўны орган пры амерыканскім прэзідэнце па сілавой праблематыцы, правёў ваенную гульню, якая мадэлявала напад Расіі на адну з краін Балтыі. Падрабязнасці выкладзены ў кнізе журналіста Фрэда Каплана «The Bomb: Presidents, Generals And The Secret History Of Nuclear War».

Па сцэнары сілы НАТА паспяхова супрацьстаяць уварванню, перамагаючы «на зямлі», і тады Крэмль наносіць удар ядзернай зброяй малой магутнасці (яе таксама называюць тактычнай ядзернай зброяй) па жывой сіле праціўніка альбо па ваеннай базе ў Германіі, дзе размяшчаюцца беспілотнікі, баявая авіяцыя або боепрыпасы.

Спачатку дыскусія пайшла ў рэчышчы непазбежнага адказу: якія віды ядзернай зброі і па якіх мэтах варта ўжыць. Але тагачасны дарадца віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна па пытаннях бяспекі Колін Кэл, цяпер намеснік міністра абароны па ваенна-палітычных пытаннях ужо пры прэзідэнце Байдэне, павярнуў абмеркаванне ў зусім іншы бок.

Яго логіка заключалася ў наступным: выкарыстанне ядзернай зброі ўпершыню з 1945 года стане паваротным момантам у гісторыі і рэдкім шанцам аб'яднаць супраць Расіі ўвесь свет, «ізаляваць» краіну і дамагчыся істотнага аслаблення яе эканомікі і ўзброеных сіл.

Наадварот, ядзерны ўдар у адказ «нармалізуе» ядзерную зброю як інструмент вядзення баявых дзеянняў і ў любым выпадку не дазволіць хутчэй і з меншымі стратамі завяршыць канфлікт на карысць альянсу.

Пасля шматгадзінных спрэчак і грамадзянскія, і ваенныя члены камітэта (у іх ліку былі намеснік старшыні Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Пол Селва і галоўнакамандуючы Аб'яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе Філіп Брыдлаў) сышліся на тым, што прынамсі першым крокам у адказ стануць канвенцыянальныя сілы і сродкі, а не ядзерная атака.

Ударыць у адказ, не па Расіі

Праз месяц той жа сцэнар ваеннай гульні разыгралі ўжо сярод камітэта кіраўнікоў Рады нацыянальнай бяспекі ЗША. Як і ў першы раз, прапанова генералаў перайсці да выбару мэтаў для ўдару ў адказ аспрэчылі з тымі ж аргументамі: меры неваеннага ўздзеяння (санкцыі, разрыў адносін, гандлёвая блакада) нанясуць несувымерна большую шкоду суперніку.

Пры гэтым міністр абароны Эштан Картэр заявіў, што пры такім развіцці падзей разбурыцца ўся глабальная архітэктура бяспекі, пабудаваная на вайсковых саюзах на чале з ЗША, перш за ўсё, Паўночнаатлантычны альянс, паколькі вера партнёраў у амерыканскія гарантыі пабудаваная на безумоўным пастулаце аб здольнасці і рашучасці Вашынгтона нанесці ўдар у адказ у выпадку прымянення варожымі рэжымамі ядзернай зброі.

Намеснік дзяржсакратара, а цяпер дзяржсакратар Энтані Блінкен тады адмовіўся заняць чый-небудзь бок.

Як бы там ні было, члены камітэта перайшлі да пытання: калі і ўжываць ядзерную зброю, то куды яе накіраваць? Прапанова ўдарыць па Калінінградскай вобласці не знайшла падтрымкі, паколькі гэта тэрыторыя Расіі, а значыць, у адказ на амерыканскі ўдар Масква можа атакаваць тэрыторыю ЗША. Варыянт з атакай па УС РФ у краіне Балтыі, якая па легендзе падверглася нападу, таксама адкінулі з-за пагрозы празмерных ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва дзяржавы-члена НАТА.

Большасць удзельнікаў у выніку падтрымалі кампраміс — ядзерны ўдар па бліжэйшым саюзніку Расіі — Беларусі, хоць па сцэнары ваеннай гульні краіна не прымала ніякага ўдзелу ў расійскім ўварванні (у адрозненне ад таго, што мы назіраем у ходзе бягучай ваеннай кампаніі ва Украіне).

Такім чынам, на больш высокім узроўні ўнутры Рады нацыянальнай бяспекі ЗША ядзерны ўдар у адказ палічылі неабходным, але не з пункту гледжання ваеннай мэтазгоднасці, а па прычынах палітычнага характару — як пацвярджэнне пераканаўчасці Амерыкі як глабальнага цэнтра сілы ў сітуацыі крытычнай пагрозы светапарадку, які склаўся.

Абмежаваная ядзерная вайна

У 2020 годзе, ужо пры прэзідэнце Дональдзе Трампе Мінабароны ЗША падзялілася падрабязнасцямі ваеннай гульні, якая мадэлюе напад Расіі з дапамогай тактычнай ядзернай зброі на амерыканскі ваенны аб'ект у Еўропе.

Амерыканскае стратэгічнае камандаванне, якое аб'ядноўвае сілы ядзернага стрымлівання, супрацьракетнай абароны і ваенна-касмічныя сілы, у часе кансультацый з міністрам абароны і прэзідэнтам у канчатковым выніку вырашылася на абмежаваны ядзерны адказ. Паколькі літаральна за тыдзень да гэтага Пентагон справаздачыўся аб пастаноўцы на баявое дзяжурства маламагутных ядзерных боепрыпасаў W76-2 для балістычных ракет падводных лодак (БРПЛ) Trident, эксперты прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе менавіта аб іх ужыванні.

Пры адміністрацыі Трампа тактычная ядзерная зброя тыпу баявога блока W76-2 лічылася найбольш прыдатным варыянтам рэагавання на не-стратэгічную расійскую ядзерную агрэсію. Паміж опцыямі зусім не адказваць і адразу ж актываваць сілы ядзернага стрымлівання — тактычныя ядзерныя БРПЛ сапраўды выглядаюць адэкватным і ўмераным рашэннем.

Зрэшты, ёсць адзін нюанс. Як адзначае той жа Фрэд Каплан, на выпушчаных з амерыканскіх падлодак БРПЛ не будзе напісана, што яны нясуць маламагутны ядзерны зарад, таму ў Маскве папросту могуць вытлумачыць пуск як першую хвалю стратэгічнага ракетнага нападу і ў адказ ударыць міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі па ЗША, справакаваўшы тым самым поўнамаштабную ядзерную вайну.

Чаго ж нам чакаць

На Захадзе дапускаюць, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін звернецца да зброі масавага знішчэння (хімічнай або тактычнай ядзернай зброі) у выпадку, калі расійскія войскі вычарпаюць канвенцыянальныя магчымасці да таго, як здолеюць дамагчыся рашучага поспеху на ўкраінскім тэатры ваенных дзеянняў, тым больш што санкцыі ўсё мацней б'юць па эканоміцы краіны, а ўнутрыпалітычныя выдаткі ад працягу баявых дзеянняў растуць.

Сапраўды, сёння шанцы на сапраўдную ядзерную вайну, верагодна, на самым высокім узроўні з часоў Карыбскага крызісу. Тое, што адбываецца ва Украіне, паказвае, што Пуцін прымае важныя рашэнні на аснове зусім няслушных уяўленняў аб рэальным становішчы рэчаў. І гэта, безумоўна, павышае рызыку ядзернай эскалацыі.

З іншага боку, перамоўны працэс паміж Расіяй і Украінай, а таксама публічныя заявы аб зніжэнні ваеннай актыўнасці УС РФ па меншай меры на двух аперацыйных напрамках ва Украіне хутчэй сведчаць на карысць рэалізацыі дээскалацыйнага сцэнара.

У любым выпадку, два з трох разгледжаных варыянтаў ваенных гульняў, праведзеных на высокім урадавым узроўні ў ЗША, прадугледжваюць ядзерны адказ на прымяненне Масквой ядзернай зброі, а адсюль рукой падаць да самага горшага. Наколькі можна судзіць, пакуль ні адзін з зацікаўленых бакоў канфлікту ва Украіне да гэтага не гатовы.

Клас
10
Панылы сорам
27
Ха-ха
5
Ого
32
Сумна
49
Абуральна
25

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру